Ярмошына: "Калі будуць доказы, Някляева і Саньнікава здымем з выбараў"
Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына на
просьбу "Свабоды" пракамэнтавала выказваньне Аляксандра Лукашэнкі пра
тое, што выбарчая кампанія кандыдатаў у прэзыдэнты Ўладзімера Някляева і Андрэя
Саньнікава фінансуецца Расеяй.
На наша пытаньне, як будзе рэагаваць ЦВК на словы Аляксандра Лукашэнкі, Лідзія
Ярмошына дала наступны адказ:
"У Цэнтральнай камісіі няма афіцыйнай інфармацыі, у выглядзе папер альбо
іншых афіцыйных паведамленьняў, пра тое, што выбарчая кампанія кандыдатаў
Някляева і Саньнікава фінансуецца за кошт іншай дзяржавы. Адной заявы
недастаткова, паколькі гэта, найхутчэй, зьяўляецца неафіцыйнай інфармацыяй,
якая стала вядома кіраўніку дзяржавы.
Што тычыцца парушэньняў, калі гэта будзе пацьверджана і падобныя матэрыялы
будуць прадстаўленыя ў Цэнтральную камісію, то гэта стане вельмі сур'ёзным
парушэньнем выбарчага заканадаўства. Нават самым сур'ёзным. І ў гэтым выпадку ў
Цэнтральнай камісіі няма права на нейкую альтэрнатыву. Мы павінны будзем
скасаваць рэгістрацыю гэтых кандыдатаў у прэзыдэнты".