viasna on patreon

На паседжанні ЦВК прадстаўніку БХК груба ўказалі на месца

2010 2010-12-24T16:50:22+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/gary_paganiajla.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Гары Паганяйла

Гары Паганяйла

24 снежня напрыканцы паседжання Цэнтральнай камісіі  Лідзія Ярмошына ўзгадала, што РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” таксама звярнулася ў камісію з заявай аб прызнанні вынікаў выбараў несапраўднымі. Праваабарончае аб’яднанне на паседжанні прадстаўляў юрыст Гары Паганяйла.

- Ярмошына сказала, што разгляд нашай заявы не прадугледжаны Выбарчым кодэксам і БХК атрымае адказ пазней. Я, натуральна, запярэчыў,  сказаўшы пра тое, што мы звярнуліся ў адпаведнасці з артыкулам 40 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, паколькі ажыццяўлялі незалежнае назіранне ў межах кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, падчас якога зафіксавалі шматлікія факты парушэнняў дзейнага заканадаўства, і наша скарга падлягае разгляду. Аднак мне ў грубай форме ўказалі на месца, - распавядае Г.Паганяйла.

На гэтым паседжанні разглядалася скарга Рыгора Кастусёва - сябры ЦВК аднагалосна прынялі рашэнне адмовіць у яе задавальненні. Кандыдат асабіста не прысутнічаў на паседжанні. Прызнаць выбары несапраўднымі ў сувязі з фактамі грубых парушэнняў заканадаўства прасіў ЦВК прадстаўнік яго выбарчага штабу.

- На паседжанні разглядаліся скаргі з патрабаваннем пераліку галасоў на шэрагу выбарчых участкаў – яны таксама былі прызнаныя неабгрунтаванымі. Сябры ЦВК з правам дарадчага голасу прасілі камісію звярнуцца да праваахоўных органаў з заклікам аб вызваленні затрыманых кандыдатаў у прэзідэнты і не абвяшчаць вынікаў, пакуль астатнія кандыдаты не заявяць свае прэтэнзіі адносна справядлівасці гэтых выбараў, - зазначае юрыст БХК.  

Аднак усе гэтыя заявы таксама не былі ўспрынятыя Цэнтральнай камісіяй, яна дзейнічала ў сваім рэчышчы і прыняла прадказальнае рашэнне пра абранне Лукашэнкі на чарговы тэрмін.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства