Спецыяльна для БТ: Прымусовае галасаванне ў Мінскім дзяржаўным тэхналагічным каледжы (відэа)
Учора па БТ Юры Пракопаў падрыхтаваў рэпартаж пра тое, што праваабаронцы хлусяць, сцвярджаючы, што ў навучальных установах Беларусі навучэнцы і студэнты масава змушаюцца да датэрміновага галасавання. Паказаў журналіст (за што асобнае дзякуй) і сайт Праваабарончага цэнтра "Вясна", дзе выкладаюцца такія факты. Сёння мы вырашылі прапанаваць Пракопаву відэазапіс прымусу ў Мінскім дзяржаўным тэхналагічным каледжы. Спадзяемся, гэты студэнцкі рэпартаж пойдзе ў наступную праграму гэтага журналіста. Упэўненыя, што студэнты, якім удалося зрабіць відэазапіс таго, што адбываецца на працягу двух дзён - 14-га і 15-га снежня - і даслалі "Праваабаронцам за свабодныя выбары" відэадоказ, не будуць аспрэчваць аўтарскія правы ў мэтра дзяржаўнай прапаганды.
"Добры дзень! Прымусовае датэрміновае галасаванне закранула і Мінскі дзяржаўны
тэхналагічны каледж. За тыдзень да датэрміновага
галасавання куратары груп апавясцілі студэнтаў, якія пражываюць у інтэрнаце,
што яны абавязаныя прагаласаваць датэрмінова 18 снежня, але пазней
высветлілася, што гэта неабходна зрабіць яшчэ раней.
14 снежня ўдалося зрабіць відэазапіс
таго, як куратар прымушае ісці на датэрміновае галасаванне ў гэты ж дзень пасля
заняткаў. На наступны дзень таксама ўдалося зрабіць
відэазапіс таго, як куратар ўжо адзначае ў спісах тых, хто прагаласаваў. У спісе апынуліся 18 чалавек, якія пражываюць у інтэрнаце. Мінскіх студэнтаў запалохаць было няма чым, таму ў спісе іх прозвішчаў
не было".
Паколькі гук відэазапісу не вельмі
добры, бо ўсё здымалася на мабільны тэлефон, а ў
аўдыторыі было даволі шумна, аўтар паведамлення ніжэй даслоўна прыводзіць тэкст
усёй размовы.
Відэа ад 14.12.2010:
Студэнты: Так.
Куратар: Вы сёння зойдзеце пасля пар. У вас пары заканчваюцца ...
Студэнты: У 5:20.
Куратар: Вось мне ўжо спіс далі, 18 чалавек. Заўтра я прыйду да вас зноў на парах, пастаўлю крыжыкі насупраць прозвішча таго чалавека, які прагаласаваў.
Студэнты: У нас яшчэ шмат часу да суботы, можна ў любы час прыйсьці.
Куратар: Чым раней, тым лепш.
Студэнты: А не паказваюць, за каго галасаваць будзеш?
Куратар: Не. Вы можаце галасаваць за каго хочаце, і не трэба такім тонам са мной размаўляць.
Студэнты: Не, ну проста ...
Куратар: У мяне таксама патрабуюць гэтыя спісы. Я кожны раз прыходжу і вы, кожны раз, абураецеся! Што гэта такое?!
Студэнты: Не, ну ў самай справе, у нас жа ёсць час да суботы.
Куратар: Вы павінны раней прагаласаваць.
Студэнт: Чаму павінны?! Чаго павінны? 19-га выбары.
Іншыя студэнты: Не ты, гэта інтэрнату толькі.
Куратар: Я з вамі займацца гэтым больш не буду. Я прыйду сёння і заўтра. Вось сёння прыйшла і заўтра ... Усё! Далей будзеце хадзіць самастойна, і тлумачыцца самастойна, што вы там можаце і не можаце, ясна?! Усё! Я ўсё сказала! Усё зразумела? Добра! Што гэта такое я не разумею?! Я вас што, за ручку вяду? Ці ў кабінкі разам з вамі заходжу, і пальцам тычу куды ставіць? Прыйшлі вучыцца? Так вучыцеся!
Відэа ад 15.12.2010:
"Куратар пытаецца ці прагаласавалі мы, і пачынае перапытваць па прозвішчах. Толькі адзін чалавек не прагаласаваў, які забірае дакументы з каледжа. У канцы размовы куратар кажа: "Ну, усё прагаласавалі, малайцы! Я занясу спіс, Шыпавалава (Шапавалава?) Зацвердзіць, малайцы вы ці не".
P.S. Інтэрнет-карыстальнікі ўдакладняюць: Шапавалава Наталля Міхайлаўна - намеснік дырэктара па ідэалагічнай і выхаваўчай працы.