ЦВК патрабуе вярнуць пасьведчаньне даверанай асобы, выдадзенае Аўтуховічу
Сёньня кандыдату ў прэзыдэнты ад Партыі БНФ Рыгору Кастусёву
патэлефанавала супрацоўніца ЦВК Надзея Кісялёва і папрасіла тэрмінова вярнуць
пасьведчаньне даверанай асобы, выдадзенае на імя Мікалая Аўтуховіча. Яна
паведаміла, што пасьведчаньне было выпісанае памылкова.
У ЦВК кіраўніку партыі БНФ Аляксею Янукевічу паведамілі, што пасьведчаньне
выпісалі памылкова, бо хацелі выдаць усе пасьведчаньні як мага хутчэй і таму не
праверылі ўсіх асобаў. Асобы ж, якія паводле рашэньня суду знаходзяцца ў месцах
пазбаўленьня волі, ня маюць права браць удзел у выбарах, у тым ліку ў якасьці
давераных асобаў кандыдатаў у прэзыдэнты.
"Дзіўна, што пытаньні ў ЦВК узьніклі толькі на наступны дзень пасьля
тэлевыступу Рыгора Кастусёва, у якім ён нагадаў пра палітвязьня Мікалая
Аўтуховіча і паведаміў гледачам, што той зьяўляецца яго даверанай асобай. Мы і
надалей будзем выкарыстоўваць усе магчымасьці, каб прыцягнуць увагу беларускага
грамадзтва і міжнароднай супольнасьці да справы Мікалая Аўтуховіча дзеля яго як
найхутчэйшага вызваленьня з-за кратаў", — заявіў Аляксей Янукевіч.