У гомельскім ІЧУ сок і мінералку для арыштантаў не прынялі
У гомельскім ізалятары часовага ўтрымання не прынялі сок і мінеральную
ваду для актывістаў Юрыя Клімовіча, Валерыя Сляпухіна і Юрыя Захаранкі,
якія адбываюць адміністрацыйны арышт.
Яны з'яўляліся даверанымі асобамі кандыдатаў у прэзідэнты Віталя Рымашэўскага, Уладзіміра Някляева і Мікалая Статкевіча.
Клімовіч быў затрыманы ў Гомелі міліцыяй 18 снежня, а Захаранка і Сляпухін — 19-га. Усе яны былі абвінавачаныя ў нецэнзурнай лаянцы ў грамадскім месцы. Па рашэнні суда Захаранка і Сляпухін правядуць у ІЧУ 12 сутак, Клімовіч — 15.
Актывісты дэмакратычных сіл Гомеля некалькі разоў ужо перадавалі для затрыманых у ІЧУ сокі, ваду, газеты. 27 снежня на КПП адмовіліся прыняць спачатку сок, а потым і ваду. Супрацоўнікі ізалятара спасылаліся на распараджэнне ад начальства.
"Нам патлумачылі, што яны сядзяць па двое ў камерах і ў кожнага ўжо ёсць па 40 літраў соку. Таму, маўляў, прынялі такое рашэнне — больш для іх перадачы не прымаць", паведаміў БелаПАН актывіст апазіцыі Уладзімір Кацора.