viasna on patreon

БХК просіць Вярхоўны суд прызнаць выбары прэзідэнта Беларусі несапраўднымі

2011 2011-01-17T10:43:55+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Беларускі Хельсінкскі камітэт (БХК) просіць Вярхоўны суд прызнаць несапраўднымі выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Як паведаміў БелаПАН юрыст гэтай рэспубліканскай праваабарончай арганізацыі Гары Паганяйла, дакумент накіраваны ў суд 10 студзеня. Адказ на яго, згодна з законам, павінен быць дадзены на працягу дзесяці дзён.

Тэкст скаргі займае 24 старонкі. БХК прыводзіць шматлікія факты парушэнняў выбарчага заканадаўства, зафіксаваныя назіральнікамі з моманту ўтварэння выбарчых камісій і заканчваючы падлікам галасоў на ўчастках.

У прыватнасці, паведамляе БХК, многія назіральнікі адзначылі выпадкі сур'ёзнага разыходжання звестак аб колькасці выбаршчыкаў, якія прагаласавалі за пяць дзён датэрміновага галасавання, аб'яўленых участковымі камісіямі.

Так, згодна са "Звесткамі аб ходзе датэрміновага галасавання на 18.12.2010 г.", абнародаванымі на афіцыйным сайце ЦВК 19 снежня, агульная колькасць выбаршчыкаў, якія атрымалі бюлетэні за пяць дзён датэрміновага галасавання, склала 1.629.191 чалавек. Аднак звесткі аб выніках галасавання, абнародаваныя ЦВК 20 снежня, утрымліваюць інфармацыю аб тым, што колькасць выбаршчыкаў, якія ўзялі ўдзел у датэрміновым галасаванні (гэта значыць атрымалі бюлетэні), склала 1.798.075 чалавек.

"Розніца паміж першай і другой лічбамі складае 168.884 чалавекі і можа быць растлумачана або тым, што такая колькасць бюлетэняў была ўкінута ў скрыні для датэрміновага галасавання ўжо пасля завяршэння датэрміновага галасавання (гэта значыць пасля 19.00 18 снежня), або было проста прыпісана выбарчымі камісіямі", — лічыць БХК.

Праваабаронцы таксама ўказваюць на "шматлікія выпадкі прымушэння грамадзян і выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу пры зборы подпісаў у падтрымку вылучэння А.Лукашэнкі".

"З сур'ёзнымі адступленнямі ад прадпісанняў Выбарчага кодэкса праходзіла і працэдура падліку галасоў, — адзначаецца ў скарзе. — Большасць назіральнікаў зафіксавалі, што не мелі магчымасці ў поўнай меры назіраць за працэдурай падліку".

БХК лічыць, што "шматлікія выпадкі парушэння заканадаўства, устаноўленыя місіяй нацыянальнага назірання, паўплывалі на вынікі выбараў у цэлым па краіне".

Трэба адзначыць, што 22 снежня БХК накіраваў у Цэнтрвыбаркам скаргу з патрабаваннем адмяніць вынікі прэзідэнцкіх выбараў. ЦВК адмовіўся задаволіць скаргу, назваўшы выкладзеныя ў дакуменце факты непацверджанымі.

Гары Паганяйла назваў адказ ЦВК "фармальнай адпіскай". "Мы ведаем, што нам адмовіць і Вярхоўны суд, — гаворыць юрыст. — Таму што калі даць скарзе ход, то давядзецца прыводзіць аргументы супраць пералічаных намі фактаў, а такіх аргументаў папросту няма".

Урэшце, на думку Паганяйлы, у гэтым ёсць і свой плюс. "Калі нам адмовяць у скарзе, гэта аўтаматычна стане пацвярджэннем таго, што мы маем рацыю. Праведная ўлада заўсёды мае магчымасць даказаць сваю пазіцыю, няправедная — рэагуе так, як гэта адбываецца ў нас", — заявіў юрыст БХК.

Нагадаем, 13 студзеня Мінюст Беларусі вынес пісьмовае папярэджанне БХК за "распаўсюджванне недакладнай інфармацыі, якая дыскрэдытуе праваахоўныя органы і органы юстыцыі рэспублікі".

БХК — адзінае ў Беларусі зарэгістраванае праваабарончае рэспубліканскае аб'яднанне, нагадвае БелаПАН.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства