viasna on patreon

Чыноўнік пакрытыкаваў кандыдатаў, але не ўбачыў шакуючага факту ў сваім ведамстве

2010 2010-12-06T18:35:36+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/invalid-dom.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Газета “Гомельская праўда” апублікавала чарговае “меркаванне” пра выбары. Аднак гэтым разам атрымалася наступнае: пакуль абласны чыноўнік разважаў пра “непадрыхтаванасць” апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты, стаў вядомы факт жудаснага стаўлення да людзей з боку той самай сістэмы, у якой займае пасаду гэты чыноўнік.

6 снежня на другой старонцы “Гомельскай праўды” зноў з’явілася апытанне “Якія пачуцці ў вас выклікаюць выступы кандыдатаў у Прэзідэнты”? Друкуецца яно пад рубрыкай “Ваша меркаванне”. Меркаванне апытаных супадае з інструкцыяй упраўлення ідэалагічнай работы Гомельскага аблвыканкама. Як паведамілі раней незалежныя інфармацыйныя рэсурсы, гэта інструкцыя была разаслана ў рэдакцыі дзяржаўных газет вобласці.

Як і ў ранейшай аналагічнай публікацыі, усе трое апытаных – кіраўнікі. Адмоўнае стаўленне да апазіцыйных кандыдатаў на гэты раз выказалі дырэктар саўгаса-камбіната “Сож” Гомельскага раёна, намеснік старшыні абласнога Савета дэпутатаў Анатоль Татарынаў, начальнік абласнога упраўлення фонда сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Віталь Кляблееў (раней быў намеснікам старшыні аблвыканкама) і старшыня абласнога аддзялення праўладнай арганізацыі “Беларускі фонд міра” Цімафей Глушакоў.

Так, А. Татарынаў лічыць, што апазіцыйныя кандыдаты карыстаюцца ўсімі выгодамі, якія прадастаўляе ім дзяржава, і “ўтаптываюць у бруд усё, што створана працай беларускага народа”. На меркаванне В. Кляблеева, апазіцыйныя кандыдаты – “людзі непадрыхтаваныя, якія імкнуцца любой цаной апынуцца ля руля улады”, і яны павінны “папрасіць прабачэння перад народам”. Ц. Глушакоў адзначыў, што гэтыя кандыдаты гавораць аб праблемах краіны, а трэба заўважаць, “што за апошнія гады зроблена вельмі шмат для дабрабыту чалавека і нашай стабільнасці”.

Аб дабрабыце і стабільнасці можна меркаваць па матэрыялу на наступнай старонцы гэтай самай газеты. У доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў у г. п. Уваравічы Буда-Кашалёўскага раёна не ўключана ацяпленне (пры тым, што маразы дасягалі ўжо мінус 15 градусаў). Знаходзіцца гэты дом-інтэрнат у сістэме таго самага Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, у якой займае пасаду і В. Кляблееў. Але тэмпература ў кабінетах чыноўнікаў, відаць, адрозніваецца ад той, у якой жывуць састарэлыя і інваліды ва Уваравічах. Ці будзе хто з прадстаўнікоў улады прасіць прабачэння перад састарэлымі і інвалідамі – пытанне, на якое, напэўна, нават у В. Кляблеева адказу няма.  

Гэты факт стаў вядомы ў выніку “прамой лініі”, якую напярэдадні выбараў правяла па тэлефоне старшыня абласнога Савета Марыя Бондар. Жыхары вобласці кінуліся скардзіцца ёй на свае праблемы – спадзяючыся, што хоць зараз іх пачуюць. Напрыклад, у в. Ціхінічы Рагачоўскага раёна каналізацыйныя сцёкі выліваюцца ў дом – па словах Кацярыны Юрчанкі, якая зателефанавала на “прамую лінію”, “у кватэры пастаянная вільгаць, сцены і нават пасцельная бялізна пакрыліся цвілью”. Аднак вынік падобных зваротаў на адрас “эфектыўнай улады”, як адзначыў адзін з жыхароў Рагачова, такі: прыязджаюць камісіі, на нейкі час сітуацыя выпраўляецца, але пасля ўсё вяртаецца да ранейшага.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства