Брэст: Зацверджаны спіс месцаў для агітацыі парушае правы кандыдатаў у прэзідэнты
Такое меркаванне выказаў праваабаронца Раман Кісляк, каментуючы рашэнні адміністрацый Маскоўскага і Ленінскага раёнаў Брэста, якімі вызначаны месцы для перадвыбарчай агітацыі па-за памяшканнямі падчас цяперашняй выбарчай кампаніі.
У прыватнасці, праваабаронца згадаў артыкул 25 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які прадугледжвае права абіраць і быць абраным на роўных падставах. "Але гэта права груба парушаецца падобнымі дакументамі брэсцкіх уладаў: у больш чым 300-тысячным горадзе яны вылучылі толькі некалькі пляцовак для сустрэч з прэтэндэнтамі, прычым гэтыя пляцоўкі знаходзяцца ў нешматлюдных месцах, - лічыць Раман Кісляк. - Атрымліваецца, што адным кандыдатам дазволена сустракацца з выбаршчыкамі толькі ў "рэзервацыях", а іншым - у любым месцы, карыстаючыся сваім службовым статусам ".
Праваабаронца не выключыў, што такія рашэнні мясцовых уладаў могуць стварыць канфліктныя сітуацыі і прапануе перагледзець падобныя рэгламентуючыя дакументы, як гэта ўжо адбывалася пры вызначэнні месцаў, дзе забаронена збіраць подпісы за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"