viasna on patreon

“Гомельская праўда” агітуе толькі за аднаго кандыдата

2010 2010-12-04T10:31:51+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/maciavilaa.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксей Мацявіла

Аляксей Мацявіла

Газета “Гомельская праўда” ў апошнім выпуску змясціла адразу два матэрыялы аб кандыдатах у прэзідэнты: крытычны артыкул пра ўсіх апазіцыйных вылучэнцаў і выказванні старшыні аблвыканкама А. Якабсона аб тым, што галасаваць трэба за таго, каго ён асабіста добра ведае – гэта значыць, за “дзеючага прэзідэнта”. Дарэчы, ёсць цікавыя назіранні наконт зносінаў А. Якабсона з А. Лукашэнкам.

2 снежня газета абласной “вертыкалі” апублікавала артыкул “Трэніруйся... на кошках!”. Яго аўтар – Аляксей Мацявіла – пераконвае чытачоў у тым, што ўсе апазіцыйныя кандыдаты нічога не вартыя. Падчас ранейшых выбараў А. Мацявіла таксама спецыялізаваўся на крытыцы апазіцыі. Варта заўважыць, што А. Мацявіла (на здымку) з’яўляецца загадчыкам аддзела па афіцыйнаму сайту дзяржавы ў БЕЛТА, раней ён быў намеснікам дырэктара аднаго з цэнтраў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце, а да таго – сакратаром цэнтральнага камітэта праўладнага Беларускага саюза моладзі (зараз БРСМ).

Выступ старшыні аблвыканкама Аляксандра Якабсона ў Мазырскім педагагічным універсітэце газета падае як зносіны з аўдыторыяй “ў нефармальнай абстаноўцы”. Аднак пасля аналагічнага выступу ў Светлагорску стала вядома, што і моладзь, і пытанні з залы рыхтавалі загадзя і ўзгаднялі з начальствам. Ва ўніверсітэце А. Якабсон заявіў, што галасаваць трэба за дзеючага кіраўніка дзяржавы, якога ён асабіста “добра ведае”. У СМІ ўжо публікавалася сведчанне аднаго з жыхароў Светлагорска, дзе А. Якабсон быў раней старшынёй  гарвыканкама – аб тым, як А. Лукашэнка, з’яўляючыся кандыдатам на першых прэзідэнцкіх выбарах, наведаў гэты горад: “Якабсон сядзеў у прэзідыуме, а Лукашэнка, выступаючы, называў яго “Сашам”. Так і казаў: “Вось мы з Сашам…” Як бы ў сябры набіваўся.Былы рэдактар светлагорскай газеты “Ранак-плюс” Мікалай Паседзька распавёў, як падчас аднаго з прыездаў А. Лукашэнкі ў Светлагорск да яго падыйшлі мясцовыя журналісты: ”І кажуць: “Незалежнае тэлебачанне “Ранак”. Лукашэнка тут жа паварочваецца да А. Якабсона, старшыні аблвыканкама: “Гэта што яшчэ за незалежнае тэлебачанне ў цябе тут!?” Якабсон яму – не хвалюйцеся, маўляў, Аляксандр Рыгоравіч, гэта гарадская тэлестудыя, усё пад кантролем. Лукашэнка: “Так бы і сказалі, а то што яшчэ за незалежнае”.

Матэрыялы з крытыкай апазіцыйных кандыдатаў “Гомельская праўда” змяшчала і раней. Для іншага пункту погляду месца на яе старонках пакуль не знайшлося.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства