Гродна: Без даведкі пра датэрміновае галасаванне дактары адмовілі ў накіраванні ў дыспансер
Мікалай Яўсей, незалежны назіральнік на участку №57 Ленінскага раёна г.Гродна, у адзін з дзён датэрміновага галасавання заўважыў, што скрыня для галасавання не адпавядае патрабаванням. Ён прапанаваў участковай камісіі зафарбаваць шрубы, якімі былі змацаваны яе бакавыя сценкі, паколькі яны лёгка адкручваліся. Камісія пагадзілася з гэтым. Аднак, на наступны дзень Мікалай Яўсей заўважыў, што фарбай замазалі толькі бачныя шрубы, а знізу ўсё засталося па-ранейшаму. З гэтай прычыны незалежны назіральнік падаў у камісію адпаведную скаргу.
Гэта не першае парушэнне на участку №57 Ленінскага раёна. Мікалай Яўсей зафіксаваў наступны факт: на ўчастак прыйшоў чалавек, які папрасіў выдаць яму даведку пра тое, што ён прагаласаваў датэрмінова. Выявілася, што без гэтай даведкі дактары адмовіліся даць яму накіраванне ў кардыялагічны дыспансер. Сама дзіўнае, што такую даведку грамадзяніну ўчастковая камісія выдала.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”