Брэсцкі актывіст судзіцца з газетай аблвыканкама
Грамадскі актывіст з Брэста Дзяніс Турчаняк будзе судзіцца з мясцовай газетай «Заря», заснавальнікамі якой выступаюць Брэсцкі аблвыканкам і абласны Савет дэпутатаў.
Нагодай для звароту ў суд стала адмова дзяржаўнага выдання друкаваць платную аб’яву ў часе прэзідэнцкіх выбараў — актывіст заклікаў чытачоў паведамляць пра факты прымусовага ўдзелу ў датэрміновым галасаванні і іншыя парушэнні падчас выбараў.
Галоўны рэдактар «Зари» Аляксандр Іваноў адмовіўся друкаваць абвестку, спаслаўшыся на тое, што такая інфармацыя забаронена для публікацыі. Дзяніс Турчаняк пакінуў запіс у рэдакцыйнай кнізе скаргаў і звярнуўся у суд.
Падчас папярэдняга паседжання, якое адбылося 11 студзеня ў судзе Маскоўскага раёна г. Брэста, сп. Турчаняк запытаў: ці надрукавала б газета такую абвестку, калі б яна зыходзіла ад пракуратуры? «На маё здзіўленне, прадстаўнік рэдакцыі адказаў, што гэтую абвестку таксама б не апублікавалі, — распавёў Дзяніс. — Гэта выглядае смешна, бо менавіта пракуратура сочыць за выкананнем заканадаўства і магла б звярнуцца да грамадзян з такім заклікам».
Адкрытае судовае паседжанне па гэтай справе прызначана на 18 студзеня.