viasna on patreon

Жлобін, Рагачоў, Светлагорск: Рэгіянальны зрэз выбарчай кампаніі

2010 2010-12-27T17:09:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/svetlagorsk-skurchaeu.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Выбарчая кампанія ў рэгіёне даволі падрабязна асвятлялася ў праваабарончых публікацыях. Таму зараз варта адначыць толькі асобныя моманты, якім раней не была нададзена дастатковая ўвага. 

Агітацыйныя мерапрыемствы

Месцаў для перадвыбарчай агітацыі па-за памяшканнямі было недастаткова. Напрыклад, Светлагорскі райвыканкам спачатку вызначыў толькі адно месца ў Светлагорску, прычым размешчанае на ўскрайку горада і выкарыстоўваемае для складзіравання будаўнічых матэрыялаў. І хоць пасля зваротаў мясцовых прадстаўнікоў Партыі БНФ і партыі “Справядлівы свет” улады пазней вызначылі яшчэ 20 такіх месцаў, аднак час, адведзены на правядзенне агітацыйных мерапрыемстваў, быў у значнай ступені страчаны. Зусім не былі вызначаны месцы для правядзення такіх мерапрыемстваў у абсалютнай большасці сельскіх населеных пунктаў усіх трох раёнаў.

Разам з тым, выбаршчыкі не праяўлялі дастатковай зацікаўленасці да сустрэч з кандыдатамі і іх даверанымі асобамі. Так, у Светлагорску праводзіліся сустрэчы з кандыдатам у прэзідэнты Р. Кастусёвым, даверанымі асобамі кандыдатаў Ул. Някляева і В. Рымашэўскага. На сустрэчы з Р. Кастусёвым прысутнічалі каля 40 чалавек, на сустрэчы з даверанымі асобамі Ул. Някляева – каля 60. (Р. Кастусёў удзельнічаў таксама ў пікеце ў Жлобіне і правёў гутаркі з выбаршчыкамі на рынку ў Рагачове).      

Распаўсюд агітацыйных матэрыялаў

На вуліцах населеных пунктаў адсутнічалі спецыяльныя стэнды для размяшчэння агітацыйных матэрыялаў. Напрыклад, рашэннем Светлагорскага райвыканкама гэтыя матэрыялы можна было размяшчаць у горадзе на інфармацыйных тумбах і некаторых прыпынкавых павільёнах. Матэрыялы, размешчаныя на тумбах, маглі быць прачытаныя выбаршчыкамі толькі на працягу кароткага часу, паколькі ў такіх месцах увесь час размяшчаюцца розныя абвесткі і афішы. Прыпынкавыя павільёны, як, напрыклад, па вул. Свярдлова, маюць не суцэльную, а набраную з планак агароджу, на якой надзейнае размяшчэнне друкаванай прадукцыі немагчымае. У многіх сельскіх населеных пунктах раёнаў ніякіх месцаў для вывешвання агітацыйных плакатаў не было.

Распаўсюд агітацыйных матэрыялаў па месцы жыхарства насельніцтва ажыццяўляўся ў рознай ступені інтэнсіўнасці па розных кандыдатах. Найбольш актыўна раскладвалі ў паштовыя скрыні агітацыйныя матэрыялы прыхільнікі Р. Кастусёва, Ул. Някляева і А. Саннікава. За некаторых іншых кандыдатаў нават у раённых цэнтрах агітацыйныя матэрыялы не раскладваліся. У Светлагорску не хапіла прывезеных матэрыялаў Р. Кастусёва для распаўсюду па ўсіх дамах. Як правіла, не вёўся распаўсюд матэрыялаў па-за межамі раённых цэнтраў.  

Агітацыя ў СМІ і Інтэрнеце

Дзяржаўныя газеты “Новы дзень” (Жлобін), “Свабодные слова” (Рагачоў) і “Светлагорскія навіны” на працягу выбарчай кампаніі апублікавалі шматлікія матэрыялы пра А. Лукашэнку, які займае пасаду кіраўніка дзяржавы (хоць большасць гэтых матэрыялаў не тычыліся наўпрост выбараў). Друкавалася таксама вялікая колькасць артыкулаў, у якіх падкрэслівалася выключна станоўчая роля ўладаў у вырашэнні розных задач, паведамленні аб “патрыятычных акцыях” БРСМ і г. д. Пры гэтым “Новы дзень” і “Свабоднае слова” надрукавалі шэраг негатыўных матэрыялаў на адрас апазіцыйных кандыдатаў, прадстаўленыя як “меркаванні чытачоў”. Недзяржаўныя газеты, напрыклад, светлагорскія “Ранак-плюс” і “Светлагорскі бізнес”, не размяшчалі матэрыялаў аб выбарах.

Заўважная таксама пасіўнасць мясцовых груп падтрымкі кандыдатаў адносна СМІ і Інтэрнета. Так, невядома ніводнага выпадку, каб хто-небудзь з прыхільнікаў таго ці іншага кандыдата звярнуўся ў СМІ з просьбай аб агітацыйным выступу (хоць Выбарчы кодэкс прадугледжвае такую магчымасць). Не выкарыстоўваліся таксама магчымасці інтэрнет-сайтаў, у тым ліку незалежных.

Выбарчыя камісіі

Некаторыя прадстаўнікі выбарчых камісій асабліва падкрэслівалі свае адмоўнае стаўленне да незалежных назіральнікаў. Такіх назіральнікаў яны ўспрымалі не як прадстаўнікоў грамадзян і грамадскіх арганізацый, а як праціўнікаў існуючага ў краіне палітычнага рэжыму. Сваю задачу гэтыя члены камісій, відавочна, бачылі ў тым, каб абараніць выбарчыя ўчасткі ад незалежнага назірання. Так, на Індустрыяльным участку № 20, цэнтр якога знаходзіўся ў Светлагорскім дзяржаўным індустрыяльным каледжы (вул. Шашэйная, 10), дакументы ад шэрагу назіральнікаў, накіраваных дэмакратычнымі арганізацыямі, прымаў член участковай выбарчай камісіі, дырэктар гэтага каледжа Скурчаеў Фёдар Цітавіч (на здымку). Як паведамілі назіральнікі, пры гэтым ён, не хаваючы свайго адмоўнага стаўлення да назіральнікаў, узяў іхнія пашпарты і сыйшоў з дакументамі ў іншае памяшканне – каб “занатаваць дадзеныя”. На меркаванне шэрагу назіральнікаў, тым самым Скурчаеў падкрэсліў, што “занатаваныя дадзеныя” могуць быць выкарыстаны ім для ўціску на назіральнікаў (напрыклад, па месцы іхняй працы).

Варта адзначыць, што пры ўтварэнні ўчастковых камісій мясцовыя ўлады не ўключылі ў іх большасць дэмакратычных прадстаўнікоў, якія былі вылучаны ад грамадскіх арганізацый, апазіцыйных партый, грамадзян. Пры гэтым многія камісіі не былі ўкамплектаваны па максімальнаму колькаснаму складу, і, відавочна, не спраўляліся са сваёй працай. Напрыклад, у Светлагорску на Піянерскім выбарчым участку № 15 г., цэнтр якога ў сярэдняй школе № 10 (м-н Юбілейны, д. 15), старшыня ўчастковай выбарчай камісіі, дырэктар гэтай школы Драпеза Людміла Якаўлеўна дала заданне настаўнікам даручыць вучням разноску выбаршчыкам паведамленняў аб мерапрыемствах на выбарчым участку. Аб гэтым паведаміў В. Раманішка, адзін з выбаршчыкаў гэтага ўчастка. Варта адзначыць, што раней Л. Я. Драпеза выказвала рэзка негатыўнае стаўленне да ўдзелу старшакласнікаў у дэмакратычных акцыях, пагражаючы выключэннем са школы нібыта за ўдзел у палітычных мерапрыемствах. Прыцягненне вучняў да абслугоўвання выбарчай кампаніі, якая, несумненна, з’яўляецца палітычным мерапрыемствам, для дырэктара школы было цалкам прымальным.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства