Някляеў аднавіў актывіста “Гавары праўду!” у ВНУ
Актывіста кампаніі “Гавары праўду!” Ўладзіміра Кумца паабяцалі зноў зрабіць студэнтам 5-га курса Міжнароднага гуманітарнага эканамічнага ўніверсітэта. Пра гэта Еўрарадыё распавёў Уладзімір Някляеў, які сёння хадзіў да кіраўніка гэтай ВНУ.
Някляеў: "Генеральны дырэктар Аляксандр Мікалаевіч Алпееў сказаў, што,
разабраўшыся з тым, што адбылося, ён высветліў: зніжэнне адзнакаў
студэнту Кумцу мела месца, зроблена гэта было мэтанакіравана. Але ён пра
гэта не ведаў і таму падпісаў загад аб адлічэнні. Цяпер ён разабраўся,
на двух вінаватых выкладчыкаў накладзеныя спагнанні. І далей з імі не
будзе працягнута дамова аб супрацоўніцтве".
Нагадаем, два дні
таму студэнт-завочнік 5 курса Міжнароднага гуманітарнага эканамічнага
ўніверсітэта Ўладзімір Кумец даведаўся ад свайго настаўніка замежнай
мовы, што двое яго калег перапісалі ведамасці і змянілі яму адзнакі на
больш нізкія. Самога ж Кумца загадам ад 3 лістапада адлічылі з ВНУ за
"акадэмічную непаспяховаасць і сістэматычныя прагулы”.
10
лістапада патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Ўладзімір Някляеў вырашыў
асабіста разабрацца з гэтай сітуацыяй і наведаў кіраўніцтва ВНУ. Па яго
словах, генеральны дырэктар не сказаў, што Кумец можа ўжо з заўтрашняга
дня зноў лічыцца студэнтам, але паабяцаў, што разбярэцца канчаткова ў
сітуацыі. І калі нічога не зменіцца, прыме станоўчае рашэнне.