Магілёў. Выніковыя пратаколы з участкаў №51 і №52 ўзгадняюць у аблвыканкаме
Выніковыя пратаколы з выбарчых участкаў №51 і 52, што размешчаны ў Магілёўскай школе №33 не вывешаны да таго часу, пакуль не будуць узгоднены ў аблвыканкаме.
Такі адказ атрымаў назіральнік Сяргей Нягацін, на пытанне чаму не вывешаны выніковыя пратаколы з вынікамі галасавання на ўчастках.
“Старшыні выбарчых камісій гэтай школы сказалі мне, што яны вывесяць пратаколы толькі пасля ўзгаднення іх у аблвыканкаме, бо яны баяцца памыліцца ў лічбах. Таму спачатку пратакол “паехаў” туды на азнаямленне. Калі там напісана ўсё правільна, то копію яго яны вывесяць пазней, - гаворыць Сяргей. - Калі ж я пачаў казаць, што гэта не па закону, то старшыня выбарчага ўчастку №52 сказала, што ведае Выбарчы кодэкс лепей за мяне, а я яго не ведаю і што яе не трэба вучыць, што трэба рабіць – яна ўсё робіць правільна”.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”