Педкалектыў даў адпор дэпутату-прапагандысту
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Яўген Казімірчык, які ўжо другі тэрмін прадстаўляе Бярозаўскі раён ў Палаце прадстаўнікоў, выступіў перад педагагічнымі калектывамі і вучнямі старэйшых класаў САШ №2 г. Бярозы і САШ №1 г. Белаазёрска.
“Дэпутат азнаёміў прысутных з “Праграмай сацыял-эканамічнага развіцця краіны на 2011-2015 гг.” Паказаў новы твар беларускай дзяржавы, раскрываючы асноўную мэту паступальнага руху нашай дзяржавы. Казімірчык даводзіў да педкалектываў, што праз 5 год якасць жыцця беларусаў наблізіцца да еўрапейскага ўзроўню”, - піша раённая газета “Маяк”.
Разам з тым дэпутат Казімірчык даў зразумець, што гэта ўсё магчыма толькі пад мудрым кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі, удакладняюць настаўнікі Белаазёрскай школы.
У іх хвалю абурэнняў выклікалі словы дэпутата аб тым, што дзякуючы Лукашэнку ў іх школе быў зроблены рамонт. Народны абраннік пачуў у адказ на гэта, што Лукашэнка не з уласнай кішэні грошы даў. Пасля папроку настаўнікаў наконт таго, што выбарчую кампанію тэлебачанне асвятляе аднавектарна, прамова дэпутата была спынена - ён не знайшоўся, што сказаць.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”