viasna on patreon

Слуцк. Саннікаў сабраў дзвесце выбаршчыкаў на першай сустрэчы

2010 2010-11-26T13:26:31+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sluck-sustr-sannikau-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Каля двухсот случчакоў прыйшлі на сустрэчу з кандыдатам у прэзідэнты Андрэем Саннікавым ў Слуцкім гарадскім Доме культуры 25 лістапада.

Нагадваем, што сустрэча анансавалася ў мясцовых СМІ. На сустрэчу з кандыдатам прыйшлі мясцовыя апазіцыянеры, камуністы, кіраўніцтва Слуцкага райкама БРСМ. У зале прысутнічалі таксама журналісты «Нямецкай хвалі», рэгіянальнай газеты «Інфа-Кур'ер», доўгатэрміновыя назіральнікі АБСЕ Марцін Бжазоўскі і Бйоры-Эрык Лундквіст, начальнік аддзела ідэалогіі Слуцкага райвыканкама Ларыса Дабравольская.

Сустрэча працягвалася каля гадзіны. За гэты час Саннікаў і яго давераныя асобы, сярод якіх - генерал Фралоў і экс-міністр аброны Павел Казлоўскі - адказалі на два дзесяткі пытанняў мясцовага электарату.

- Усе кандыдаты ў прэзідэнты кажуць, што выбараў няма, і ў той жа час цягнуць народ на выбары. Ці не здаецца вам злачынствам заклікаць людзей да галасавання, і колькі галасоў вам намалюе ЦВК? - Пацікавіўся пенсіянер.

- Няма ў нас выбараў. Таму я і кажу, што народ павінен вярнуць сабе права выбару і сказаць "не" гэтаму рэжыму. Байкот немагчымы, таму што вы самі зараз сталі больш актыўнымі. Што там мне намалюе камісія, мяне не цікавіць, таму што гэта будуць несапраўдныя, сфальсіфікаваныя лічбы. Але сёння мы можам ўзмацніць назіранне. Мы будзем выкарыстоўваць усе магчымасці, каб паказаць, што тыя лічбы, якія ўжо пачалі агучваць, не маюць нічога агульнага з тым, што адбываецца ў краіне.

Цікавіліся случчакі, ці ёсць у складзе выбаркамаў у абласных гарадах прадстаўнікі апазіцыі.

- Вы ведаеце, што ва ўчастковыя камісіі патрапіў мінімальны адсотак прадстаўнікоў апазіцыйных партый. Усяго 0,25 адсотка, - нагадаў кандыдат. - Але на выбарах будуць назіральнікі. За законнасцю правядзення кампаніі сочаць і "Праваабаронцы за свабодныя выбары".

Самыя яркія моманты з сустрэчы Саннікава і слуцкіх выбаршчыкаў, якія суправаджаліся фота і відэа, у той жа вечар былі выстаўленыя на сайце рэгіянальнай газеты kurjer.info. Раённая газета «Слуцкі край» мерапрыемства праігнаравала.

«Праваабаронцы за свабодныя выбары»

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства