viasna on patreon

Лібералізацыя выбарчага працэсу ёсць, а прагрэсу ў асвятленні выбараў у СМІ няма

2010 2010-11-23T15:39:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Сёння ГА «БАЖ» прадставіла чарговую справаздачу па выніках другога этапу маніторынгу беларускіх СМІ датычна асвятлення прэзідэнцкіх выбараў.

«На жаль, ніякага прагрэсу ў асвятленні выбараў у дзяржаўных сродках масавай інфармацыі не адбылося, для іх па-ранейшаму галоўныя дзеючыя асобы выбраў — прэзідэнт і ЦВК», — адзначыў падчас сустрэчы з журналістамі кіраўнік групы маніторцаў Алесь Анціпенка.

Нягледзячы на відавочныя пазітыўныя зрухі — магчымасць выступаў кандыдатаў у наўпроставым эфіры, пасоўванне выступаў да прайм-тайму, запланаваныя дэбаты, якіх на беларускім тэлебачанні не было з мінулага стагоддзя, — асвятленне выбараў-2010 у СМІ фактычна не адрозніваецца ад асвятлення выбараў-2006, адзначыў Алесь Анціпенка.

У дзяржаўных электронных і друкаваных СМІ тэма прэзідэнцкіх выбараў заставалася маргінальнай, нягледзячы на тое, што некаторыя медыя павялічылі сваю ўвагу да яе.

Частка СМІ па традыцыі «праграмавала» вынікі галасавання, спасылаючыся на сацыялагічныя апытанні — часам без указання канкрэтных інстытуцый, што гэтыя даследаванні праводзілі.

Па выніках маніторынгу, недзяржаўныя медыя ў азначаны перыяд таксама крыху зменшылі сваю ўвагу да кандыдатаў, але большасць з іх пісала пра ўсіх дзеючых асобаў выбараў.

З вынікамі маніторынгу можна азнаёміцца тут

Яшчэ некалькі цытат з прэс-канферэнцыі:

А. Анціпенка: «Праграма “Панарама” на наступны дзень пасля рэгістрацыі кандытатаў пачалася з наступных словаў вядоўцы: “Шоу, которым живёт вся страна. Президент сегодня поднялся на сцену детского «Евровидения»...» Мы спецыяльна вымерылі, колькі часу было прысвечана «Еўрабачанню» і выбарчай тэматыцы. І аказалася, што за гэты перыяд (з 1 па 20 лістапада ў тэлепраграме «Панарама» - заўв. БАЖ) сюжэтам, якія расказвалі пра падрыхтоўку да “Еўрабачання”, прысвечана была 1 гадзіна 12 хвілін, а выбарам – усяго 12 хвілін...»

«У нас дастаткова цікавая сітуацыя, калі сродкі масавай інфармацыі ўплываюць толькі на тыя сегменты грамадства, якія ўжо зрабілі свой выбар... Значная частка нашага насельніцтва жыве ў дастаткова камфортнай сітуацыі «палітычнай цнатлівасці»...»

«Пры асвятленні выбарчых кампаній у Беларусі “працаўнікі сцэны” – не “акторы” і не “рэжысёры” – з’яўляюцца галоўнымі дзеючымі асобамі. То бок яны носяць дэкарацыі, мантажуюць сцэну... Што да саміх “актораў”, то можна чакаць і не дачакацца іх выхаду на сцэну. ...”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства