viasna on patreon

Галіну Сямдзянаву запалохваюць?

2010 2010-11-23T18:34:19+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/siamdzianava_halina.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Галіна Сямдзянава

Галіна Сямдзянава

Прадстаўнік Партыі БНФ у Мінскай гарадской камісіі Галіна Сямдзянава паведаміла, што сёння ўночы да яе наведаліся незнаёмыя людзі, якія, назваўшыся міліцыяй, настойліва патрабавалі адчыніць ім дзверы.

- Сёння ўначы, у 01.45, раздаўся моцны званок да мяне ў дзверы. Калі я падыйшла і спыталася, хто там, мне адказалі, што “міліцыя - адчыняйце”. Я запыталася, чаму я павінна адчыняць, на што ізноў настойліва запатрабавалі адчыніць, бо будуць ламаць дзверы. Прычым гэта быў голас не п’янага чалавека, а настойлівы і патрабавальны. Кажу – ламайце. Я пачала “выклікаць” міліцыю, гучна кажучы, што тут да мяне нейкія бандыты ломяцца. Праз пэўны час за дзвярыма стала ціха. Хто там быў – невядома.

Галіна Сямдзянава з нагоды гэтага непрыемнага выпадку прыняла некаторыя меры.

- Па-першае, я звярнулася да старшыні Мінскай гарадской камісіі сп.Карпенкі і распавяла яму гэтую гісторыю. Папрасіла дапамогі, бо я, з’яўляючыся сябрам гарадской камісіі, у пэўнай ступені з’яўляюся прадстаўніком дзяржаўнай сісітэмы. Па-другое, я напісала скаргу начальніку УУС Мінгарвыканкама, каб ён таксама разабраўся з гэтай сітуацыяй: калі гэта міліцыянты – то што яны хацелі, калі гэта бандыты – то таксама я б прасіла, каб такога больш не паўтарылася.

Сама Галіна Георгіеўна звязвае сённяшні начны візіт незнаёмцаў менавіта са сваёй актыўнай працай у выбарчай кампаніі:

- Я не проста з’яўляюся сябрам гарадской камісіі – я пішу асобную думку пры галасаванні, я дазваляю сабе выказаць тое меркаванне, якое лічу неабходным, калі бачу парушэнні Выбарчага кодэкса, я накіравала шмат скаргаў на такія парушэнні ў ЦВК і пракуратуру.

Да таго ж, спн.Сямдзянава адзначае, што гэта ўжо не першы падобны выпадак. Падобныя візіты да яе здараліся і падчас папярэдніх выбарчых кампаній.

- На парламенцкіх выбарах прыходзіў участковы “знаёміцца” са мной – каб даведацца, ці не ёсць я “парушальнікам парадку”. Мы паразмаўлялі з ім – тым справа і скончылася. А ў пазамінулую прэзідэнцкую кампанію, у якой я актыўна працавала, да мяне таксама наведваліся быццам бы міліцыянты, толькі не ўначы, а ўвечары. Я казала, што не выклікала міліцыю, і ў адказ пачула, што “выклікалі суседзі, бо ў вас тут крыкі і некага забіваюць”. А на той час я якраз ляжала хворая. Тады на маю адмову адчыняць дзверы мне таксама пагражалі, што іх будуць ламаць.

Самае непрыемнае ў гэтай сітуацыі, падкрэслівае Галіна Георгіеўна, не тое, што яе хочуць запалохаць – з ёй у кватэры жыве ўнук, яшчэ маленькі хлопчык.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства