viasna on patreon

Зварот Нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці праграмы “Усходняе партнёрства”

2010 2010-12-25T11:23:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

24 снежня шэраг беларускіх грамадскіх арганізацый падпісалі сумесны зварот Нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці праграмы «Усходняе партнёрства», дзе асудзілі жорсткі разгон дэманстрацыі 19 снежня і заклікалі ўлады вызваліць з-пад варты ўсіх кандыдатаў у прэзідэнты і іх прыхільнікаў, а таксама спыніць палітычна матываваны пераслед грамадзянаў:

ЗВАРОТ
НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ПЛАТФОРМЫ ФОРУМА ГРАМАДЗЯНСКАЙ СУПОЛЬНАСЦІ ПРАГРАМЫ «УСХОДНЯЕ ПАРТНЁРСТВА»
 
24 снежня 2010 г.
Мінск, Рэспубліка Беларусь


Мы, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці Беларусі, аб'яднаныя Нацыянальнай платформай Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга Партнёрства,

ацэньваем падзеі па жорсткім разгоне мірнай акцыі пратэсту 19 снежня 2010 году на плошчы Незалежнасці горада Мінска як грубейшае парушэнне дэмакратычных прынцыпаў і правоў чалавека.

Папярэднія дзеянні ўладаў (публічныя заявы асобных дзяржаўных службоўцаў, канцэнтрацыя ў цэнтры горада ў вялікай колькасці супрацоўнікаў сілавых ведамстваў разам са спецыяльнай і ваеннай тэхнікай, папярэднія незаконныя затрыманні грамадскіх актывістаў на працягу 18–19 снежня, ператрусы і канфіскацыя маёмасці, напад на прыхільнікаў кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева, збіццё Уладзіміра Някляева і яго шпіталізацыя) стваралі і нагняталі становішча страху і надзвычайнай сітуацыі ў сталіцы.

Нягледзячы на гэта, многія тысячы грамадзян сабраліся на Кастрычніцкай плошчы 19 снежня 2010 году ў 20 гадзін на мірную акцыю, для таго каб выказаць сваё меркаванне і падтрымаць кандыдатаў на пост прэзідэнта. Пра месца збору мірнай акцыі грамадзян было вядома дзяржаўным органам, і ўсё, што абавязана распачаць у гэтых умовах дзяржаўная ўлада, — забяспечыць бяспеку грамадзян. Замест гэтага ўлады накрылі прастору плошчы аглушальнай музычна-шумавой «падушкай», з-за чаго тысячы прысутных былі пазбаўлены магчымасці пачуць выступоўцаў.

Гэта акалічнасць вымусіла ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту выйсці на праспект Незалежнасці і пачаць арганізаваны рух да плошчы Незалежнасці.

Мітынг на плошчы Незалежнасці быў падушаны самым жорсткім чынам. Прыняцце рашэння пра ўжыванне сілы ў адносінах да тых, хто сабраўся, было неапраўданым ані з маральнага, ані з прававога пунктаў гледжання — забеспячэння законнасці, правапарадку, павагі правоў і свабодаў асобы. Правакацыйныя дзеянні некалькіх грамадзян, якія разбілі шкло ў дзяржустанове, былі перарваны самімі ўдзельнікамі мірнай акцыі, аднак былі скарыстаны як фармальная нагода для яе масіраванага падушэння. Многія сведчанні і відэаматэрыялы пацвярджаюць, што заклікаў да штурму будынка Ўрада не гучала. Больш таго, з боку ўдзельнікаў акцыі гучалі настойлівыя заклікі спыніць правакатараў і не аказваць супраціву міліцыі.

Падчас разгону мірнай акцыі больш за 200 чалавек былі збіты, па розных звестках ад 600 да 1000 чалавек затрымана, прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці і змешчана ў ізалятарах часавага ўтрымання ў Мінску і ў Жодзіна. Маніторынг судовых працэсаў выявіў паўсюдныя грубейшыя парушэнні падчас іх правядзення.

Наступныя дзеянні ўладаў (арышты кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, членаў іх штабоў, напады на офісы праваабарончых арганізацый і сродкаў масавай інфармацыі) мы разглядаем як палітычна матываваныя пераследы палітычных апанентаў. У дадзены час у следчым ізалятары КДБ па падазрэнні ў здзяйсненні крымінальнага злачынства знаходзіцца 22 чалавекі — усе вядомыя палітычныя і грамадскія актывісты. Стан здароўя Уладзіміра Някляева і Андрэя Саннікава выклікае крайнюю занепакоенасць грамадскасці. Да шэрагу затрыманых да гэтага моманту не дапушчаны адвакаты, што пазбаўляе іх магчымасці атрымаць прававую дапамогу.

Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі працягваюць нагнятаць істэрыю. Мы атрымліваем паведамленні пра тое, што студэнтам, якія прынялі ўдзел у акцыі пратэсту, пагражаюць адлічэннем з навучальных устаноў, а выкладчыкам і іншым супрацоўнікам дзяржаўных устаноў — звальненнем з працы.

У сувязі з усім вышэйпададзеным, мы заклікаем структуры і супрацоўнікаў дзяржаўнай улады і кіравання:

    * спыніць тэндэнцыйнае асвятленне падзей 19 снежня і тым самым спыніць распальванне варожасці ў грамадстве;
    * вызваліць з-пад варты ўсіх кандыдатаў у прэзідэнты, членаў іх выбарчых штабоў і іх прыхільнікаў;   
    * спыніць палітычна матываваныя пераследы грамадзян, якія прынялі ўдзел у мірнай акцыі пратэсту;
    * забяспечыць аб'ектыўнае і стараннае расследаванне з удзелам міжнародных экспертаў акалічнасцяў правакацыйных дзеянняў ля Дома Ураду, якія сталі фармальнай нагодай для разгону мірнай акцыі, высветліць усе асобы, якія прымалі ў іх удзел, а таксама іх матывы, і праінфармаваць пра вынікі шырокую грамадскасць;
    * устрымацца ад публічных заяў пра вінаватасць ці дачыненне да масавых беспарадкаў да сканчэння следства і суда.

Мы заклікаем арганізацыі, ініцыятывы і ўсіх прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці:

    * выказаць салідарнасць з затрыманымі і членамі іх сем'яў і аказаць ім усялякую падтрымку;
    * стварыць грамадскую камісію па расследаванні падзей 19 снежня, сабраць па магчымасці максімальна поўныя сведчанні фактычных акалічнасцяў падзей і аднавіць іх праўдзівую карціну;
    * усяляк спрыяць выкананню і абароне правоў і свабод усіх грамадзян, якія прынялі ўдзел у мірнай акцыі пратэсту 19 снежня.

Уладзіслаў Вялічка, Спікер Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, нацыянальны каардынатар Форума па Беларусі, Міжнародны кансорцыум «ЕўраБеларусь»

Алена Танкачова, Фонд развіцця прававых тэхналогій

Вольга Смалянка, Асветніцкая ўстанова «Цэнтр прававой трансфармацыі»

Галіна Чарапок, Асветніцкая ўстанова «Цэнтр прававой трансфармацыі»

Вольга Стужынская, Офіс за дэмакратычную Беларусь, Брусэль

Уладзімір Мацкевіч, Агенцтва гуманітарных тэхналогій

Таццяна Вадалажская, Агенцтва гуманітарных тэхналогій

Сяргей Мацкевіч, Асамблея НДА Беларусі

Жана Літвіна, Грамадскае аб'яднанне «Беларуская асацыяцыя журналістаў»

Таццяна Гацура, Міжнародная хельсінкская асацыяцыя па правах чалавека

Ігар Лялькоў, Грамадскае аб'яднанне «БНФ “Адраджэньне”»

Дзіна Шаўцова, Грамадзянская ініцыятыва «За свабоднае веравызнанне»

Святлана Каралёва, Альтэрнатыўная моладзевая платформа

Вячаслаў Паздняк, Аналітычны цэнтр «Wider Europe»

Дзмітрый Карпіевіч, Грамадскае аб'яднанне «Адукацыйны цэнтр “ПОСТ”»

Аляксандр Каралевіч, Грамадскае аб'яднанне «Адукацыйны цэнтр “ПОСТ”»

Таццяна Пашавалава, Грамадскае аб'яднанне «Цэнтр сацыяльных інавацый»

Леанід Каліценя, Грамадскае аб'яднанне «Цэнтр сацыяльных інавацый»

Андрэй Ягораў, Навукова-даследчая ўстанова «Аналітычная група ЦЕТ»

Сяргей Драздоўскі, Грамадскае аб'яднанне «Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў»

Міраслаў Кобаса, Асветніцкае грамадскае аб'яднанне «Фонд імя Льва Сапегі»

Ірына Сухій, Грамадскае аб'яднанне «Экадом»

Ірына Капарыха, Грамадскае аб'яднанне «Экадом»

Зміцер Чарткоў, Грамадскае аб'яднанне «Экадом»

Яраслаў Бекіш, Экалагічнае таварыства «Зялёная сетка»

Георгій Казулька, Грамадскі праект «Белавежская пушча ХХI»

Антаніна Елістратава, Рэспубліканскае маладзёжнае грамадскае аб'яднанне «Нэкст Стоп — Нью Лайф»

Аляксандр Адамянц, Цэнтр еўрапейскіх даследаванняў, Інтэрнэт-часопіс «Новая Эўропа»

Ірына Віданава, Мультымедыя-часопіс «34»

Аляксандр Ярашук, Асацыяцыя прафсаюзаў «Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў»

Людміла Пеціна, Грамадскае аб'яднанне «Жаночы незалежны дэмакратычны рух»

Аляксандр Лагвінец, Праваабаронча-асветніцкае грамадскае аб'яднанне «Рух “За свабоду”»

Надзея Меляшкевіч, Грамадскае аб'яднанне «Беларускі камітэт “Дзеці Чарнобыля”»

Анатоль Швяцоў, Грамадскае аб'яднанне «Абарона правоў бацькаў і дзяцей»

Кацярына Пшыбыльска, Беларускае Шуманаўскае таварыства

Аксана Шэлест, Навукова-даследчая ўстанова «Аналітычная група ЦЕТ»

Андрэй Шутаў, Агенцтва гуманітарных тэхналогій

Барыс Чарнаглаз, пастар Рэлiгiйнай абшчыны хрысцiян поўнага Евангелля «Царква Iсуса Хрыста», Мінс

Дзяніс Мельянцоў, Беларускі інстытут стратэгічных даследванняў (BISS)

Віталь Сіліцкі, Беларускі інстытут стратэгічных даследванняў (BISS)

Сяргей Андросенка, Праваабарончы праект «ГейБеларусь»

Наталля Парэчына, Экалагічнае таварыства «Зялёная сетка»

Iгар Куталоўскi,  Грамадскае аб’яднанне «Экадом»

Wojciech Przybylski, Часопіс «Res Publica Nowa» (Польшча), удзельнік Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства ў Берлине (2010)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства