viasna on patreon

Магілёў. Месца сустрэчы “губернатара” Пятра Рудніка з выбаршчыкамі ўтойваюць

2010 2010-12-03T16:14:23+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/rudnik.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння, 3 снежня, у Магілёве павінна адбыцца сустрэча давернай асобы кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі старшыні Магілёўскага аблвыканкама Пятра Рудніка з выбаршчыкамі, але пра месца сустрэчы і час не паведамляецца.

“На пасяджэнні Магілёўскай абласной выбарчай камісіі стала вядома, што павінна адбыцца гэтая сустрэча, але пра месца і час не было паведамлена, - гаворыць праваабаронца Барыс Бухель, - вядома толькі, што яна павінна прайсці на тэрыторыі Кастрычніцкага раёна горада”.

“Калі я патэлефанаваў у Кастрычніцкую раённую выбарчую камісію, - гаворыць давераная асоба кандыдата ў Прэзідэнта Ўладзіміра Някляева Ігар Каваленка, - то мне сказалі, што заяўкі ад даверанай асобы кандыдата ў Прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі Пятра Рудніка ў камісію не паступала”.

Акрамя гэтага Ігар адзначае, што разам з кіраўніком вобласці Пятром Руднікам хацеў бы выступіць перад выбаршчыкамі і прэзентаваць свайго кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева, а таксама вытрымкі з ягонай праграмы.

“Потым з пытаннем пра месца і час сустрэчы Пятра Рудніка з выбаршчыкамі я патэлефанаваў да кіраўніка абласной выбарчай камісіі Валерыя Берастава, які спачатку адказаў, што нічога пра гэтую сустрэчу не ведае, потым, што не памятае, а ў выніку адзначыў, што сустрэча мусіць прайсці ў палацы культуры “Магілёўхімвалакно”, але пра час калі яна будзе адбывацца ён нічога не ведае”, - гаворыць Ігар Каваленка.

Праваабаронца Барыс Бухель адзначае, што на пасяджэнні было шмат нараканняў на агітацыйныя групы кандыдатаў у Прэзідэнты Уладзіміра Някляева, Віталя Рымашэўскага і Рыгора Кастусёва, а самі сябры абласной выбарчай камісіі, як і давераныя асобы кандыдата Аляксандра Лукашэнкі, паводзяць сябе не самым лепшым чынам.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства