Жабінка: Сайты райвыканкама і "раёнкі" не паведамляюць пра месцы для агітацыі
Нягледзячы на тое, што ў Беларусі ўжо афіцыйна стартавала агітацыйная кампанія па выбарах прэзідэнта краіны, далёка не ўсе органы мясцовай выканаўчай улады апавясцілі грамадскасць, дзе кандыдаты на пасаду кіраўніка дзяржавы і іх давераныя асобы могуць праводзіць сустрэчы са сваімі выбаршчыкамі на тэрыторыі таго ці іншага раёна.
Да прыкладу, на раніцу 19 лістапада такая інфармацыя адсутнічала на афіцыйным сайце Жабінкаўскага райвыканкама і інтэрнэт-старонцы дзяржаўнай раённай газеты “Сельская праўда”. Таксама на гэтых інфармацыйных рэсурсах не размешчаны дакументы, якія рэгламентуюць месцы, дзе можна вывешваць друкаваную агітацыйную прадукцыю.
Між тым, па некаторых звестках, ужо ў бліжэйшыя выходныя некаторыя кандыдаты маюць намер наведаць Жабінку, і адсутнасць даступнай інфармацыі пра тое, дзе можна сустракацца з выбаршчыкамі і размяшчаць інфармацыю агітацыйнага характару, можа выклікаць канфліктныя сітуацыі з праваахоўнымі органамі, якія адсочваюць выкананне нормаў выбарчага заканадаўства.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"