З працы па артыкулу "за прагулы" звольнены Юрась Шпак-Рыжкаў
Сябра Партыі БНФ, які ўваходзіў у склад выбарчай камісіі № 4 Ленінскага раёну Менску, але быў выключаны з яе 17 сьнежня, за 2 дні да асноўнага дня галасаваньня, 10 студзеня звольнены яшчэ і з працы - УП "Менгарсьвятло" па артыкулу - за прагулы без паважных прычынаў.
Пры гэтым, што канкрэтна адміністрацыя прадпрыемства палічыла "прагуламі без паважных прычынаў" у атрыманых дакументах не тлумачыцца. А гісторыя наступная:
Юрась Шпак-Рыжкаў з'яўляўся адным з нешматлікіх прадстаўнікоў дэмакратычных партый, якога ўключылі ў склад участковай выбарчай камісіі. У сувязі з працай у камісіі ён папрасіў у адміністрацыі прадпрыемства прадставіць яму частку чарговага адпачынку, бо мае матэрыяльныя цяжкасці з тым, каб браць неаплочваемы адпачынак, аднак атрымаў адмову. Тым ня менш, ён атрымаў пасьведчаньне сябра УВК і сумленна выконваў сваю працу: удзельнічаў у паседжаньнях камісіі, атрымліваў і пералічваў бюлетэні і г.д. Пасьля таго, як ён сфатаграфаваў вялізныя “дзіркі” ў скрынях для бюлетэняў, праз якія лёгка ўкінуць новыя бюлетэні з “правільнымі” вынікамі галасаваньня, змясціў здымкі ў сваім блогу ды азнаёміў з парушэньнямі міжнародных назіральнікаў з місіі АБСЕ, было прынята незаконнае рашэньне аб адлічэньні сп. Шпака-Рыжкава са складу камісіі.
19 сьнежня дэмакратычны актывіст разам з сотнямі іншых удзельнікаў мірнай акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыяў вынікаў выбараў прэзідэнта Беларусі быў затрыманы. На наступны дзень судзьдзя Завадскога райсуду Лапцева пакарала Юрася Шпака-Рыжкава па ч.1 арт. 23.34 КаАП адміністрацыйным арыштам на 10 сутак.
Па вызваленьні з турмы № 8 г. Жодзіна, дзе адбываў пакараньне сябра Партыі БНФ, яму была выдадзена даведка, але дата 20 сьнежня не значылася як дзень арышту, бо гэта быў дзень судовага разгляду справы. Аднак ужо ў гэты дзень 20 сьнежня адміністрацыя УП "Менгарсьвятло" за подпісам дырэктара С.С.Грыневіча накіравала ўведамленьне ў прафкам дзеля атрыманьня згоды на звальненьне за прагулы без паважных прычын, а таксама ўведамленьне па месцы жыхарства працаўніка:
"З 15 сьнежня 2010 году да 13-00 гадзінаў 17 сьнежня 2010 году Вы адсутнічалі на працоўным месцы. Сваю прычыну адсутнасьці на працы тлумачыце тым, што Вы з'яўляецеся сябрам участковай камісіі № 4 па выбарам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, аднак ніякіх афіцыйных апраўдаўчых дакументаў Вы так і не прадаставілі.
20 сьнежня 2010 году Вы таксама не з'явіліся на працу. Дадзеным лістом паведамляю Вам, што 20 сьнежня 2010 году у камітэт прафсаюзу прадпрыемства "Менгарсьвятло" накіравана ўведамленьне з просьбай даць згоду на звальненьне Вас па п.5 арт. 42 Працоўнага кодэксу РБ - за прагулы без паважных прычынаў. Прашу з'явіцца ў аддзел кадраў альбо ў аддзел эксплуатацыйна-тэхнічнага і гаспадарчага абслугоўваньня з пісьмовым тлумачэньнем з нагоды Вашай адсутнасьці на працы".
Як вынікае з афіцыйнай паперы, працу ў выбарчай камісіі партыйнаму дзеячу палічылі за прагулы. Цікавы тэкст даведкі, выдадзеных сп. Шпак-Рыжкаву для прадастаўленьня адміністрацыі прадпрыемства "Менгарсьвятло" старшынёй камісіі Натальляй Вяроўка: "Даводжу да вашага ведама, што сябра участковай выбарчай камісіі № 4 Ленінскага раёну г. Менску Шпак-Рыжкаў Юры Аляксандравіч з 14.12.2010 г. па 16.12.2010 г. прыходзіў на участак па ўласнай ініцыятыве, па-за графікам. Час ягонага знаходжаньня на выбарчым участку № 4 не адсочваўся, бо не было неабходнасьці ў ягонай прысутнасьці". Што тут можна яшчэ дадаць - яскравы прыклад апраўдаўчага дакументу.
Другая даведка падпісаная начальнікам аддзела арганізацыйна-кадравай работы Піскуновым і "выдадзена грамадзяніну Шпак-Рыжкаву Юрыю Аляксандравічу ў тым, што ён быў запрошаны і знаходзіўся на паседжаньні адміністрацыі Ленінскага раёну г. Менску 17 сьнежня з 11-00 да 12-00. Рашэньнем Адміністрацыі Ленінскага раёну № 1398 ад 17.12.2010 спынены паўнамоцтвы Шпака-Рыжкава Юрася, як сябра участковай выбарчай камісіі № 4 Ленінскага раёну сталіцы па выбарам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на падставе парушэньня арт.36 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь”.
На паседжаньні прафкаму 29 сьнежня пытаньне аб звальненьні Юрася Шпак-Рыжкава не разглядалася па прычыне ягонага знаходжаньня за кратамі, аднак 10 студзеня прафкам амаль аднагалосна (толькі адзін прагаласаваў супраць) пагадзіўся на звальнеьне свайго працаўніка, не ўдаючыся ў акалічнасьці справы.
"Прафкам, які павінен бараніць мае правы, фактычна пераламаў мне хрыбет, бо куды я цяпер з такім запісам у працоўнай кніжцы пайду ўладкоўвацца, хто мяне возьме? - кажа сп. Шпак-Рыжкаў. - Да таго мяне звольнілі цалкам беспадстаўна, за сумленную працу, а не за гультайства, што з'яўляецца перасьледам за мае погляды".
Па словах звольненага актывіста дэмакратычнага руху, ён абавязкова будзе дамагацца аднаўленьня на працы праз суд.
Падрабязнасьці свайго звальненьня і фота дакументаў актывіст апісаў у сваім блогу: Шостае палітзвальненье. Аднак і характар! альбо Нататка пра калябарантоў*