Бабруйск: Гарвыканкам параіў дэмакратам звярнуцца ў суд
Алена Мядзведзева, сябра ініцыятыўнай групы Уладзімера Някляева, першай атрымала адказ з гарвыканкама на заяву з просьбай пашырыць спіс месцаў для агітацыі.
- У адказе напісалі, што выдзеленыя месцы добра прадуманыя, і калі нам нешта не падабаецца, маем права звярнуцца ў суд, - распавядае А.Мядзведзева. - Але мы не лічым, што гэтыя месцы добрыя, нават пункт для размяшчэння агітацыйных матэрыялаў “па дамове з арганізацыямі і прадпрыемствамі” ніколі не спрацоўваў. Бо зразумела, каму яны будуць дазваляць размяшчаць матэрыялы, а каму знойдуць прычыны адмовіць.
Таксама Алена Мядзведзева распавяла, што ў адміністрацыях раёнаў – Ленінскага і Першамайскага, ім у вуснай форме дазволілі выстаўляць пікеты ў тых шматлюдных месцах, якія мясцовыя дэмакраты выкарыстоўвалі падчас збору подпісаў.
- Нам сказалі, каб мы не хваляваліся, і быццам бы ў выніку ўмовы для агітацыі будуць такія ж, як і падчас збору подпісаў, - працягвае распавядаць А.Мядзведзева. – Быццам бы ім прыйшоў такі дазвол па тэлефоне, а афіцыйную паперу яны чакаюць на днях. Канечне, мы не будзем пакуль выстаўляць пікеты, бо вусны дазвол, гэта пустое. Будзем чакаць афіцыйнай паперы, і тады пачнем агітацыю.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”