Лазавік: у ПАРЭ накіравалі "паклёп і дыскрэдытацыю"
18 лістапада ў Парыжы на паседжаньні Палітычнага камітэту
Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) будзе абмяркоўвацца сытуацыя ў
Беларусі. У пасяджэньні возьмуць удзел прадстаўнікі беларускіх уладаў і
апазыцыі.
На пасяджэньні выступіць дакладчык ПАРЭ па Беларусі Сініка Хурскайнэн, якая ў
жніўні наведвала Беларусь з азнаямленчым візытам. Затым чакаецца дыскусія з
удзелам старшыні камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Савету
Рэспублікі Беларусі Яўгена Сьмірнова, карэспандэнта дзяржаўнай "Народнай
газэты" Андрэя Бабка, кандыдата ў прэзыдэнты, сустаршыні Беларускай
хрысьціянскай дэмакратыі Віталя Рымашэўскага і намесьніка старшыні Беларускай
асацыяцыі журналістаў Андрэя Аляксандрава.
Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік выказаў абурэньне на адрас праваабаронцаў,
якія "перадалі ў
ПАРЭ інфармацыю, якая не адпавядае рэчаіснасьці і патрабаваньням заканадаўства".
"Гэта інфармацыя, якая стала ўжо прадметам абмеркаваньня ў ПАРЭ, і
якая па сутнасьці дыскрэдытуе нашу выбарчую сыстэму, яна ня толькі ня мае
юрыдычнай падставы, а зьяўляецца сапраўдным паклёпам на нашу выбарчую
сыстэму".
Мікалай Лазавік прывёў прыклад. Паводле праваабаронцаў, назіральнікі не
дапускаліся да праверкі подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты і гэтым
самым іх правы абмяжоўваліся. Мікалай Лазавік заяўляе, што назіральнікі ў
раённыя камісіі накіроўваюцца на пасяджэньні, а назіраньне за падрыхтоўкай
матэрыялаў для пасяджэньняў ня ўключана ў пералік дзеяньняў назіральнікаў.
Камэнтуючы гэта, праваабаронца Валянцін Стэфановіч адзначыў:
"Мы лічым, што ўключана, што артыкул 13-ы, які ўтрымлівае пералік правоў назіральнікаў, не зьяўляецца вычарпальным. Бо
вычарпальным зьяўляецца тое, што назіральнік ня можа рабіць. Таму калі
працэдура праверкі подпісаў прапісана ў выбарчым кодэксе, то мы мусім за ёй
назіраць. Інакш мы ня можам пацьвердзіць, што гэтыя 10 кандыдатаў сабралі
подпісы, і што некаторыя подпісы былі прызнаныя несапраўднымі па нейкіх
прычынах. Мы вымушаны давяраць толькі таму, што кажуць камісіі, якія
сфармаваныя вядома якім чынам. Мы паспрабавалі накіраваць назіральнікаў, іх не
дапусьцілі, вось і ўсё. Якія праблемы?"
Спадар Стэфановіч адзначыў, што праваабаронцы ў сваіх справаздачах пісалі, што
працэдура праверкі подпісаў "была цалкам закрытай і непразрыстай".
Нягледзячы на тое, што 18 лістапада ў Менску пройдзе
рэгістрацыя, кандыдат у прэзыдэнты Віталь Рымашэўскі вырашыў
узяць удзел у пасяджэньні Паліткамітэту ПАРЭ ў Парыжы. Падчас дэбатаў ён
выкажацца адносна сытуацыі ў Беларусі.
"Свабодных выбараў ужо ў Беларусі няма. Ужо сёньня ў камісіі ня ўключаны
прадстаўнікі дэмакратычных колаў у сваёй большасьці, няма доступу да СМІ.
Дзяржаўныя СМІ — манапалісты, і нават імёны кандыдатаў згадваюцца мімаходзь,
магчыма, раз на тыдзень, і тое ня ўсіх. Зь іншага боку, я зьяўляюся
прыхільнікам адкрытасьці Эўразьвязу да Беларусі. Я не прымаю канцэпцыю, што
расейскія штыкі могуць прынесьці сюды дэмакратыю. Пазыцыя БХД тут найбольш
узважаная, канструктыўная, не марыянэткавая".