Галіна Сямдзянава: Мінская гарадская камісія адсунута ад прыняцця рашэнняў
В мінулую нядзелю – 21 лістапада – Першы нацыянальны тэлеканал “парадаваў” сваіх гледачоў матэрыялам пра асаблівасці гэтай выбарчай кампаніі. У прыватнасці, шмат увагі было ўдзелена дзейнасці партый дэмакратычнай накіраванасці падчас выбараў і працы Мінскай гарадской выбарчай камісіі.
Партыі, канечне ж, па версіі БТ апынуліся слабымі і поўнымі “крымінальнікаў”, сам факт удзелу Галіны Сямдзянавай (БНФ), Юрыя Хадыкі (БНФ) і Аляксея Сігаева (БСДП(Г) у працы Мінскай камісіі расцэньваўся ледзь не як вышэйшае праяўленне лібералізму і дэмакратызму ўладаў. Пры гэтым, маўляў, можна лічыць пэўнай дыскрымінацыяй інтарэсаў працоўных калектываў, якія маглі б яшчэ вылучыць сваіх прадстаўнікоў у Мінскую гарадскую выбарчую камісію замест Сямдзянавай, Сігаева і Хадыкі, якія там апынуліся па добрай волі ўладаў.
Мы вырашылі пацікавіцца ў Галіны Сямдзянавай паднаготнай з’яўлення такога матэрыялу на Беларускім тэлебачанні.
-- Вельмі часта пры галасаванні нашай камісіі трое яе членаў – Юрась Хадыка, Аляксей Сігаеў і я – галасуем “супраць” (калі астатнія галасуюць “за”) альбо “за” (калі астатнія галасуюць “супраць”) за вырыянт рашэння камісіі. І гэта трэба расцэньваць не як нашыя незразумелыя выбрыкі, а як праяўленне нашай прынцыповай пазіцыі.
-- Ці есць нейкія канкрэтныя прыклады ў гэтым рэчышчы?
-- Канечне. Прывяду свежы прыклад. 11 лістапада Мінгарвыканкам прыняў рашэнне і вывесіў яго на сваім сайце. Гэтае рашэнне называецца наступным чынам -- “Аб вызначэнні ў горадзе Мінску месцаў для здзяйснення перадвыбарчай агітацыі пра падрыхтоўцы і правядзенні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2010 годзе”.
Але перад гэтым гэтае рашэнне павінна было быць узгоднена з Мінскай гарадской выбарчай камісіяй, якое прайшло толькі 19-га лістапада, але на тым пасяджэнні абмяркоўвалася толькі пытанне аб месцах правядзення масавых акцый. І тым не менш 19 з’явілася змянёная рэдакцыя рашэння гарвыканкама. Парушаючы Выбарчы кодэкс, гарвыканкам зрабіў ўзгадненне з раённымі камісіямі (па кодэксе – павінна быць узгадненне з Мінскай гарадской камісіяй) . Такім чынам Мінская гарадская камісія была фактычна адсунута ад прыняцця рашэння.
-- Сёння шмат гаворыцца пра сапраўдную лібералізацыю выбарчых працэсаў у нашай краіне. Вы можаце з гэтым пагадзіцца?
-- Абсалютна не магу. Прыведзены вышэй красамоўны факт сведчыць пра тое, што, па меншай меры, на сталічным узроўні улада цалкам узяла выбарчы працэс у свае рукі і кіруе ім як хоча. Я напісала шмат скаргаў па парушэнні выбарчага заканадаўства ў Цэнтральную выбарчую камісію і нават генеральнаму пракурору. Рэакцыя на ўсе гэта – няма падстаў для пракурорскага рэагавання. Мы на паседжанні камісіі прапаноўвалі дадаткова два месцы для правядзення масавых мерапрыемстваў падчас гэтай прэзідэнцкай кампаніі – плошчу Якуба Коласа і Кастрычніцкую плошчу, але нам адмовілі па нейкіх надуманых падставах – быццам бы на Кастрычніцкай плошчы ледзь не заўтра будзе заліты каток. На рэпліку Юрася Хадыкі аб тым, што гэтае месца знаходзіцца больш чым за 200м ад рэзідэнцыі Прэзідэнта, -- ён асабіста мераў гэтую адлегласць, і яна апынулася значна большай за 200 метраў, -- не было ніякой рэакцыі. Зразумела, мы засталіся пры сваіх інтарэсах, якія занадта часта не супадаюць з інтарэсамі тых, хто РЭАЛЬНА праводзіць выбары.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”