ЦВК: перагляд вынікаў выбараў у Вярхоўным судзе немагчымы
Цэнтрвыбаркам Беларусі лічыць немагчымым перагляд Вярхоўным судом свайго рашэньня аб прызнаньні вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў.
"Падобныя
скаргі не падлягаюць разгляду Вярхоўным судом, паколькі вынікі выбараў
падводзіць Цэнтрвыбаркам", – заявіў агенцтву "Інтэрфакс-Захад" сакратар
ЦВК Мікалай Лазавік.
Паводле яго, "па розных фактах у Вярхоўным
судзе могуць абскарджвацца рашэньні, напрыклад, адмова ў рэгістрацыі
кандыдата ў прэзыдэнты". "Але вынікі выбараў падводзіць не суд, а
Цэнтральная камісія, якая валодае для гэтага ўсімі неабходнымі
дакумэнтамі", – сказаў сакратар ЦВК.
Раней экс-кандыдат у
прэзыдэнты Рыгор Кастусёў падаў заяву ў Вярхоўны суд з просьбай
перагледзець рашэньне Цэнтрвыбаркама аб прызнаньні прэзыдэнцкіх выбараў.
Як
паведамілі агенцтву ў прэс-службе Партыі БНФ, у заяве ўтрымліваецца
пералік парушэньняў, якія былі зафіксаваныя назіральнікамі, членамі
выбарчых камісій і даверанымі асобамі кандыдатаў у прэзыдэнты. "У мяне
няма надзеі на справядлівае рашэньне Вярхоўнага суда. Магчыма, маё заяву
нават не будзе прынятая да разгляду. Тым ня менш, я перакананы, што
падаць заяву з просьбай перагледзець рашэньне ЦВК з улікам парушэньняў, я
павінен быў. А рашэньне па маім заяве хай застанецца на сумленьні
беларускіх уладаў ", – працытавалі ў партыі заяву Р.Кастусёва.