Ус і Кастусёў — на волі
Пасля допытаў у КДБ адпусцілі экс-кандыдатаў у прэзідэнты Дзмітрыя Уса і Рыгора Кастусёва, паведаміла Еўрапейскае Радыё.
І Ус, і Кастусёў былі затрыманыя ўначы 20 снежня пасля сілавога разгону
апазіцыйнай акцыі пратэсту ў Мінску. Абодва былі дастаўленыя для размовы
ў КДБ.
Пры гэтым у СМІ ад Уса прыйшла заява, у якой ён асудзіў справакаваныя
ўдзельнікамі мітынгу, які пачаўся на Кастрычніцкай плошчы, беспарадкі, і
спробу сілавога захопу будынка ўрада. Сам ён удзельнічаў у акцыі на
пачатковым этапе, бо лічыў, што яна будзе насіць выключна мірны
характар. У цяперашні момант ён знаходзіцца дома.
Вызвалены каля 15.00 Кастусёў падчас прэс-канферэнцыі ў офісе Партыі БНФ распавёў журналістам аб падрабязнасцях затрымання і адказаў на шэраг пытанняў.
«Партыя БНФ ускладае адказнасць за разгон мірнай маніфестацыі на беларускія ўлады. Мы лічым, што вынікі выбараў не могуць быць прызнаныя міжнароднымі структурамі, а таксама заклікаем выказаць салідарнасць з усімі затрыманымі», — заявіў Кастусёў.