Рэгіянальны зрэз выбарчай кампаніі: АРШАНШЧЫНА
Фарміраванне тэрытарыяльных і ўчастковых камісій
У
Аршанскім рэгіёне ў склад гарадской і раённай камісій па выбарах прэзідэнта
было вылучана ў агульнай колькасці 8 прадстаўнікоў апазіцыйных партый. Ні адзін
з іх не быў уключаны ў камісіі. У складзе камісій пераважалі кіруючыя работнікі
прадпрыемстваў і арганізацый, члены выканкамаў. У склад гарадской камісіі быў
уключаны нават 79-гадовы прадстаўнік Камуністычнай партыі Беларусі Аляксей
Ламыга, які ў сілу свайго ўзросту і стану здароўя не мог адэкватна ўспрымаць
сітуацыю.
Істотна не адрознівалася сітуацыя пры фарміраванні ўчастковых камісій. У
горадзе Орша былі створаны 62 камісіі, у якіх у агульнай колькасці прысутнічала
6 прадстаўнікоў апазіцыі. 4 сябры партыі левых «Справядлівы свет» былі
ўключаныя ў склад участковых камісій па Аршанскім раёне (усяго 43 камісіі).
Усяго прадстаўнікоў апазіцыі ўключана ў склад участковых камісій 0,68% ад
агульнай колькасці сябраў камісій. Зусім іншая карціна назіралася пры ўключэнні
ў склад камісій прадстаўнікоў БРСМ, ГА «Белая Русь», Грамадскага аб'яднання
ветэранаў, саюза жанчын і шэрагу іншых праўладных арганізацый. Прадстаўнікі
вышэйзгаданых структур увайшлі ў склад практычна ўсіх участковых камісій.
Збор подпісаў і праверка
У Аршанскім рэгіёне працавалі прадстаўнікі практычна ўсіх ініцыятыўных груп
кандыдатаў у прэзідэнты. У падтрымку апазіцыйных кандыдатаў подпісы збіраліся
пераважна па месцы жыхарства, а таксама на пікетах. Спіс месцаў для пікетавання
з мэтай збору подпісаў мясцовымі ўладамі не абмяжоўваўся, подпісы можна было
збіраць у любым месцы на тэрыторыі Оршы і Аршанскага раёна. Таксама не чынілася
якіх-небудзь прыкметных перашкод для зборшчыкаў подпісаў па месцы жыхарства
выбаршчыкаў. Выпадкаў затрымання сябраў ініцыятыўных груп міліцыяй не
адзначана.
У той жа час адзначаны шматлікія выпадкі выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу
пры зборы подпісаў за Аляксандра Лукашэнку. Масава адзначаліся факты, калі
работнікаў прадпрыемстваў, арганізацый розных формаў уласнасці адміністрацыя
прымушала прынесці пашпарты і паставіць свой подпіс у падтрымку вылучэння
Лукашэнкі. У прыватнасці, такія выпадкі адзначаны на Аршанскім ільнокамбінаце,
інструментальным заводзе, прадпрыемстве «Легмаш». Прычым у падобных выпадках
подпісы збіраліся самімі работнікамі адміністрацыі прадпрыемстваў, якія не
з'яўляліся членамі ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі.
Працэдура праверкі падпісных лістоў характарызавалася непразрыстасцю. Пры
прыёме падпісных лістоў камісіі пералічвалі толькі колькасць падпісных лістоў,
а не колькасць подпісаў у іх. Гэта прывяло да таго, што Аршанская гарадская
камісія дапусціла памылкі ў падліку агульнай колькасці пададзеных подпісаў за
кандыдатаў Някляева і Уса. Сама праверка подпісаў праходзіла выключна ў
кабінетах, сярод крытэраў прызнання подпісаў несапраўднымі прысутнічалі такія,
як дрэнны почырк сябра ініцыятыўнай групы, шмат выпраўленняў на лісце. Гэтыя
фактары не прадугледжаны Выбарчым кодэксам у якасці падстаў для прызнання
подпісаў несапраўднымі. Праверкі дакладнасці подпісаў шляхам апытання падпісаўшыхся
грамадзян не праводзіліся. Найменшая колькасць несапраўдных подпісаў і
гарадская і раённая камісіі выявілі за Аляксандра Лукашэнку.
Перадвыбарная
агітацыя
Аршанскім гарадскім і раённым выканкамамі ва ўстаноўленыя законам тэрміны былі
вызначаны месцы для размяшчэння візуальнай агітацыі. Колькасць такіх месцаў не
выклікала пытанняў у каманд кандыдатаў, аднак некаторыя месцы, выдзеленыя для
размяшчэння агітацыйных плакатаў, на справе наогул адсутнічалі - былі
ліквідаваныя некалькі гадоў таму. У шэрагу месцаў адміністрацыя адмаўлялася
прымаць плакаты кандыдатаў у прэзідэнты, матывуючы гэта тым, што ў іх няма
адпаведнага стэнда.
Адначасова выканкамы прынялі рашэнне аб прадастаўленні памяшканняў для сустрэч
з кандыдатамі ў прэзідэнты і іх даверанымі асобамі. Сярод дзевяці выдзеленых
залаў восем знаходзяцца ў аддаленых раёнах горада і, як правіла, уяўлялі сабой
актавыя залы агульнаадукацыйных школ, якія дазвалялі прыняць 30-40 чалавек.
Найбольш буйныя залы - Палаца культуры ільнокамбіната, гарадскога цэнтра
культуры, дома культуры чыгуначнікаў, дома культуры «Легмаш» не ўвайшлі ў спіс дазволеных
памяшканняў.
Дзейнасць СМІ
У Оршы і Аршанскім раёне выдаецца дзяржаўная «Аршанская газета» тыражом 5200
экз., выходзіць недзяржаўная інфармацыйная газэта «Тэлекам-Экспрэс» тыражом
13500 экз., выходзіць у эфір тэлеканал «Скіф» і УКХ - радыёстанцыя «Скіф».
Газета «Тэлекам-Экспрэс», тэлеканал і радыёстанцыя належаць ТАА
«Тэлекам-Гарант».
Ва ўсіх вышэйпералічаных СМІ за ўвесь перыяд агітацыйнай кампаніі не прагучала
ні аднаго слова пра апазыцыйных кандыдатаў. Нягледзячы на тое, што ўсе СМІ былі
запрошаныя на сустрэчы ў Оршы з Кастусёвым, Някляевым, Раманчуком, Саннікавым,
Рымашэўскім, Усам і Статкевічам, карэспандэнты газет гэтыя сустрэчы ігнаравалі.
На двух апошніх сустрэчах прысутнічала тэлекампанія «Скіф», якая вяла
відэаздымкі, аднак у эфір гэтыя кадры не выйшлі.
У той жа час на старонках "Аршанскай газеты» рэгулярна публікаваліся
матэрыялы, якія можна расцаніць як прыхаваную агітацыю за дзеючага прэзідэнта
А. Лукашэнку. Усяго такіх артыкулаў апублікавана 8. Сярод іх нават ёсць агітматэрыял
грамадзяніна Расіі, жыхара горада Смаленска. Змест такіх артыкулаў - заклікі да
захавання існуючай сітуацыі, непажаданасць якіх-небудзь пераменаў, усебаковая
прапаганда стабільнасці эканамічнай і грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі.
Ход галасавання і падлік галасоў
Па горадзе Орша назіральнікі прысутнічалі на 29 выбарчых участках з 62-х. На
трэці ўчасткаў адзначаны істотныя разыходжанні ў колькасці выбаршчыкаў, якія
прыйшлі на датэрміновае галасаванне па дадзеных назіральнікаў з лічбамі, якія
агучылі ўчастковыя камісіі. Акрамя таго, па дадзеных камісій на тых 29
участках, дзе былі назіральнікі, сярэдняя яўка на датэрміновае галасаванне
склала 27,0%, а на астатніх 33-х участках - 32,9%. Гэтыя дадзеныя сведчаць аб
штучным завышэнні яўкі на датэрміновае галасаванне ўчастковымі камісіямі.
Раніцай 19 снежня на ўчастках № 4 і № 52 па горадзе Орша назіральнікамі зафіксаваны факт замены пячатак і лісткоў з подпісамі сябраў камісій, якімі апячатваюцца скрыні датэрміновага галасавання. Гэта сведчыць аб тым, што скрыні на гэтых участках ускрывалі.
На ўчастку № 42 назіральнік ад БХК Тамара Макарэвіч была выдаленая з участку старшынёй участковай камісіі на той падставе, што яна вылучана рэспубліканскай арганізацыяй. Дадзеныя дзеянні старшыні камісіі супярэчаць адпаведнай пастанове Цэнтрвыбаркама, які прызнаў магчымым назіральнікаў ад рэспубліканскіх кіруючых органаў накіроўваць на ўчасткі для галасавання.
Большасці назіральнікаў не было дазволена прысутнічаць пры галасаванні па месцы знаходжання выбаршчыкаў.
Працэс падліку галасоў адбываўся на адлегласці ад назіральнікаў, у іх не было ніякай магчымасці адсачыць аб'ектыўнасць падліку. Па сведчанні ўсіх без выключэння назіральнікаў раздзельны падлік бюлетэняў не вёўся, як таго патрабуе інструкцыя ЦВК, члены камісіі падлічвалі бюлетэні моўчкі, аддавалі старшыням камісіяў лісткі з вынікамі, а старшыня асабіста сумаваў вынікі. Большасць назіральнікаў адзначыла, што візуальна вышыня стосаў бюлетэняў на сталах на карысць таго ці іншага кандыдата не адпавядала абвешчаным вынікам выбараў.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"