Магілёў: Абскарджваюцца рашэнні Адміністрацыі Кастрычніцкага раёна аб месцах для агітацыі
Барыс Бухель падаў скаргу ў абласную выбарчую камісію. Ён патрабуе прызнаць тры рашэнні Адміністрацыі Кастрычніцкага раёна г.Магілёва - №№22-6, 22-7 і 22-33 ад 10.11.2010г. - не маючымі юрыдычнай сілы. Праваабаронца лічыць, што дадзеныя рашэнні не былі ўзгоднены з раённай выбарчай камісіяй, бо ў тэксце дакументаў пра такое ўзгадненне нічога сказана не было.
Указаныя рашэнні датычацца размяшчэння агітацыйных друкаваных матэрыялаў кандыдытаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, прадастаўлення памяшканняў для правядзення сустрэч кандыдытаў у прэзідэнты з выбаршчыкамі і вызначэння месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў, якія арганізоўваюць кандыдаты.
Праваабаронца сцвярджае, што нідзе ў абскарджваемых тэкстах не сказана, што рашэнні Адміністрацыі Кастрычніцкага раёна ўзгоднены з Кастрычніцкай раённай выбарчай камісіяй, што з’яўляецца грубым парушэннем заканадаўства аб справаводстве з боку раённай адміністрацыі. Разам з тым Барыс Бухель адзначае парушэнне часткі 3 артыкула 11 Выбарчага кодэкса.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”