Слуцк. Ярмошына адказала на скаргу праваабаронцы
ЦВК не ўпаўнаважана прызнаваць рашэнні выканкама законнымі ці незаконнымі. Такі адказ атрымаў на свой зварот жыхар Слуцку Віталь Амяльковіч, сябра РПГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт", назіральнік пры Слуцкай раённай выбарчай камісіі.
Нагадаем, што 18 лістапада праваабаронца звярнуўся са скаргай на рашэнне мясцовых уладаў да старшыні Цэнтрвыбаркама. Па меркаванні назіральніка, гарадскі стадыён не павінен быць адзіным месцам у Слуцку для правядзення масавых мерапрыемстваў з мэтай перадвыбарчай агітацыі. Назіральнік прасіў ЦВК абавязаць райвыканкам прыняць новае рашэнне, якое забяспечвае рэалізацыю выбарчых правоў случчакоў.
Адказ за подпісам кіраўніка ЦВК Лідзіі Ярмошынай датуецца 24 лістапада. «Лічым неабходным растлумачыць вам, што недастатковасць месцаў, вызначаных для агітацыі, не цягне за сабой прызнання рашэння незаконным», - гаворыцца ў лісце. Таксама назіральніка праінфармавалі, што 23 лістапада Слуцкі райвыканкам унёс дапаўненні ў рашэнне, якое прадугледжвае дадатак пераліку месцаў, дазволеных для правядзення масавых мерапрыемстваў для перадвыбарчай агітацыі.
«Праваабаронцы за свабодныя выбары»