viasna on patreon

Выбары на Брэстчыне: Рэгіянальны зрэз

2010 2010-12-28T22:50:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bresckaja_vobl.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Выбарчая кампанія ў Брэсцкай вобласці была адзначана высокай актыўнасцю ініцыятыўных груп падчас збору подпісаў, крэатыўнасцю актывістаў рэгіянальных выбарчых штабоў падчас агітацыі за сваіх кандыдатаў. Але, мабыць, больш за ўсё запомнілася «шараханне» мясцовых уладаў: спачатку пры вызначэнні месцаў, дзе подпісы збіраць забаронена (першапачатковы спіс, які моцна абмяжоўваў тэрыторыі, быў перагледжаны), а затым пры прыняцці аналагічнага рашэння, якое дае магчымасць весці агітацыю і праводзіць сустрэчы кандыдатаў і іх давераных асоб з выбаршчыкамі (улады зноў падкарэктавалі сваё першапачатковае рашэнне).

Фармаванне тэрытарыяльных і ўчастковых камісій

Усяго на Брэстчыне была створана 21 тэрытарыяльная выбарчая камісія, у якую ўвайшлі 270 чалавек. З іх 19 былі вылучаны палітычнымі партыямі, прычым 14 прадстаўлялі цалкам лаяльную цяперашнім уладам Камуністычную партыю Беларусі. У склад абласной выбарчай камісіі ўвайшоў сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Магонаў, які адразу ж паведаміў пра рашэнне спыніць сваё сяброўства ў ініцыятыўнай групе па вылучэнню кандыдатам у прэзідэнты РБ намесніка старшыні АГП Яраслава Раманчука, Сваё рашэнне ён матываваў тым, каб «нішто не перашкаджала поўна, справядліва i незалежна выконваць абавязкі сябра камісіі ». Аднак яго прыкладу рушылі ўслед не ўсе калегі па абласной выбарчай камісіі: у прыватнасці, сябрам гэтага выбаркама стала намеснік дырэктара ААТ «Прадтавары» па кадрах і ідэалагічнай рабоце Вера Шульжэнка, якая адначасова ўваходзіла ў склад ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты РБ Аляксандра Лукашэнкі.

На кіруючых пасадах практычна ўсіх сфармаваных у Брэсцкай вобласці тэрытарыяльных камісій у абавязковым парадку прысутнічалі супрацоўнікі мясцовых органаў выканаўчай улады. Як правіла, пасада старшыні, намесніка старшыні альбо сакратара падобных тэрытарыяльных камісій займалі штатныя ідэолагі або супрацоўнікі аддзела арганізацыйна-кадравай работы адпаведнага райвыканкама.

Найбольш красамоўная сітуацыя склалася ў Столінскім раёне, дзе тэрытарыяльную выбарчую камісію ўзначаліў першы намеснік старшыні райвыканкама Рыгор Пратасавіцкі, а сакратаром прызначаная галоўны спецыяліст аддзела арганізацыйна-кадравай работы гэтага ж райвыканкама Таісія Багатка. У Маларыцкім выбаркаме ўсе кіруючыя пасады занялі супрацоўнікі мясцовай раённай "вертыкалі" (начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы, начальнік аддзела статыстыкі і сакратар старшыні райвыканкама). Падобная сітуацыя назіралася і ў Камянцы, дзе выбарчую камісію ўзначалілі начальнік аддзела адукацыі, яго калега па аддзелу арганізацыйна-кадравай работы і галоўны спецыяліст аддзела ЖКГ райвыканкама.

Што тычыцца ўчастковых камісій, то іх было сфармавана ў вобласці 986, куды былі ўключаны 10 229 чалавек, у тым ліку 110 вылучэнцаў ад палітычных партый (1,1% ад агульнай колькасці сябраў камісій). Як і ў выпадку з тэрытарыяльнымі выбаркамамі большасць уключаных партыйцаў былі сябрамі КПБ (49 чалавек з 69 вылучаных). Для прыкладу: ад Партыі БНФ вылучалася 90 чалавек, а ўвайшло ў склад камісій пярвічнага ўзроўню толькі 30. Спробы абскардзіць у судовым парадку неўключэнне сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя выбаркамы, прынятыя мясцовым кіраўніцтвам АГП і Беларускай партыяй левых «Справядлівы свет», поспеху не мелі.

Збор подпісаў

Рашэннем Брэсцкага гарвыканкама ад 17 верасня пікетаванне з мэтай збору подпісаў забаранялася на плошчы Леніна і аднайменнай вуліцы, плошчы Свабоды і ў скверы імя Іконнікава, вуліцах Савецкай, Гогаля, Міцкевіча, праспекце Машэрава, а таксама на тэрыторыі аўтавакзала, аб'ектаў чыгуначнага і воднага транспарту і ў мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой». Гэта стала падставай для мясцовых праваабаронцаў, каб звярнуцца са скаргай у суд Ленінскага раёна г.Брэста, паколькі дадзенае рашэнне ўшчамляе правы грамадзян. Аднак неўзабаве скарга была адкліканая, бо згодна з прынятым 30 верасня новым рашэннем Брэсцкі гарвыканкам значна пашырыў магчымасці для правядзення пікетавання з мэтай збору подпісаў за прэтэндэнтаў, якія вылучаюцца ў якасці кандыдатаў у прэзідэнты РБ. У гэтым рашэнні змяшчаецца толькі адзіная забарона на правядзенне падобных пікетаў: іх нельга праводзіць на адлегласці менш чым  50 метраў ад будынкаў органаў мясцовага самакіравання, тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абараназдольнасць і бяспеку дзяржавы, а таксама жыццядзейнасць насельніцтва (прадпрыемствы вода-, цепла-і энергазабеспячэння ). Аналагічным чынам паступілі выканкамы ў гарадах і раёнах Брэсцкай вобласці.

Самай папулярнай кропкай для збору подпісаў у абласным цэнтры стаў «пятачок» ля ўваходу на Цэнтральны рынак на вуліцы Пушкінскай: тут амаль месяц штодня збіралі подпісы прадстаўнікі ініцыятыўных груп Уладзіміра Някляева, Андрэя Саннікава і Віталя Рымашэўскага, а ў асобныя дні да іх далучаліся актывісты іншых вылучэнцаў , уключаючы Аляксандра Лукашэнкі. Таксама актыўна збор подпісаў ажыццяўляўся каля кінатэатра «Беларусь», побач з ЦУМам і ля гандлёвага цэнтра «Юбілейны».

На працягу гэтага этапу выбарчай кампаніі рэгулярна прыходзілі паведамленні аб тым, што ва ўстановах, бюджэтных арганізацыях і на прадпрыемствах людзей прымушалі падпісвацца за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. У прыватнасці, пра такія факты паведамлялі работнікі дзіцячых садкоў, школ, бібліятэк. Акрамя таго, дзяржаўныя раённыя газеты калі і распавядалі пра збор подпісаў на тэрыторыі свайго раёна (публікацыі на гэтую тэму з'яўляліся вельмі рэдка), то і ў пераважнай большасці выпадкаў - толькі за дзеючага прэзідэнта.

Меліся выпадкі, калі невядомыя людзі спрабавалі сарваць у Брэсце збор подпісаў за Віталя Рымашэўскага або сябры ініцыятыўнай групы гэтага кандыдата не дапускаліся ў завадскія інтэрнаты (у прыватнасці, прадпрыемствы ААТ «Брэсцкі завод бытавой хіміі»). Акрамя таго, падчас аднаго з пікетаў ва Усходнім мікрараёне абласнога цэнтра быў пашкоджаны стэнд з партрэтам прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Яраслава Раманчука.

Увечары 28 кастрычніка на ўездзе ў Брэст здарыўся інцыдэнт з Дзмітрыем Шурхаем, які ўзначальваў у рэгіёне ініцыятыўную групу па зборы подпісаў за Рымашэўскага. Машыну, на якой Шурхай вяртаўся з паездкі па вобласці і вёз падрыхтаваныя да здачы ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі падпісныя лісты за вылучэнне Рымашэўскага, спынілі супрацоўнікі ДАІ. У іх выклікала сумнеў прад'яўленае Шурхаем кіроўчае пасведчанне, пасля чаго актывіста выбарчай кампаніі даставілі ў Маскоўскі РАУС г.Брэста. Дзмітрый Шурхай паспеў паведаміць пра сваё затрыманне свайму сябру Юрыю Бакуру, які забраў з машыны падпісныя лісты за вылучэнне Рымашэўскага. Даведаўшыся пра гэта, міліцыянты распачалі сапраўднае «паляванне» за Бакурам і затрымалі яго праз гадзіну у цэнтры горада. У пастарунку на Юрыя Бакура ніякіх пратаколаў не складалі, прычыну затрыманьня яму не патлумачылі і неўзабаве адпусцілі. Што тычыцца Дзмітрыя Шурхая, то, па яго словах, у Маскоўскім РАУС пра кіроўчае пасведчанне гаворка ўжо не ішла, затое на актывіста збіраліся складаць адміністрацыйны пратакол за нібыта нецэнзурную лаянку і непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўніка міліцыі. Пасля ўмяшальніцтва кіраўніцтва РАУС пратакол складаць не сталі, а самога Шурхая адпусцілі.

У цэлым праверку подпісамі ў тэрытарыяльных выбарчых камісіях абласнога цэнтра паспяхова прайшлі дзесяць прэтэндэнтаў на вышэйшы пост (акрамя Уладзіміра Правальскага): ні ў каго з іх колькасць устаноўленых парушэнняў не перавысіла 15%, што з'яўлялася адной з умоў для будучай рэгістрацыі ў статусе кандыдата.

Агітацыйная кампанія

Напярэдадні рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты брэсцкія ўлады вызначылі месцы, дзе прэтэндэнты могуць размяшчаць агітацыйныя друкаваныя матэрыялы і сустракацца з выбаршчыкамі. Згодна з рашэннем мясцовага гарвыканкама, перадвыбарныя агітацыйныя матэрыялы могуць з'яўляцца на выбарчых участках, рэкламных тумбах, інфармацыйных стэндах жыллёва-эксплуатацыйных службаў, у вітрынах крам (па ўзгадненні з іх кіраўнікамі). У іншых месцах размяшчэнне перадвыбарчай агітацыі «з выкарыстаннем клею і клеючых матэрыялаў» забаронена.

Што тычыцца вызначэння месцаў для правядзення сустрэч кандыдатаў у прэзідэнты РБ і іх давераных асоб з выбаршчыкамі, то гэтым заняліся раённыя адміністрацыі. У выніку найбольш ажыўленыя тэрыторыі ў цэнтры горада ў дазвольны пералік не патрапілі. Так, у Маскоўскім раёне абласнога цэнтра ў ліку месцаў, выдзеленых для правядзення агітацыі, значыліся: алея каля сцэнічнай пляцоўкі парку імя воінаў-інтэрнацыяналістаў (вул. Маскоўская); парк імя Дружбы народаў (вул. Ленінградская); эстрадная пляцоўка ў скверы Паўднёвага гарадка ( вул. Жукава); стадыён «Лакаматыў» (вул. Ціхая); спецыялізаванае стрэльбішча для стральбы з лука (праспект Рэспублікі). Самі жа сустрэчы выбаршчыкаў з прэтэндэнтамі на пасаду кіраўніка дзяржавы і перадвыбарныя сходы можна будзе праводзіць у абласным Палацы культуры прафсаюзаў, Доме культуры «Валынка», клубе на «Вульке» і ў 11-ці навучальных установах.

У Ленінскім раёне спіс дазволеных месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў з мэтай ажыццяўлення перадвыбарнай агітацыі яшчэ меньшы: ён уключае толькі алею парка культуры і адпачынку з боку вуліцы Леванеўскага і асфальтаваную пляцоўку на скрыжаванні вуліц Савецкай і Набярэжнай Францыска Скарыны. У закрытых памяшканнях сустрэчы з кандыдатамі і даверанымі асобамі прадугледжаны ў сямі навучальных установах, клубе ААТ “Брэсцкі завод бытавой хіміі”, Доме культуры чыгуначнікаў і клубе сувязі.

Але ўжо ў разгар агітацыйнай кампаніі ўлады горада сінхронна змянілі свае адпаведныя рашэнні. У абодвух раёнах Брэста (Маскоўскім і Ленінскім) масавыя мерапрыемствы па-за памяшканнямі, мітынгі і пікетаванне стала магчыма праводзіць «у любых прыдатных для гэтых мэтаў месцах», за выключэннем тэрыторый мастоў, пуцеправодаў, праезнай часткі аўтамабільных дарог, а таксама на адлегласці менш за 50 метраў ад будынкаў мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, консульскіх устаноў, судоў, органаў пракуратуры, тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абароназдольнасць, бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва. Акрамя таго, у Ленінскім раёне г.Брэста існуе забарона для выкарыстання ў агітацыйнай кампаніі плошчаў Леніна, Свабоды, мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой» і тэрыторыі ў радыусе менш за 200 метраў ад будынка тэлерадыёкампаніі «Брэст». Што тычыцца спісу закрытых памяшканняў, дзе можна сустракацца з кандыдатамі ў прэзідэнты РБ і іх даверанымі асобамі, то яны зменам не падвергліся.

Былі зафіксаваны выпадкі, калі мясцовыя ўлады перашкаджалі распаўсюджванню інфармацыі пра прыезд ў Брэст альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты і іх сустрэчах з выбаршчыкамі. У прыватнасці, беспаспяховымі сталі спробы праанансаваць візіты Яраслава Раманчука і Віталя Рымашэўскага ў некаторых мясцовых СМІ (там спаслаліся на тэхнічныя прычыны і немагчымасць распаўсюджваць такога роду інфармацыю), а таксама з дапамогай аб'яў па радыё на рынках горада і ў цэнтральным універмагу. Кіраўніцтва Брэсцкага дзяржуніверсітэта ў асобе рэктара ВНУ Мечыслава Часноўскага адмовілася даць памяшканне для сустрэчы кандыдата ў прэзідэнты Уладзімера Някляева са студэнтамі і выкладчыкамі, спаслаўшыся на напружаны навучальны працэс, перагружанасць навучальных плошчаў і рамонт у будынку універсітэта.

У той жа час у агітацыі за Аляксандра Лукашэнку былі задзейнічаны непаўналетнія дзеці, як гэта здарылася ў перапынку футбольнага матчу паміж камандамі «Дынама» (Брэст) і «Белшына» (Бабруйск), калі адбылося ўзнагароджанне пераможцаў чэмпіянату горада сярод дзяўчынак і хлопчыкаў у розных узроставых групах. Дзеці выйшлі на ўзнагароджанне ў адмысловых майках, дзе партрэт Аляксандра Лукашэнкі суправаджаўся подпісам “Наш прэзідэнт!” Як высветлілася, ідэя правесці падобную агітацыю на футбольным матчы належыла сябру ініцыятыўнай групы дзейнага прэзідэнта, дэпутату Брэсцкага гарсавета Георгію Дарбуашвілі. Спроба праваабаронцаў дабіцца рэагавання на гэты факт парушэння заканадаўства з боку пракуратуры і ЦВК апынулася беспаспяховай.
Дзяржаўныя газэты ў гэты перыяд таксама не хавалі свайго прадузятага стаўлення да асоб кандыдатаў, публікуючы выключна станоўчыя матэрыялы пра дзеючага прэзідэнта і замоўчваючы выступы і заявы іншых прэтэндэнтаў (альбо вышукваючы ў іх суцэльны негатыў).

 Выбары і падлік галасоў

Выбарчая кампанія запомнілася і тым, што ў двух раёнах Брэсцкай вобласці (Жабінкаўскім і Столінскім) ўсе ўчасткі для галасавання былі абсталяваныя празрыстымі скрынямі. Акрамя таго, такія скрыні з'явіліся і ў іншых раёнах, аднак у самім абласным цэнтры сітуацыя былі іншымі. Так, прадпрымальнік Мікалай Савейка выказаў гатоўнасць за кошт уласных сродкаў аплаціць набыццё для ўчастковай выбарчай камісіі № 116 Маскоўскага раёна г.Брэста дзвух празрыстых скрыняў для галасавання, аднак усе спробы паразмаўляць на гэтую тэму з кіраўніцтвам выбаркама заканчваліся нічым. Нарэшце старшыня камісіі, дэпутат Брэсцкага гарсавета, дырэктар дзіцячага садка-школы № 1 Таццяна Мосіна адказала прадпрымальніку наступным чынам: “Участковая комиссия не возражает против Вашего предложения изготовить, доставить, оплатить и своевременно установить ящики для предварительного голосования, для голосования по месту нахождения избирателя и стационарный ящик для голосования в день выборов. При этом просим Вас представить в комиссию данные о предприятии-изготовителе, сертификат качества предоставляемого оборудования и соответствия его санитарно-гигиеническим требованиям”. Такі адказ не мог не выклікаць у Мікалая Савейка здзіўлення: да прыкладу, чаму менавіта ён, а не прадпрыемства, павінен прадставіць сертыфікаты якасці і адпаведнасці?

Што тычыцца працэдуры датэрміновага галасавання, то калі ўсе альтэрнатыўныя кандыдаты і прадстаўнікі іх выбарчых штабоў настойліва прапаноўвалі жыхарам Брэстчыны прыйсці на выбарчыя ўчасткі толькі ў дзень выбараў, то абласная газета «Заря» размясціла на сваіх старонках заклік галасаваць датэрмінова. У гэтым нумары газеты былі прыведзены і такія думкі выбаршчыкаў, якія вырашылі зрабіць выбар яшчэ да 19 снежня: «никаких очередей, шума и столпотворения, от которых городскому человеку хочется отдохнуть в воскресенье», «если верить синоптикам, на выходные грядут сильные морозы, поэтому предпочел проголосовать пораньше», «всегда хочется использовать выходные дни «по полной», съездить к родителям, например, или переделать домашние дела», «зачем ждать 19 декабря, если я давно сделал свой выбор?» Зыходзячы з прыведзеных меркаванняў, не цяжка зрабіць выснову , што ў многіх выбаршчыкаў няма аб'ектыўных прычын для галасавання датэрмінова, аднак газетная публікацыя толькі садзейнічае гэтай працэдуры.

Назіральнік Андрэй Магер, які прысутнічаў пры апламбіраванні скрыняў для датэрміновага галасавання на ўчастку № 111 у Брэсце, праз два дні заўважыў, што пячатка і ліст паперы з подпісамі сябраў выбарчай камісіі размяшчаюцца ў іншым месцы на скрыні, чым у першы дзень датэрміновага галасавання. Андрэй Магер выказаў здагадку, што выбарчая скрыня ўскрыта, аднак старшыня камісіі на гэтым участку спрабавала запэўніць назіральніка, што пячаткі на тым жа месцы, а назіральнік проста памыляецца. Тым не менш, Магер, пасля кансультацыі з юрыстамі, дакументальна падрыхтаваў акты аб парушэнні выбарчага заканадаўства і адправіў іх у пракуратуру і Цэнтрвыбаркам.
Іншы факт быў выяўлены на выбарчым участку № 97 на вуліцы Лакціёнава ў Брэсце. Калі датэрміновае галасаванне скончылася, назіральнікі Кацярына Шэлест і Дзяніс Турчаняк, што ажыццяўлялі кругласутачнае назіранне, выявілі, што да будынка школы, дзе размяшчаецца гэты ўчастак, пад'ехаў аўтамабіль "жыгулі". З яго выйшлі два чалавекі, якія затым накіраваліся да будынка школы і, па версіі назіральнікаў, увайшлі менавіта ў тое памяшканне, дзе размяшчалася скрыня для датэрміновага галасавання. Адзін з незнаёмцаў, які трымаў у руках пакет, пакінуў будынак школы вельмі хутка, а іншы затрымаўся прыблізна на 10 хвілін.

«Праваабаронцы за свабодныя выбары»

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства