У кандыдатаў узьніклі праблемы з публікацыяй праграм
Шэраг апазыцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты сутыкнуліся з праблемамі
пры публікацыі сваіх перадвыбарных праграмаў у дзяржаўных сродках масавай
інфармацыі.
У адпаведнасьці з выбарчым заканадаўствам кандыдат у прэзыдэнты мае права
апублікаваць сваю перадвыбарную праграму ў рэспубліканскіх газэтах
"Звязда", "Советская Белоруссия", "Народная
газэта", "Рэспубліка", сталічнай газэце "Мінскі
кур'ер", абласных газэтах "Зара" (Берасьце), "Гомельская
праўда", "Магілёўская праўда", "Мінская праўда",
"Гродзенская праўда" і "Віцебскі рабочы".
Як паведаміў БелаПАН кіраўнік выбарчага штабу Віталя Рымашэўскага Павал
Севярынец, 29 лістапада да іх у штаб патэлефанавалі прадстаўнікі
рэспубліканскіх выданьняў.
"Газэты не згаджаюцца друкаваць выбарчую праграму Рымашэўскага з-за таго,
што ён заклікае беларусаў адстойваць свой выбар на плошчы 19 сьнежня, у дзень
выбараў. Нам прапанавалі даць іншы тэкст праграмы, без закліку людзей на
плошчу. Аднак мы ня можам гэтага зрабіць чыста юрыдычна — тэрмін падачы
праграмаў у СМІ скончыўся 28 лістапада", — заявіў Севярынец.
Ён мяркуе, што праграму Рымашэўскага могуць альбо паддаць цэнзуры, альбо зьняць
з друку.
"І ў тым, і ў другім выпадку гэта будзе скандал", — адзначыў палітык.
Да праграмы Рыгора Кастусёва таксама выказваліся прэтэнзіі.
"Спачатку ў праграме ўжываліся словы "лукашызм" і "лукашэнкаўскі
рэжым". У рэдакцыях газэт палічылі, што гэтыя словы абражаюць годнасьць
службовай асобы, таму мы замянілі іх на "аднаасобны" і
"аўтарытарны" рэжым", — распавёў кіраўнік штабу Кастусёва
Аляксей Янукевіч.
З праблемамі пры друку сваёй перадвыбарнай праграмы сутыкнуўся і Дзьмітрый Вус.
"Дзяржаўным СМІ не спадабалася тая частка праграмы, у якой я параўноўваў
сёньняшнюю выбарчую сыстэму Беларусі з выбарчай сыстэмай Нямеччыны 30-х гадоў
мінулага стагодзьдзя", — паведаміў ён.
Вус адмовіўся ўносіць праўкі ў сваю праграму. "Паспрабую вырашыць праблему
ў Цэнтравыбаркаме, калі не атрымаецца — буду судзіцца", — заявіў ён.
Камэнтуючы сытуацыю, сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік заявіў, што
рэдакцыі газэт ня маюць права ўносіць папраўкі ў тэкст перадвыбарных праграм
кандыдатаў.