viasna on patreon

Выбары ў Бабруйску: Рэгіянальны зрэз

2010 2010-12-25T00:51:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/babruisk3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Вылучэнне ў камісіі

Вялікага ажыятажу вылучацца ў тэрытарыяльныя камісіі ў бабруйскіх дэмакратаў не было. Выказалі жаданне 19 чалавек , але на справе дакументы падалі адзінкі.  Дэмакраты патлумачылі сваю пасіўнасць тым, што гэта “бессэнсоўна”.

У раённыя выбарчыя камісіі двух раёнаў увайшлі толькі “ідэалагічна правільныя” людзі, большасць з якіх ўжо мелі вопыт “стварэння” патрэбных вынікаў выбараў.

Збор подпісаў

У перыяд фармавання ініцыятыўных груп назіраўся ўздым грамадзянскай актыўнасці. Людзі самі выходзілі на лідэраў палітычных суполак горада і выказвалі жаданне хоць нечым дапамагчы, звязваліся праз агульных знаёмых ці інтэрнэт. У Бабруйску пачалі працу ініцыятыўныя групы Рыгора Кастусёва, Алеся Міхалевіча, Міколы Статкевіча, Андрэя Саннікава, Уладзіміра Някляева, Віталя Рымашэўскага, Яраслава Раманчука. Бабруйчане выказвалі жаданне ўвайсці ў групы нават пасля таго, як спісы былі ўжо закрытыя. 

Для збору подпісаў былі забароненыя амаль усе шматлюдныя месцы. Тым не менш, ініцыятыўныя групы “вылічылі” папулярныя месцы, якія не падпадалі пад забарону. Жыхары горада ставіліся да пікетаў з вялікай цікавасцю. Гэта быў час нейкай эфемернай “свабоды”, калі людзі не баяліся весці палітычныя дыскусіі проста на вуліцах горада, а на рынкавай плошчы можна было ўбачыць гістарычны бел-чырвона-белы сцяг.

Перыядычна пікеты наведвалі супрацоўнікі КДБ і таямнічыя “аператары” і “фатографы”, але выбаршчыкі (хутчэй за ўсё па няведанні) на іх асабліва не рэагавалі. Не абыйшлося і без агрэсіўна настроеных прыхільнікаў Лукашэнкі, якія абражалі пікетоўшчыкаў, правакавалі. Падобная сітуацыя склалася і са зборам подпісаў па дамах.  Сябры ініцыятыўных груп распавядалі, што адзін чалавек мог запрасіць на гарбату, а іншы кінуцца з кулакамі. Зборшчыкі подпісаў адзначалі жаданне пераменаў у бабруйчанаў і адначасова страх пайсці насуперак загадам начальства падпісацца “за стабільнасць”. 

У перыяд збору подпісаў пачаўся ціск на сябраў ініцыятыўных груп і спробы запалохаць іх. Алену Мядзведзеву з каманды Уладзіміра Някляева выклікалі на допыт ў якасці сведкі па крымінальнай справе. Пагрозы звальнення і праблем на працы гучалі ў адрас сяброў ініцыятыўнай групы Віталя Рымашэўскага. Таксама да “хадэкаў” пачалі прыходзіць людзі, якія прадстаўляліся супрацоўнікамі мінюста, і прасілі запоўніць анкеты. Пад гэтым ціскам некалькі чалавек напісалі заявы аб выхадзе з БХД. Падобныя выпадкі былі і ў зборшчыкаў подпісаў за Андрэя Саннікава.

Падчас збору подпісаў гарадскія ўлады напоўніцу выкарыстоўвалі адміністратыўны рэсурс, каб сабраць вялікую колькасць подпісаў за Лукашэнку. Варта адзначыць, што людзі выконвалі гэты загад “з-пад палкі”, але скардзіліся толькі знаёмым і сваякам. Мала хто з іх быў здольны справіцца з з запланаванымі 200-300 подпісамі.

На працягу ўсёй падпісной кампаніі гарадскія ўлады стваралі ініцыятыўным групам перашкоды: забаранілі пускаць зборшчыкаў подпісаў у інтэрнаты, казалі на працы, што падпісвацца можна толькі адзін раз, і яны пракантралююць, за каго, і гэтак далей. Гэта збівала з панталыку выбаршчыкаў, а яшчэ больш палохала іх.

Асвятленне ў СМІ

Гарадскія СМІ стараліся пісаць пра выбары мінімальна і акуратна. На першых этапах прозвічшы прэтэндэнтаў у кандыдаты асмелілася назваць толькі газета “Вечерній Бобруйск”. У хуткім часе яе аўтара Дзмітрыя Растаева, які пісаў на выбарчую тэматыку,  адправілі ў адпачынак, а пасля звольнілі – па патрабаванні гарадскіх ідэолагаў. Гэта канчаткова адбіла жаданне ў прэсы выказваць сваю пазіцыю.  Газеты “Коммерческий курьер” і гарвыканкамаўскае “Бабруйскае жыццё” пісалі толькі пра пікеты і збор подпісаў за Лукашэнку.

У перыяд агітацыі тактыка СМІ амаль не змянілася. Маўклівыя недзяржаўныя газеты давалі інфармацыю дазавана і сціпла. Складвалася адчуванне, што рэадактары газет “цягнулі запалкі” – бо адна газета друкавала толькі расклад тэлевыступаў, другая – толькі праграмы кандыдатаў, і гэтак далей. Затое газета гарвыканкама “Бабруйскае жыццё” – “адарвалася” на пасквілях і філасофскіх опусах з адной думкай – “харошы Лукашэнка і дрэнныя апазіцыянеры”. Такім чынам, дэклараваныя роўныя ўмовы для агітацыі для ўсіх, таксама як і сумленны палік галасоў -  у Бабруйску з трэскам праваліліся.

Агітацыя

Месцы для правядзення агітацыі не парадавалі каманды альтэрнатыўных кандыдатаў. Памяшканні і адкрытыя пляцоўкі былі выдзелены на задворках горада – дабірацца туды было не зусім зручна. Бабруйчане з цяжкасцю маглі зразумець, дзе тое ці іншае месца ўвогуле знаходзіцца. Сябры каманд сабралі подпісы з просьбай пашырыць спіс і падалі заяву ў гарвыканкам, але гарадскія ўлады дадалі для агітацыі яшчэ некалькі аналагічных, бязлюдных месцаў.  Каманды Саннікава, Рымашэўскага і Някляева ў знак пратэсту ігнаравалі забарону і агітавалі на рынкавай плошчы.

Амаль на ўсіх сустрэчах кандыдатаў з выбаршчыкамі прысутнічалі супрацоўнікі КДБ з відэакамерамі, старшыні РВК, ідэолагі, сябры БРСМ. Асабліва актыўна правакатары шчыравалі на сустрэчы з Стакевічам і Усам, а на сустрэчы з Міхалевічам  зладзілі шоў з “масавым сыходам абураных грамадзян”, якое здымалася на некалькі відэакамер. 

Гэты этап быў перыядам другой хвалі грамадзянскай актыўнасці, калі на першы позірк апалітычныя знаёмыя ці выпадковыя людзі прасілі каманды кандыдатаў даць ім якое-небудзь заданне (кшталту раскідаць па скрынях агітматэрыялы), каб хоць неяк дапамагчы.

Галасаванне

Падчас датэрміновага галасавання ў Бабруйску назіраўся паўсюдны прымус, асабліва ў адносінах да навучэнцаў і студэнтаў. Навучэнцаў прыводзілі на выбарчыя ўчасткі цэлымі групамі – у навучальны час. Датэрміновае галасаванне адбылося дзякуючы атамасферы страху – як з боку галасуючых, так і з боку сябраў камісіі, якія потым значна “павялічылі” гэтыя лічбы.

Незалежныя назіральнікі не мелі магчымасць працаваць у зручных умовах як падчас датэрміновага, так і ў дзень асноўнага галасавання. Сябры камісій успрымалі іх як патэнцыйных ворагаў, дый увесь працэс “супрацы” камісій і назіральнікаў нагадваў партызанскую вайну. Адны – адсочвалі і фіксавалі шматлікія парушэнні, другія – “хаваліся ў акопы” і адмаўляліся даваць нават самую элементарную інфармацыю. Нават звычайных выбаршчыкаў, якія заўважалі надта вялікія шчыліны ў скрынях для галасавання, сябры ўчастковых камісій успрымалі як непрыяцеляў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства