viasna on patreon

Ацэнка падзеяў, звязаных з выбарамі прэзідэнта: пазіцыя Праваабарончага цэнтра “Вясна”

2011 2011-01-20T11:11:59+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/viasnalogo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Несвабодны характар выбараў як каталізатар масавага пратэсту

Праваабарончы цэнтр “Вясна”, з’яўляючыся адным з суб’ектаў нацыянальнай маніторынгавай місіі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, адзначае некаторыя паляпшэнні падчас асобных этапаў выбарчай кампаніі, аднак у цэлым ацэньвае прэзідэнцкія выбары 2010 года як не адпавядаючыя шэрагу ключавых міжнародных стандартаў дэмакратычнасці выбараў.

Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь не прызнаныя свабоднымі і дэмакратычнымі і міжнароднай місіяй назірання за выбарамі БДІПЧ АБСЕ.

Адзначым, што пачынаючы з 1996 г. усе выбарчыя кампаніі, у тым ліку прэзідэнцкія 2001, 2006 гг., не прызнаваліся АБСЕ адпавядаючымі міжнародным стандартам у галіне свабодных і дэмакратычных выбараў.

Трэба адзначыць, што ўсе выбарчыя кампаніі за апошнія пятнаццаць гадоў, асабліва прэзідэнцкія, маюць загадзя прадказальны характар і даўно ўжо не з’яўляюцца рэальнай формай рэалізацыі грамадзянамі краіны канстытуцыйнага права ўдзелу ў кіраванні краінай і формай рэальнага народаўладззя. У звязку з гэтым палітычныя суб’екты ўспрымаюць выбары хутчэй як палітычную кампанію, а не як рэальную магчымасць змены ўлады шляхам усеагульнага галасавання.

Практычна ўсе выбарчыя кампаніі і рэферэндумы агульнанацыянальнага узроўню (выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, прэзідэнцкія выбары) заканчваюцца акцыямі пратэсту супраць іх недэмакратычнага і несвабоднага характару. Нягледзячы на мірны характар гэтых сходаў, органы міліцыі жорстка падаўляюць такія выступы. Іх удзельнікі падвяргаюцца адміністратыўным арыштам, збіццю. Нярэдкія выпадкі прыцягнення да крымінальнай адказнасці актывістаў апазіцыі за арганізацыю і ўдзел у такіх акцыях. Так, за арганізацыю мірных акцый пратэсту супраць вынікаў парламенцікіх  выбараў і рэферэндуму аб зменах Канстытуцыі (ліквідацыі абмежавання прэзідэнцкіх тэрмінаў)  да крымінальнай адказнасці за “арганізацыю групавых дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак” былі прыцягнутыя лідэры апазіцыі М.Статкевіч і П.Севярынец.

У 2006 г. за ўдзел у шэрагу мірных акцый пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў да адміністратыўнай адказнасці ў выглядзе арыштаў было прыцягнута больш за 700 чалавек.

Фактычна пасля заканчэння кожных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі адбываюцца арышты асобаў, якія балатаваліся на выбарах у якасці кандыдатаў у Прэзідэнты ці збіралі подпісы за сваё вылучэнне ў якасці кандыдатаў. У 2001 г. быў арыштаваны і прыгавораны  да пазбаўлення волі Міхаіл Марыніч, пасля выбараў 2006 г. да 5,5 гадоў пазбаўлення волі быў прыгавораны адзін з  кандыдатаў  у Прэзідэнты Аляксандр Казулін.

Рэакцыя ўладаў.

Як і падчас прэзідэнцкіх выбараў 2006 г. улады рабілі актыўныя захады па прадухіленні магчымых масавых пратэстаў грамадзянаў супраць несвабодных выбараў.

У гэтых мэтах выкарыстоўваліся дзяржаўныя СМІ, найперш дзяржаўнае тэлебачанне. Грамадзянаў загадзя запалохвалі  правакацыямі, якія нібыта рыхтуюцца апазіцыяй.

10 снежня 2010 г. Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь вынесла пяці кандыдатам у прэзідэнты афіцыйныя папярэджанні аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства. Папярэджанні атрымалі Уладзімір Някляеў, Віталь Рымашэўскі, Мікалай Статкевіч, Яраслаў Раманчук і Андрэй Саннікаў. Нагодай сталі заклікі кандыдатаў да правядзення несанкцыянаванай акцыі на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску пасля заканчэння галасавання 19 снежня 2010 г. Прычым  кандыдаты М.Статкевіч і В.Рымашэўскі такім чынам былі папярэджаныя паўторна. Першае папярэджанне Генапракуратурай было ім  вынесенае за заклікі прыняць удзел у несанкцыянаванай акцыі на Кастрычніцкай плошчы 24 лістапада 2010 года.

На наступны дзень, 11 снежня 2010 г., кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Уладзімір Макей зрабіў афіцыйную заяву, якая была шырака растыражаваная праз дзяржаўныя СМІ. Згодна з ягонай заявай апазіцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты, заклікаючы прыхільнікаў сабрацца ў дзень выбараў 19 снежня на Кастрычніцкай плошчы Мінска, насамрэч рыхтуюць правакацыі, у тым ліку з ужываннем  выбуховых рэчываў. “Цяпер ужо вядома, што яны не збіраюцца мірным чынам праводзіць гэта мерапрыемства і рыхтуюць групы баевікоў. Думаю, што ва ўлады дастаткова сіл і сродкаў, каб адрэагаваць спакойна і годна на падобнага роду сітуацыі”,  – дадаў кіраўнік прэзідэнцкай адмінстрацыі.

Спецыяльную нараду з сілавікамі “па пытаннях бяспекі падчас выбараў” 15 снежня 2010 года правёў А.Лукашэнка, дзе ён заявіў: “Рэакцыя праваахоўных органаў і вайскоўцаў таксама мусіць быць адэкватнай і жорсткай”. Паводле А. Лукашэнкі, “народу ніякая Плошча не патрэбная”, а тыя з лідэраў апазыцыі, якія на яе клічуць, самі “пахаваюцца”. Ён даручыў дзяржаўнаму сакратару Рады бяспекі Леаніду Мальцаву скаардынаваць дзейнасць праваахоўных органаў падчас выбараў.

 Таксама пагражальныя і папераджальныя заявы рабілі старшыня КДБ Вадзім Зайцаў, Генеральны Пракурор Рыгор Васілевіч, Міністр Унутраных справаў Анатоль Куляшоў.

 

Падзеі 19 снежня

Акцыя пратэсту супраць несвабодных выбараў планавалася і анансавалася апазіцыйнымі кандыдатамі ў прэзідэнты як выключна мірны масавы сход. Разам з тым, напярэдадні дня выбараў пачаліся прэвентыўныя затрыманні патэнцыйных удзельнікаў акцыі, што набыло масавы характар у асноўны дзень галасавання 19 снежня: па ўсёй краіне арыштоўваліся, блакаваліся ў кватэрах, здымаліся з транспартных сродкаў і іншым чынам ізаляваліся грамадскія і палітычныя актывісты, давераныя асобы кандыдатаў і сябры перадвыбарчых штабоў. Пра кіруемы і спланаваны характар гэтых дзеянняў сведчаць словы А.Лукашэнкі пасля галасавання на выбарчым участку № 1 у Мінску: “Не перажывайце, нікога сёння на плошчы не будзе”.

Свой намер правядзення акцыі ў выключна мірным рэчышчы ў дзень выбараў выказалі кандыдаты ў прэзідэнты Уладзімір Някляеў, Рыгор Кастусёў, Віталь Рымашэўскі, Алесь Міхалевіч і Яраслаў Раманчук у звароце да Генеральнага пракурора Беларусі, якія быў перададзены ў 16 гадзін. Акрамя патрабавання спыніць прэвентыўныя затрыманні па краіне, кандыдаты прапанавалі Генеральнаму пракурору самому прыйсці на Кастрычніцкую плошчу, каб даць ацэнку дзеянням праваахоўных органаў і дэманстрантаў.

Яшчэ да пачатку акцыі, якая была запланавана на 20 гадзін на Кастрычніцкай плошчы, стала зразумела, што ўлады не збіраюцца дапусціць масавага і доўгатэрміновага пратэсту ў цэнтры сталіцы і маюць свой план развіцця падзеяў.

У 19.10 па дарозе на Кастрычніцкую плошчу быў здзейснены напад супрацоўнікамі спецслужбаў у штацкім на калону прыхільнікаў кандыдата у прэзідэнты Уладзіміра Някляева. Усе прысутныя журналісты былі пакладзеныя тварам у снег, відэаапаратура была наўмысна пашкоджаная. Сам кандыдат быў збіты і з траўмамі дастаўлены ў бальніцу хуткай дапамогі. Падчас нападу былі выкарыстаны выбуховыя пакеты, канфіскавана гукаўзмацняльная апаратура, якая меркавалася быць выкарыстанай на акцыі . Гэта стала сурьёзным сігналам, што спецслужбы дзейнічаюць па загадзя выпрацаваным сцэнары і гатовы да выкарыстання любых незаконных сілавых і правакацыйных дзеянняў. Галоўны пасыл такога развіцця падзеяў быў сфармуляваны ў выказванні А. Лукашэнкі 19 снежня: “Я з бандытамі і дыверсантамі дыялогу не вяду”.

Акцыя пратэсту на Кастрычніцкай плошчы, якая сабрала па розных ацэнках ад 20 да 40 тысяч удзельнікаў, пачалася ў запланаваны час і праходзіла выключна ў мірным рэчышчы, супрацоўнікі міліцыі не перашкаджалі яе правядзенню. Не ўмешвалася міліцыя ў дзеянні дэманстрантаў нават тады, калі калона перакрыла праспект Незалежнасці. Падчас руху ў накірунку плошчы Незалежнасці дэманстранты скандавалі лозунгі, трымалі ў руках сцягі і транспаранты, ніякіх прадметаў, якія б сведчылі пра намеры гвалтоўных дзеянняў, у іх руках не было зафіксавана. На плошчы Незалежнасці каля Дому ўраду ніводзін з прысутных кандыдатаў і іншых выступоўцаў не заклікаў да захопу будынка органа дзяржаўнага кіравання, вялася размова пра перамовы і працяг акцыі пратэсту 20 снежня на гэтай жа плошчы. Разам з тым, у 22 гадзіны, нягледзячы на вялікую канцэнтрацыю сілавых структур, невядомымі былі разбіты дзверы і вокны ў Доме ураду, пры гэтым праваахоўныя органы ніяк не рэагавалі на паводзіны людзей, якія здзяйснялі супрацьпраўныя дзеянні, не спрабавалі іх спыніць і ізаляваць ад іншых дэманстрантаў. Падобныя дзеянні сіл правапарадку сведчаць пра спланаваны і кіруемы характар здзейсненай правакацыі з мэтай апраўдання далейшых сілавых захадаў супраць удзельнікаў акцыі пратэсту.

 

Дзеянні міліцыі

 Па меркаванні назіральнікаў Праваабарончага цэнтру “Вясна” і іншых праваабарончых арганізацыяў, якія ажыцяўлялі назіранне за правядзеннем акцыі 19 снежня на плошчы Незалежнасці, дзеянні міліцыі па сілавому разгону мітынгу мелі відавочна непрапарцыйны характар. У дачыненні да мірных дэманстрантаў, у тым ліку супраць жанчын, непаўнагадовых, ужывалася фізічная сіла і спецыяльныя сродкі ў выглядзе гумавых палак. Гэта прывяло да вялікай колькасці параненых сярод удзельнікаў дэманстрацыі. Дзясяткі параненых былі вымушаныя звярнуцца па медыцынскую дапамогу. Большая частка дэманстрантаў была затрыманая ўжо пасля разгону мітынгу на далёкай адлегласці ад месца яго правядзення.  Таксама вядомыя некалькі выпадкаў затрымання зусім выпадковых людзей.

Вядома, што для сілавога разгону мітынгу былі задзейнічаныя розныя спецыяльныя падраздзяленні міліцыі з розных гарадоў Беларусі, а таксама ваеннаслужачыя тэрміновай службы унутраных войск, слухачы Акадэміі МУС.

Падчас сілавога разгона мітынгу былі збітыя кандыдаты ў прэзідэнты Віталь Рымашэўскі, Андрэй Саннікаў, Рыгор Кастусёў.

Па сведчаннях затрыманых, у дачыненні да іх супрацоўнікамі міліцыі ўжывалася фізічная сіла, а таксама іншыя віды бесчалавечнага абыходжання, яны падвяргаліся абразам і прыніжэнням: людзей кідалі на падлогу машын, пры гэтым супрацоўнікі міліцыі хадзілі па іх спінах, людзям пагражалі фізічнай расправай, абражалі іх годнасць нецэнзурнай лаянкай.

Усе затрыманыя на плошчы дастаўляліся ў РУУСы г. Мінска для складання пратаколаў аб адміністратыўным правапарушэнні па арт. 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь (парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавага мерапрыемства).  Вялікая група затрыманых была дастаўленая адразу ў ЦІП на вул.Акрэсціна ў г.Мінску. У некаторых РУУСах працэдура афармлення складала некалькі гадзінаў і ўвесь гэты час затрыманыя стаялі тварам да сцяны. У ЦІП затрыманыя таксама шмат гадзінаў (да 8 і болей) правялі ў калідоры, стоячы тварам да сцяны, некаторыя з затрыманых чакалі сваёй чаргі ў машынах. Пры гэтым людзям не давалі піць, адзначаліся выпадкі збіцця і абразаў затрыманых з боку супрацоўнікаў міліцыі.

Таксама трэба адзначыць, што міліцыя не паведамляла сваякам затрыманых аб месцы іх знаходжання. Інфармацыя аб тым, у якіх ІЧУ ці ЦІП утрымліваюцца адміністратыўна арыштаваныя. адсутнічала і прадстаўлялася толькі пры непасрэдным тэлефанаванні сваякоў дзяжурным гэтых установаў. Усяго вядома аб чатырох месцах утрымання адміністратыўна  арыштаваных: ІЧУ г.Жодзіна, ІЧУ РУУС Мінскага раёна (жанчыны), ІЧУ г.Мінска і ЦІП ГУУС Мінгарвыканкама на вул.Акрэсціна ў г.Мінску.

Трэба адзначыць, што супрацоўнікі міліцыі пры выкананні сваіх службовых абавязкаў не мелі на вопратцы бэйджаў з прозвішчамі ці індывідуальных нумароў. Гэтая акалічнасць значна ўскладняе ідэнтыфікацыю супрацоўнікаў міліцыі пры высвятленні пытанняў аб перавышэнні імі службовых паўнамоцтваў і парушэнні правоў чалавека, а таксама спрыяе адчуванню беспакаранасці і ананімнасці ў супрацоўнікаў міліцыі.

Даведка: арт. 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь прадугледжвае адміністратыўную адказнасць за парушэнне ўстаноўленага парадку арганізацыі ці правядзення сходу, мітынга, вулічнага шэсця, дэманстрацыі, іншага масавага мерапрыемства ці пікетавання. Артыкул складаецца з трох частак: першая частка прадугледжвае адказнасць для ўдзельнікаў такіх масавых мерапрыемстваў, якія на працягу года не прыцягваліся да адказнасці за такія правапарушэнні. Санкцыя ч.1 арт. 23.34 –папярэджанне, ці штраф у памеры да 30 б.в., ці адміністратыўны арышт да 15 сутак.

Частка 2 прадугледжвае адказнасць для арганізатараў такіх мерапрыемтсваў. Санцыя –штраф у памеры ад 20 да 40 б.в, ці арышт да 15 сутак.

Частка трэцяя для асобаў, якія на працягу году здзейснілі правапарушэнне паўторна. Санкцыя –штраф у памеры ад 20 да 50 б.в., ці арышт да 15 сутак.

Парадак арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў рэгулюецца Законам Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах”.

 

Суды над адміністратыўна затрыманымі за ўдзел у акцыі 19 снежня 2010 году

Усе 9 раённых судоў г. Мінска разглядалі адміністратыўныя справы затрыманых удзельнікаў мітынгу на плошчы Незалежнасці. У выніку было асуджана каля 700 чалавек. Справы разглядаліся суддзёй з удзелам сакратара судовага паседжання. У сярэднім адзін судовы працэс займаў 10-15 хвілінаў. Інфармацыя аб тым, якія суды будуць разглядаць справу той ці іншай асобы, адсутнічала, спісы з прозвішчамі затрыманых адсутнічалі практычна ва ўсіх судах. У  судах Маскоўскага і Савецкага раёнаў  суды прайшлі ў закрытым рэжыме: на іх не дапускалі прадстаўнікоў СМІ, сваякоў затрыманых, прадстаўнікоў грамадскасці. Цяжкасці з доступам у судовыя працэсы былі таксама ў судах Ленінскага, Кастрычніцкага, Партызанскага, Заводскага раёнаў.

Праваабарончым цэнтрам “Вясна” было падрыхтавана больш за 20 скаргаў у Мінскі гарадскі суд на пастановы судоў аб прыцягненні да адміністратыўнай адказнасці і прааналізавана больш за 150 вынесеных судамі пастановаў адносна затрыманых 19 снежня асобаў.

На падставе гэтага аналізу можна зрабіць наступныя высновы:

Усе вынесеныя пастановы выглядаюць аднатыпна. Усе затрыманыя абвінавачваліся ў тым, што прымалі ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу па вул. Савецкая, 11, выкрыквалі лозунгі “Жыве Беларусь!” і “Сыходзь!”, на патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі аб спыненні супрацьпраўных дзеянняў не рэагавалі.

Віна затрыманых у здзяйсненні правапарушэння даказвалася толькі пісьмовымі матэрыяламі па справе: пратаколам аб адміністратыўным правапарушэнні, рапартамі ці пратаколамі апытання сведкаў. У якасці сведкаў выступалі выключна супрацоўнікі міліцыі, прычым у судовае паседжанне яны не выклікаліся і ў якасці сведкаў судом не дапытваліся. Тлумачэнні саміх затрыманых судамі пад увагу не прымаліся і ацэнваліся “крытычна”. Пастановы судоў насілі выключна абвінаваўчы ўхіл, выпадкаў апраўдання судамі хаця б аднаго затрыманага зафіксавана не было. У вынікау былі асуджаныя і асобы, затрыманыя выпадкова падчас масавага захопу верагодных удзельнікаў пасля разгону акцыі.

Некаторыя затрыманыя прызнавалі сваю віну ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу і заяўлялі пісьмовыя хадайніцтвы аб прымяненні пры вынясенні пастановы п.6 арт.6.5 КаАП Рэспублікі Беларусь – прымяненні штрафа ў  памеры ніжэйшага памера, ўстаноўленага санкцыяй адпаведнай часткай арт.23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь. Так, ч.1 арт. 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь не ўтрымлівае ніжэйшага памеру, таму штраф у такім выпадку мусіць скаладаць 0,5 базавых велічынь. Аднак суды ігнаравалі падобныя хадайніцтвы (у тым ліку пісьмовыя)  і выносілі арышты тэрмінам ад 10 да 15 сутак.  Трэба адзначыць, што на працягу 2010 г. да 19 снежня  суды актыўна выкарыстоўвалі дадзеную норму КаАП пры разглядзе адміністратыўных справаў аб парушэннях парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў. Ігнараванне дадзенага палажэнні КаАП судамі пры разглядах справаў удзельнікаў акцыі 19 снежня сведчыць аб тым, што суды кіраваліся хутчэй  адпаведнымі ўказаннямі, а не нормамі права.

Права на абарону. У шэрагу выпадкаў перад пачаткам судовага паседжання суддзі не заўсёды растлумачвалі затрыманым іх правы, прадугледжаныя арт.4.1 ПІКаАП Рэспублікі Беларусь, у тым ліку права на ўдзел абаронцы пры разглядзе адміністратыўнай справы судом.  Калі затрыманыя заяўлялі хадайніцтвы аб удзеле пры разглядзе справы адваката, такая магчымасць прадстаўлялася. Пры гэтым адзначаліся выпадкі, калі затрыманым адмаўлялі ў задавальненні заўяленых хадайніцтваў аб удзеле адваката.

Права на абскарджанне. Большасць асобаў, у дачыненні да якіх былі вынесеныя адміністратыўны арышты, былі пазбаўленыя магчымасці абскардзіць вынесеныя пастановы.

Згодна з арт. 12.2, 12.4  ПІКаАП Беларусі пастанова суда аб накладанні адміністратыўнага спагнання ў выглядзе арышту, як  не ўступіўшая ў законную сілу, можа быць абскарджаная у вышэйстаячы суд на працягу пяці дзён з моманту яе абвяшчэння асобе, у дачыненні да якой яна вынесеная.

Пры гэтым, згодна з ч. 2 арт. 11.12 ПІКаАП Рэспублікі Беларусь, пастанова аб накладанні адміністратыўнага арышту прыводзіцца ў выкананне неадкладна.

Пры склаўшайся сітуацыі атрымліваецца, што пастанова аб накладанні арышту яшчэ не ўступіла ў законную сілу, аднак асоба ўжо адбывае вынесены яму арышт. Пры гэтым, знаходзячыся ў месцах адбыцця пакарання, асобы пазбаўленыя магчымасцяў заключыць дамовы з адвакатамі, аплаціць дзяржаўную пошліну і г.д.

Трэба адзначыць, што ў шэрагу выпадкаў арыштаваныя перадавалі напісаныя імі скаргі адміністрацыі ІЧУ і ЦІП, аднак тыя не заўсёды перадавалі іх у суды. Перададзеныя скаргі у большасці выпадкаў пакідаліся без руху ці вярталіся без разгляду ў сувязі з неаплатай дзяржаўнай пошліны. Гэта прыводзіла да пропуску тэрмінаў, вызначаных ПІКаАП для абскарджання пастановаў, не ўступіўшых у законную сілу. Неабскарджанне пастановы як неўступіўшай у законную сілу пазбаўляла асобу права на далейшая абскарджанне пастановы ў парадку нагляду.

Асуджаным не выдавалі копіі пастановаў, не растлумачвалі права на абскарджанне вынесеных пастановаў.

Пры напісанні скаргаў на вынесеныя пастановы ў Мінскі гарадскі суд юрысты Правабарончага цэнтру “Вясна” прасілі аднавіць тэрміны на абскараджанне ў сувязі з іх пропускам па паважных прычынах. Мінскі гарадкі суд аднаўляў прапушчаныя тэрміны і прымаў скаргі да вытворчасці.

 

Крымінальныя справы

У сувязі з падзеямі, звязанымі з выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь,  узбуджаныя тры крымінальныя справы: па частках 1 і 2 арт.293 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь - “Масавыя беспарадкі”, па ч.3 арт.339 - “Хуліганства”  і арт.370 – “Знявага дзяржаўных сімвалаў”.

Найбольшая колькасць асобаў праходзіць па справе аб “масавых беспарадках”, якая была ўзбуджаная 20 снежня 2010 году ГУУС Мінгарвыканкаму.

Артыкул 293 "Масавыя беспарадкі": 1. Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаюцца гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці, узброеным супрацівам прадстаўнікам улады, караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад пяці да пятнаццаці гадоў. 2. Удзел у масавых беспарадках, які выразіўся ў непасрэдным здзяйсненні дзеянняў, названых у частцы першай дадзенага артыкула, - караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да васьмі гадоў.

Па стане на 19 студзеня 2011 году праваабаронцам вядома пра 32 абвінавачаных і 16 падазраваных па гэтай справе. Сярод абвінавачаных – пяць кандыдатаў у прэзідэнты: Уладзімір Някляеў, Андрэй Саннікаў, Аляксей Міхалевіч, Мікалай Статкевіч і Віталь Рымашэўскі. Акрамя В.Рымашэўскага, які знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе, астатнія кандыдаты ўтрымліваюцца пад вартай у ізалятары КДБ. Яшчэ два кандыдаты ў прэзідэнты – Рыгор Кастусёў і Дзмітрый Ус – з’яўляюцца падазраванымі па гэтай справе, мерай стрымання для іх абраная падпіска аб нявыездзе. Абвінавачанні ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадаках прад’яўленыя таксама кіраўнікам перадвыбарчых штабоў і давераным асобам кандыдатаў, журналістам, актывістам дэмакратычных партый і арганізацый, актыўным удзельнікам акцыі пратэсту 19 снежня. Сярод абвінавачаных – тры жанчыны: жонка кандыдата ў прэзідэнты А.Саннікава, журналістка Ірына Халіп, журналістка Наталля Радзіна і намеснік старшыні "Маладога Фронту" Анастасія Палажанка, а таксама двое грамадзян Расійскай Федэрацыі. З 31 абвінавачанага 28 утрымліваюцца пад вартай, 4 – пад падпіскай аб нявыездзе. З вядомых праваабаронцам 16 падазраваемых 5 утрымліваюцца пад вартай, 9 - пад падпіскай аб нявыездзе, 2 – знаходзіцца па-за межамі краіны; большасць з іх – удзельнікі акцыі пратэсту, якія адбылі адміністратыўныя арышты.

Па інфармацыі ГУУС Мінгарвыканкама, выяўлены каля 120 актыўных удзельнікаў акцыі пратэсту 19 снежня, таму спіс абвінавачаных і падазраваных не закрыты і, хутчэй за ўсё, будзе павялічвацца.

Артыкул 339 "Хуліганства": 1. Наўмысныя дзеянні , якія груба парушаюць грамадскі парадак і выказваюць відавочную непавагу да грамадства, што суправаджаюцца ўжываннем гвалту або пагрозай яго ўжывання або знішчэннем або пашкоджаннем чужой маёмасці або якія адрозніваюцца па сваім змесце выключным цынізмам (хуліганства), - … 2. Хуліганства, здзейсненае паўторна, альбо групай асоб, альбо звязанае з супрацівам асобе, якая прыпыняе хуліганскія дзеянні, альбо спалучанае з прычыненнем менш цяжкага цялеснага пашкоджання (злоснае хуліганства) 3. Дзеянні, прадугледжаныя часткамі першай або другой дадзенага артыкула, здзейсненыя з ужываннем зброі, іншых прадметаў, якія выкарыстоўваюцца ў якасці зброі для прычынення цялесных пашкоджанняў, ужываннем выбуховых рэчываў або выбуховых прылад або  здзейсненыя з пагрозай іх ужывання, пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства (асабліва злоснае хуліганства) - караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў.

Крымінальная справа па ч.3 арт.339 КК РБ была ўзбуджана супраць лідэра “Маладога Фронта” Дзмітрыя Дашкевіча і актывістаў гэтай арганізацыі Эдуарда Лобава і Дзяніса Лазара, якія былі затрыманы ў Мінску 18 снежня 2010 г. Паводле версіі следства, з хуліганскіх меркаванняў яны беспадстаўна і наўмысна, кулакамі і металічным абцугамі збілі двух грамадзянаў. 28 снежня Дзяніс Лазар быў адпушчаны на свабоду, усе падазрэнні з яго былі знятыя; 6 студзеня 2011 года Дзмітрыю Дашкевічу і Эдуарду Лобаву прад'яўлена абвінавачанне, абодва яны ўтрымліваюцца пад вартай у турме г.Жодзіна.

Артыкул 370 “Знявага дзяржаўных сімвалаў”: Знявага Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь,  Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь – караецца грамадскімі працамі, ці штрафам, ці выпраўленчымі працамі на трэрмін да двух гадоў, ці арыштам на тэрмін да трох месяцаў, ці абмежаваннем свабоды на тэрмін да аднаго году.

 Па гэтай справе пакуль няма падазраваных, але супрацоўнікі міліцыі выяўляюць фота- і відэадоказы, на якіх зафіксавана, хто падчас шэсця па праспекце Незалежнасці замяніў на будынку КДБ дзяржаўны сцяг на нацыянальны бел-чырвона-белы. У межах расследавання справы праведзены вобшукі ў некаторых журналістаў, якія маглі мець падобныя фота- і відэаматэрыялы.

Узбуджэнне крымінальнай справы было выкарыстана ўладамі як фармальная нагода для правядзення вобшукаў, выклікаў на размовы і допыты прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі, грамадскіх арганізацый, праваабаронцаў, рэдакцый незалежных СМІ.

За перыяд з 20 снежня па 19 студзеня 2011 году толькі па інфармацыі Праваабарончага цэнтру “Вясна” у Беларусі было праведзена каля 100 вобшукаў.  Адначасова каля 100 грамадзянаў краіны выклікаліся на допыты ў КДБ у якасці сведкаў у межах узбуджанай справы. Вельмі часта грамадзянаў выклікаюць на “размовы” у органы МУС па тэлефонах, матывуючы прычыну выкліку тым, што нумар дадзенага абаненту быў зафіксаваны ў раёне плошчы Незалежнасці 19 снежня. Пры гэтым грамадзянам, як правіла, не растлумачвалі права не даваць тлумачэнні і паказанні супраць сябе. Былі зафіксаваныя факты перашкодаў з боку прадстаўнікоў КДБ і міліцыі аказанню прававой дапамогі грамадзянаў пры правядзенні допытаў і размоваў.

Масштабы правадзімых вобшукаў сведчаць аб тым, што ўзбуджэнне крымінальнай справы было выкарыстана ўладамі Беларусі для кампаніі пераследу і ціску на іншадумцаў у  краіне, стварэння атмасферы страху ў беларускім грамадстве.


Права на абарону абвінавачаных,  ціск на адвакатаў і праваабаронцаў

 Нягледзячы на тое, што арт.48 КПК Рэспублікі Беларусь гарантуе абаронцам права бесперашкодна сустракацца са сваімі падабароннымі сам на сам і канфідыцыйна, без абмежаванняў колькасці і працягласці размоваў, адвакаты большасці абвінавачаных, якія ўтрымліваюцца пад вартай, пазбаўленыя такой магчымасці і бачаць сваіх падабаронных толькі падчас правядзення допытаў. Асноўнай прычынай немагчымасці арганізацыі такіх сустрэчаў адміністрацыя СІЗА КДБ называе малую колькасць вольных памяшканняў, дзе адбываюцца сустрэчы. Нягледзячы на шматлікія скаргі адвакатаў у Генеральную пракуратуру, сітуацыя не змяняецца. Пры гэтым Генеральная пракуратура  і Мінская гарадская пракуратура неаднаразова заяўляі, што ўсім абвінавачаным забяспечанае права на юрыдычную дапамогу. Толькі 17 студзеня 2011 г. пасля неаднаразовых скарагаў у пракуратуру адвакат Уладзіміра Некляева Тамара Сідарэнка атрымала адказ з Мінскай гарадской пракуратуры, ў якім начальніку СІЗА КДБ было прапанавана знайсці магчымасці для забяспячэння правоў адвакатаў на сустрэчы са сваімі падабароннымі.

Каментары адвакатаў сродкам масавай інфармацыі аб немагчымасці сустрэчаў са сваімі падабароннымі, а таксама адносна стану іх здароўя і ўмоваў утрымання выклікалі негатыўную рэакцыю Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Мінюст абвінаваціў некаторых адвакатаў у тым, што іх каментары маюць тандэнцыйны і аднабаковы характар і гэтым яны парушаюць правілы адвакацкай этыкі. У адрас Мінскай гарадской калегіі адвакатаў Мінюст накіраваў прадстаўленне аб разглядзе магчымасці прыцягнення чатырох адвакатаў да дысцыплінарнай адказнасці. Адносна сябра прэзідыума Мінскай гарадской калегіі, адваката А.Саннікава Паўла Сапелкі прапанавана разгледзець пытанне аб прыпыненні ліцэнзіі адваката і мэтазгоднасці ягонага сяброўства ў прэзідыуме.

12 снежня адбылося паседжанне Мінскай гарадской калегіі адвакатаў, на якім было разгледжанае прадстаўленне Мінюста. Кіраўніцтва калегіі не ўгледзела падставаў для ўзбуджэння вытворчасці па прадстаўленні і ўжыванні санкцыяў супраць адвакатаў.

Ціску з боку ўладаў падвяргаюцца і праваабаронцы Беларусі. Так, уначы 20 снежня 2010 г. асобамі ў цывільным быў праведзены несанкцыянаваны вобшук на офісе ПЦ “Вясна”, у выніку якога былі канфіскаваныя ўсе сістэмныя блокі кампутараў. 10 асбоў, у тым ліку юрысты Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч, былі затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі і дастаўленыя ў Першамайскі РУУС г.Мінска, дзе яны правялі больш за тры гадзіны і былі вызваленыя без тлумачэнняў прычынаў іх затрымання.

5 студзеня вобшук быў праведзены на офісе БХК. 17 студзеня на офісе ПЦ “Вясна” быў праведзены паўторны вобшук. 19 студзеня вобшук быў здзейснены на офісе Цэнтра правоў чалавека.

Таксама вобшукі былі праведзеныя ў прыватных памяшканнях праваабаронцаў Алены Танкачовай, Алега Гулака, Алеся Бяляцкага, Алеся Капуцкага (Маладэчна) і Раісы Міхайлоўскай.

Акрамя таго, 13 студзеня Мінюст вынес пісьмовае папярэджанне БХК за зварот, накіраваны ад імя арганізацыі спецыяльнаму дакладчыку ААН па незалежнасці судоў, у якім праваабаронцы апісвалі факты ціску на адвакатаў з боку Мінюста. Міністэрства юстыцыі расцаніла  інфармацыю БХК, накіраваную ў міжнародныя арганізацыі, як тую, якая неаб'ектыўна адлюстроўвае працу дзяржаўных і праваахоўных органаў па падтрыманні ў рэспубліцы стабільнасці і правапарадку, наўмысна скажае рэальную абстаноўку ў краіне, як спробу дыскрэдытаваць Рэспубліку Беларусь у вачах сусветнай грамадскасці.

Высновы:

 - Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь не з’яўляліся свабоднымі і дэмакратычнымі. Вынікі выбараў, абвешчаныя ЦВК, ніякім чынам не адлюстроўваюць рэальнага волевыяўлення грамадзян Беларусі.

- Акцыя пратэсту па выніках недэмакратычных і несвабодных выбараў мела мірны характар. Грамадзяне, якія сабраліся ў цэнтры Мінска, мелі мірныя мэты і імкнуліся мірным шляхам выказаць сваё меркаванне і пратэст.

- Інцыдэнт з біццём шыбаў у будынку Дома ўраду не быў прадухілены органамі аховы правапарадку. Дэманстратыўнае бяздзеянне органаў МУС, якія ў вялікай колькасці былі сканцэнтраваны на плошчы Незалежнасці, указвае на арганізаваную ўладамі правакацыю, якая была выкарыстаная для сілавога разгону мітынгу і арыштаў больш за 700 яго ўдзельнікаў.

- Дзеянні органаў міліцыі пры разгоне дэманстрацыі мелі відавочна непрапарцыйны характар. Ужыванне фізічнай сілы і спецсродкаў прывяло да вялікай колькасці параненых удзельнікаў мірнай акцыі пратэсту.

- Напад прадстаўнікоў спецслужбаў у цывільным на кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева і ягоных прыхільнікаў меў відавочна правакацыйны, пазапраўны характар.

- Збіццё і арышт фактычна ўсіх кандыдатаў у прэзідэнты, якія апаніравалі А.Лукашэнку на выбарах, з’яўляецца нічым іншым як палітычнай расправай.

- Узбуджэнне КДБ крымінальнай справы па ч.1 і 2 арт.293 Крымінальнага кодэксу (масавыя беспарадкі) выкарыстоўваецца выключна для працяглай ізаляцыі лідэраў апазіцыйнага дэмакратычнага руху, а таксама ў мэтах ціску і запалохвання ўсёй незалежнай грамадзянскай супольнасці краіны, незалежных журналістаў і СМІ, праваабаронцаў, а таксама ўсіх іншадумцаў у краіне.

- Пачынаючы з 19 снежня 2010 г., у краіне назіраецца рэзкае павелічэнне хвалі палітычна матываваных  рэпрэсіяў і фактаў парушэння правоў чалавека. Назіраецца вяртанне ўладаў Беларусі да жорсткіх і рэпрэсіўных метадаў уздзеяння на структуры палітычных партый, грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ.

- Колькасць палітычных вязняў у краіне дасягнула рэкорднай за перыяд 16-гадовага кіравання А.Лукашэнкі колькасці і спіс увязненных яшчэ не закрыты.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства