Дзесяткі еўрапейскіх арганізацый асудзілі дзеянні ўладаў Беларусі
“Спадар Прэзідэнт,
Мы, арганізацыі-партнёры Сеткі Дамоў правоў чалавека,
асуджаем разгон дэманстрантаў, арышты і збіццё журналістаў, праваабаронцаў і
апазіцыйных кандыдатаў, якія мелі месца пасля прэзідэнцкіх выбараў у Рэспубліцы
Беларусь 19 снежня 2010 года. Мы таксама выказваем занепакоенасць у сувязі з
магчымымі гвалтоўнымі дзеяннямі АМАПа ў дачыненні да мірных акцый пратэсту,
якія могуць працягнуцца ў бліжэйшыя дні.
У нядзелю, 19 снежня, тысячы грамадзян Беларусі сабраліся ў Мінску на плошчы
Незалежнасці, каб выказаць свой пратэст супраць парушэнняў падчас выбараў. Высілкамі
ўладаў дэманстрацыя была жорстка разагнаная з непрапарцыйным ужываннем сілы
супраць дэманстрантаў, апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты і журналістаў, якія
выконвалі свой прафесійны абавязак. Гвалтоўны разгон мірнай дэманстрацыі
з'яўляецца прамым парушэннем правоў чалавека - такіх як права на свабоду сходаў
і свабоду выказвання, замацаваных у артыкулах 21 і 19 Міжнароднага пакта аб
грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаванага Рэспублікай Беларусь.
Сотні людзей, у тым ліку, кандыдаты ў прэзідэнты Уладзімір Някляеў, Віталь
Рымашэўскі, Андрэй Саннікаў былі збітыя.
Па афіцыйных дадзеных, арыштавана больш за 600 чалавек. Сямёра з дзесяці
кандыдатаў былі затрыманыя, а восьмы кандыдат, Уладзімір Някляеў, выкрадзены з
лякарні людзьмі ў цывільным. У дачыненні да дэманстрантаў пачаліся закрытыя
адміністратыўныя судовыя разборы, заведзеныя крымінальныя справы на кандыдатаў
у прэзідэнты і членаў іх афіцыйных штабоў. Дзесяткі людзей ужо асуджаныя на
10-15 сутак пазбаўлення волі. Нас таксама турбуе лёс кіраўніка Беларускага
Хельсінкскага камітэта Алега Гулака, які быў арыштаваны і з тых часоў аб яго
месцазнаходжанні нічога невядома (заўв.: Пасля
прыняцця заявы, увечары 20 снежня, стала вядома, што А. Гулак вызвалены).
Каля 3 гадзін ночы 20 снежня служачыя структур Міністэрства ўнутраных спраў і
невядомыя асобы (як мяркуецца, супрацоўнікі КДБ) зрабілі ператрус у офісах
Хартыі’97 і Праваабарончага цэнтра "Вясна". Дзесяць чалавек, якія на
той момант знаходзіліся ў офісе, былі арыштаваныя, а дакументацыя і
абсталяванне - канфіскаваныя. Каля 7 гадзін раніцы некалькі чалавек у цывільным
спрабавалі ўварвацца ў офісы вышэйзгаданых арганізацый. Праваабарончы цэнтр
"Вясна", які з'яўляецца членам Сеткі Дамоў правоў чалавека,
удзельнічаў у правядзенні незалежнага назірання за выбарамі, мэтай якога было
забеспячэнне права грамадзян Беларусі "галасаваць і быць абраным на
сапраўдных перыядычных выбарах", замацаванага Артыкулам 25 (б)
Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Ператрусы, праведзеныя супрацоўнікамі міліцыі ў офісах Хартыі’97 і Праваабарончага
цэнтра "Вясна" кажуць аб тым, што ў Беларусі праваабаронцы і
журналісты падвяргаюцца сістэматычнаму ціску і пераследу, нягледзячы на
абавязацельствы Рэспублікі Беларусь па захаванні і абароне правоў чалавека, а
таксама на абяцанні прытрымлівацца патрабаванняў Еўрасаюза. Дзеянні,
накіраваныя супраць Праваабарончага цэнтра "Вясна", з'яўляюцца прамым
парушэннем права праваабаронцаў "імкнуцца абараняць і ажыццяўляць правы
чалавека і асноўныя свабоды на нацыянальным і міжнародным узроўнях",
замацаванага ў Дэкларацыі ААН аб праве і абавязку асобных асоб, груп і органаў
грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя
свабоды (Дэкларацыя ААН аб праваабаронцах).
У сувязі з
гэтым заклікаем вас:
• Неадкладна вызваліць журналістаў і праваабаронцаў і спыніць пераслед асобаў,
затрыманых за мірнае выказванне свайго меркавання;
• Неадкладна вызваліць кандыдатаў у прэзідэнты і дэманстрантаў;
• Спыніць ужыванне гвалту супраць дэманстрантаў, правесці бесстаронняе
расследаванне інцыдэнтаў і прыцягнуць вінаватых да адказнасці;
• Гарантаваць абарону мірных дэманстрантаў, праваабаронцаў і журналістаў ад
адміністратыўных абвінавачванняў альбо незаконных затрыманняў;
• Забяспечыць захаванне справядлівасці і міжнародных стандартаў падчас
правядзення крымінальных судовых працэсаў;
• Даць грамадзянам Беларусі магчымасць без пагрозы для сябе карыстацца
грамадзянскімі і палітычнымі правамі, гарантаванымі Канстытуцыяй Рэспублікі
Беларусь і міжнароднымі дамовамі, у прыватнасці, Міжнародным пактам аб
грамадзянскіх і палітычных правах, падпісаным Беларуссю;
• Засцерагчы праваабаронцаў, каб яны маглі працаваць, не сутыкаючыся з
пагрозамі і пераследам, як гарантуе Дэкларацыя ААН аб праваабаронцах".
Сетка Дамоў
правоў чалавека (www.humanrightshouse.org)
Сетка Дамоў правоў чалавека - форум
супрацоўніцтва паміж Дамамі правоў чалавека, ужо створанымі альбо ствараемымі, якія
аб'ядноўваюць 70 грамадскіх арганізацый у Заходне-Балканскім,
Усходнееўрапейскім і Паўднёва-Каўказскім рэгіёнах, Усходняй Афрыцы і Заходняй
Еўропе. Мэта СДПЧ - абараняць, умацоўваць і падтрымліваць праваабаронцаў і іх
арганізацыі. Сакратарыятам Сеткі з'яўляецца Фонд ДПЧ ў Осла.