Бярозаўскі раён: Выбаршчыкі карыстаюцца момантам
Як спрыяльны момант для станоўчага вырашэння камунальных ды іншых праблем вырашылі скарыстаць час выбарчай кампаніі жыхары некаторых населеных пунктаў ў Бярозаўскім раёне. І невырашальныя дагэтуль праблемы пачалі вырашацца - асабліва калі грамадзяне заяўляюць, пісьмова ці вусна, што не будуць удзельнічаць у выбарах, калі ім не зробяць таго ці іншага.
Так, напрыклад, у мястэчку Малеч жыхары дома № 36 па вуліцы Савецкай
напісалі скаргу ў Бярозаўскі райвыканкам - і доўга чакаць не давялося. Хаця 20 гадоў яны пакутавалі ад каналізацыі, якая ў аварыйным стане з’яўлялася ўжо небяспечнай, а скаргі ў ЖКГ вынікаў на давалі. Жыхары дома прыгразілі, што не пойдуць на выбары, калі каналізацыю не адрамантуюць і на гэты раз. Праз два дні была цалкам заменена каналізацыйная сістэма.
Пашчасціла і жыхарам вёскі Лясковічы, якія змагаліся за адкрыццё зачыненага прыёмнага пункта камбіната бытавых паслуг і некалькі год патрабавалі асфальтаваную дарогу. Вяскоўцы таксама агучылі, што нерэагаванне ўладаў на іх праблемы паўплывае на вынікі выбараў. Вынік - і прыёмны пункт адкрылі, і дарога, хоць часткова, але з цвёрдым пакрыццём.
Вырашылі скарыстацца момантам і жыхары аднаго з мікрараёнаў Бярозы, дзе дарога ўся ў дзірах. Як кажуць, куй жалеза, пакуль гарачае – застаўся месяц да выбараў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”