viasna on patreon

Выбары на Віцебшчыне. Рэгіянальны зрэз

2010 2010-12-27T13:51:39+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/viciebshchyna-mapa.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Выбарчая кампанія на Віцебшчыне была адметная тым, што на ўдзел у барацьбе за прэзідэнцкую пасаду прэтэндавалі два жыхары Віцебска – прадпрымальнік Уладзімір Правальскі і супрацоўнік пладовагароднінавага камбіната Сяргей Рыжоў. Але ні адзін з іх не змог стаць кандыдатам.

Сяргей Рыжоў заявіў пра адмову ад удзелу ў выбарах напрыканцы этапу збору подпісаў: паводле яго заявы, на членаў ініцыятыўнай групы быў ціск з боку ўладаў, і неабходныя 100 тысяч подпісаў сабраць не паспявалі. Уладзіміра Правальскага кандыдатам не зацвердзіў Цэнтрвыбаркам: паводле аналізу сабраных подпісаў, пераважная большасць з іх была прызнана несапраўднымі.

Фарміраванне тэрытарыяльных і ўчастковых камісій

Згодна з афіцыйнамі звесткамі, на Віцебшчыне было створана 28 тэрытарыяльных  выбарчых камісій, у склад якіх увайшлі 364 чалавекі, з іх тры раённыя камісіі былі створаны ў абласным цэнтры.

Старшыня абласной арганізацыі партыі “Справядлівы свет” Мікалай Селівашка быў уключаны ў абласную выбарчую камісію. Ён стаў адным з двух дзесяткаў вылучэнцаў ад гэтай партыі, якія прэтэндавалі на ўдзел у працы камісіі. У тэрытарыяльныя камісіі не ўдалося трапіць ні прадстаўнікам партыі “Справядлівы свет”, ні партыі БНФ.

Віцебскі праваабаронца Павел Левінаў не трапіў у выбарчыя камісіі нават пасля двух судоў - ні абласны суд Віцебска, ні Кастрычніцкі раённы суд не задаволілі скаргі грамадзянаў, якія хацелі вылучыць Паўла Левінава ў склад віцебскай абласной выбарчай камісіі і ў склад выбарчай камісіі Першамайскага раёну. Леанід Гаравы, актывіст з райцэнтра Гарадок Віцебскай вобласці, спрабаваў трапіць у раённую выбарчую камісію, але яго  не ўключылі туды, як ён лічыць, з-за негатыўнай характарыстыкі, дадзенай  яму намесніцай старшыні райвыканкаму. У сувязі з гэтым  Л.Гаравы напісаў зварот у райвыканкам  і ў пракуратуру, аднак гэтыя захады таксама не прынеслі поспеху.

У Віцебскай вобласці былі створаны 911 участковых камісій, з іх 2 працавалі ў вайсковых частках, 51 – у бальніцах, санаторыях, дамах адпачынку. У склад участковых камісій былі ўключаны  11458 чалавек. Ніводзін прадстаўнік ад апазіцыйных партый ці дэмакратычных грамадскіх арганізацый ва ўчастковыя камісіі не трапіў, хаця прэтэндэнтаў вылучалі партыя “Справядлівы свет”, партыя БНФ, АГП і  грамадская арганізацыя “Самакіраванне і грамадства”.

Збор подпісаў

Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах праводзіўся на пікетах, а таксама члены ініцыятыўных груп праводзілі яго “ад дзвярэй да дзвярэй”. Супрацоўнік пладовагароднінавага камбіната “Ноўка” Сяргей Рыжоў, які меў намер вылучыцца кандыдатам на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах, неаднаразова заяўляў пра ціск уладаў на членаў сваёй ініцыятыўнай групы і ўрэшце адмовіўся ад удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах на той падставе, што ва ўмовах ціску ініцыятыўная група не паспявае сабраць неабходныя 100 тысяч подпісаў.

Праваабаронцы і члены ініцыятыўнай групы заяўлялі пра факт прымусовага змяшчэння ў псіхіятрычны шпіталь прыхільніка М.Статкевіча і У.Някляева з  Навалукомля . Пётр Баравік  выказаў жаданне збіраць подпісы за гэтых патэнцыйных кандыдатаў на прэзідэнцкую пасаду, але не атрымаў па пошце неабходныя дакументы, дасланыя з Віцебска. Ён паскардзіўся на факт ускрыцця канверта ў міліцыю, запатрабаваўшы дадатковай экспертызы – у прыватнасці, на утрыманне радыёактыўных рэчываў. Супрацоўнікі міліцыі даставілі яго ў Лепельскі псіхіятрычны шпіталь, дзе ён мусіў правесці каля тыдня.

У Віцебску і вобласці стала працавалі пікеты па зборы подпісаў за вылучэнне на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах А.Саннікава, У.Някляева, Я.Раманчука, А.Лукашэнкі, В.Рымашэўскага. Перыядычна выстаўляліся пікеты па зборы подпісаў за вылучэнне А.Міхалевіча, Р.Кастусёва, М.Статкевіча, Дз.Уса.

Праваабаронцы і актывісты заяўлялі пра факты нападаў на збіральнікаў подпісаў. Падчас пакватэрнага абыходу выбаршчыкаў прыхільнікі Яраслава Раманчука, Уладзіміра Някляева і Віталя Рымашэўскага мусілі звяртацца ў міліцыю, калі на іх нападалі мясцовыя жыхары – ці то прыхільнікі А.Лукашэнкі, ці то неабазнаныя ў выбарчым заканадаўстве асобы, іншым разам нецвярозыя. У апошні дзень збору подпісаў невядомы накінуўся з кулакамі нават на макет фігуры Уладзіміра Някляева, які выкарыстоўваўся як атрыбут пікета. Але зафіксаваны ўсяго адзіны выпадак, калі нападніка-хулігана пакараў суд: у Кастрычніцкім райсудзе Віцебску хулігану, які напаў на жанчын - удзельніц пікетаў за вылучэнне дэмакратычных кандыдатаў - быў прысуджаны штраф. 

Вядомыя факты, калі збіральнікаў подпісаў не пускалі ў працоўныя і студэнцкія інтэрнаты. І тым самым часам праваабаронцы адзначалі, што актыўна выкарыстоўваўся адміністрацыйны рэсурс падчас збору подпісаў за кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнку. Подпісы ў яго падтрымку збіраліся на розных дзяржаўных прадпрыемствах горада, а таксама ва ўніверсітэтах у працоўны і вучэбны час.

Паводле звестак абласной выбарчай камісіі, за Аляксандра Лукашэнку была здадзена 221 тысяча подпісаў жыхароў вобласці. За вылучэнне на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах  віцебскага прадпрымальніка Уладзіміра Правальскага  -109 тысяч, але на этапе рэгістрацыі большая частка з іх прызанана несапраўднымі.

Трэцяе месца па колькасці сабраных у вобласці подпісаў заняла ініцыятыўная група Уладзіміра Някляева – 32 тысячы. 26 тысяч подпісаў здалі прыхільнікі Мікалая Статкевіча і 25 тысяч – Дзмітрыя Уса. За астататніх прэтэндэнтаў на Віцебшчыне сабралі менш як па 20 тысяч подпісаў.

Агітацыйная кампанія

Віцебшчына была адзіным рэгіёнам, дзе праходзіла не толькі агітацыя за зарэгістраваных ЦВК кандыдатаў - апазіцыянер Барыс Хамайда агітаваў за байкот выбараў, выходзячы з плакатамі адпаведнага зместу да так званага “сіняга дому” – дому №28 па вуліцы Леніна ў Віцебску. Некалькі разоў яго затрымлівалі і адвозілі ў міліцыю, але ніякіх пратаколаў не складалі.

У Віцебску стала працавалі два пікеты ў падтрымку Уладзіміра Някляева, прычым адзін з іх быў усталяваны на плошчы Леніна – гэтае месца адміністрыцыя Кастрычніцкага раёну ўпершыню вызначыла для агітацыйных мэтаў. Іншыя прапанаваныя месцы знаходзіліся далёка ад цэнтру – пераважна ва ўскраінных і малалюдных парках. Тым не менш актывісту КХП БНФ Яну Дзяржаўцаву было адмоўлена ў правядзенні пікетаў за байкот выбараў на плошчы Леніна: паводле адказу з раённый адміністрацыі, гэтае месца “ўжо занята” прыхільнікамі Уладзіміра Някляева, хаця самі яны не былі супраць яшчэ аднаго пікета побач.

Спробы агітаваць у іншых людных месцах часта завяршаліся канфліктамі. У прыватнасці, ахова гандлёвага цэнтру “Эвіком” у Віцебску неаднаразова выдаляла агітатараў за А.Міхалевіча, У.Някляева і В.Рымашэўскага.

У рэгіёнах агітацыйная кампанія праходзіла нашмат больш спакойна. У буйных гарадах – Воршы, Полацку, Наваполацку і ў райцэнтры Глыбокае – працавалі агітацыйныя пікеты ў падтрымку А.Саннікава, У.Някляева, Р.Кастусёва, В.Рымашэўскага.

Віцебскія  дзяржаўныя газеты “Віцебскі рабочы”, “Віцьбічы”, “Народнае слова”  ў сваіх публікацыях амаль не згадвалі пра агітацыю за апанентаў дзеючаму прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку. У асноўным СМІ паведамялі толькі пра чарговы этап выбарчай кампаніі. Тое самае тычылася і  дзяржаўных сайтаў, прычым сайты райвыканкамаў вельмі часта размяшчалі інфармацыю пра выбары з істотным спазненнем.

У друкаваныя дзяржаўныя СМІ “прасочвалася” толькі негатыўная інфармацыя пра сустрэчы з кандыдатамі ў прэзідэнты. Так, ва ўсіх трох віцебскіх газетах з’явіліся артыкулы пра скандал, звязаны з прыездам В.Рымашэўскага, якога не пусцілі на сустрэчу ў будынак тэлерадыёкампаніі “Віцебск”. Кандыдата абвінавацілі ў тым, што яго давераныя асобы непраўдзіва падалі гэты факт у незалежных СМІ.

У дзяржаўных СМІ тэндэнцыйна падавалася інфармацыя пра сустрэчы з дэмакратычнымі кандыдатамі. Так, у Віцебск, Полацк, Наваполацк і Воршу прыязжалі У.Някляеў і яго давераныя асобы, А.Саннікаў, В.Рымашэўскі, М.Статкевіч, Дз.Ус, А.Міхалевіч, Р.Кастусёў. Газеты “Віцебскі рабочы”, “Віцьбічы”, “Народнае слова” пісалі толькі пра тое, што гэтыя сустрэчы былі “нешматлюдныя”, што кандыдаты “не ўразілі”, і паводзілі сябе няўпэўнена і г.д.

Зрэшты, пра сустрэчы з  даверанымі асобамі Лукашэнкі газеты таксама шырока не паведамлялі. Таму праваабаронцы робяць выснову, што яны праводзіліся хутчэй “для галачкі”, чым для сапраўднай агітацыі.

 Выбары і падлік галасоў

Паводле звестак з абласной выбарчай камісіі, на выбарчых участках вобласці было задзейнічана 4153 скрыняў для галасавання, у тым ліку скрыні для датэрміновага галасавання і галасавання па месцы жыхарства. Празрыстых скрыняў было 82. Для назірання за выбарамі было зарэгістравана  звыш як 4,4 тысячы мясцовых назіральнікаў і больш як 40 кароткатэрміновых назіральнікаў ад СНД  і АБСЕ.

Незалежныя назіральнікі адзначалі, што на датэрміновае галасаванне людзей заганялі пад прымусам: работнікаў прадпрыемстваў страшыні непрацягненнем кантрактаў і звальненнем, а студэнтаў – высяленнем з інтэрнатаў.

Назіральнікі фіксавалі факты, што скрыні для галасавання былі даступныя для фальсіфікацый: яны лёгка разбіраліся і не захоўваліся належным чынам. У прыватнасці, калі датэрміновае галасаванне праходзіла ў будынках сярэдніх школ, дамоў культуры і г.д, то ў памяшканні для галасавання ў любы час маглі бесперашкодна трапіць любыя пабочныя асобы. Назіральнікі кажуць, што не заўжды не мелі магчымасць выконваць свае абавязкі: некаторых размяшчалі нават не на ўчастку, а ў калідоры, адкуль нічога не відаць і не чуваць. У прыватнасці, кандыдат А.Міхалевіч мусіў умяшацца ў такую сітуацыі на выбарчым участку №17 у Кастрычніцкім раёне Віцебска. І толькі пасля гэтага участак  “перасялілі” ў большае памяшканне, дзе ўжо хапіла месца і назіральнікам і камісіі.

Большасць назіральнікаў адзначае, што члены выбарчых камісій не давалі звестак аб ходзе галасавання – колькасці прагаласаваўшых датэрмінова кожны дзень, агульнай колькасці прагаласаваўшых датэрмінова, прагаласаваўшых па месцы жыхарства, а таксама ў дзень выбараў.

19 снежня ў 8.40 раніцы з участка №20 Кастрычніцкага раёну Віцебска выдалілі незалежную назіральніцу Антаніну Піванос, якая пратэставала супраць прысутнасці на ўчастку пабочных асобаў. Тры заўвагі камісія вынесла назіральніцы Алене Фаміной, якая актыўна аспрэчвала парушэнні.

Напрацягу дня галасавання назіральнікі паведамлялі пра факты парушэнняў выбарчага заканадаўства. Самым “гучным” аказаўся выпадак ў Наваполацку, калі назіральнікі заявілі пра тое, што чалавек укінуў у скрыню для галасавання адразу з паўтара дзесятка бюлетэняў. Гэта факт старшыня камісіі мусіла каментаваць і  спрабавала аспрэчыць нават на дзяржаўным тэлебачанні.

Пераважную большасць незалежных назіральнікаў “ізалявалі” ад падліку галасоў -  яны маглі назіраць толькі здаля,  як ён праводзіўся ў поўнай цішыні.

Паводле афіцыйных звестак, Віцебшчына пэўны час лідзіравала па колькасці ўдзельнікаў датэрміновага галасавання і 19 снежня ў 14.00 ва ўсіх раёнах вобласці выбары адбыліся – колькасць прагаласаваўшых перавысіла 50%. Афіцыйныя падлікі пасля закрыцця выбарчых участкаў засведчылі, што найбольшую колькасць галасоў – 82,47% - набраў дзейны прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. На другім месцы  апынуўся  Андрэй Саннікаў – у яго падтрымку выказалася 3,08% выбаршчыкаў вобласці. За Уладзіміра Някляева, павобле звестак абласной камісіі, прагаласала 1,74% выбаршчыкаў, за Рыгора Кастусёва – 1,66%, за Яраслава Раманчука – 1,57%, за Віктара Цярэшчанку – 1,19%, за  Віталя Рымашэўскага – 1,11%, за Мікалая Статкевіча – 1,02%, за Алеся Міхалевіча – 0,96%, з Дзмітрыя Усса – 0,38%.

Нагадаем, Віцебшчына, паводле афіцыйных звестак, заняла першае месца ў краіне па колькасці людзей, якія прыйшлі на выбарчыя ўчасткі, – яўка ў паўночным рэгіёне Беларусі склала 93,1% ад агульнай колькасці выбаршчыкаў. Між тым на ўчастках, дзе стала працавалі незалежныя назіральнікі, “сярэдняя” яўка склала толькі 70-80%. І на дастаткова вялікай колькасці ўчасткаў, дзе працавалі назіральнікі, колькасць галасоў, аддадзеных за дзейнага прэзідэнта, вагалася ў межах 45-55%. Там, дзе назіранне арганізавана не было, колькасць галасоў за А.Лукашэнку, паводле афіцыйных звестак, складала да 90%. На думку прававаабаронцаў, усе гэта ўскосна сведчыць пра фальсіфікацыю вынікаў выбараў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства