Чаму адвакатам і сваякам не паказваюць палітвязняў?
Ніводнаму са сваякоў арыштаваных не дазволілі спаткання. Спатканняў не далі нават адвакатам. Некаторыя з іх бачылі сваіх падабаронных падчас допыту, але далёка не ўсе. Большасць адвакатаў наведалі сваіх падабаронных апошні раз 29 снежня.
І ўсё ж за апошнія пяць дзён некалькім сваякам арыштаваных пашчасціла атрымаць ад іх лісты. Арыштаваныя, як адзін, пішуць пра “курортныя” ўмовы і просяць перадаць рэчы, якія і без таго сваякі ўжо даўно перадалі. Што гэта? Нейкі знак сваім, што ліст пішацца пад кантролем і гэта ёсць нейкая ўмова, каб яго нарэшце перадалі адрасату? Ці гэтыя лісты пісаліся іншымі людзьмі, якія падрабілі почырк? Адказ на гэтыя пытанні дало б спатканне з арыштаванымі. Але дагэтуль усім -- і сваякам, і адвакатам -- адмаўляюць у спатканнях. Нічога не паведамляецца і пра тое, як сябе адчувае Мікола Статкевіч, які ад 20 снежня распачаў галадоўку, патрабуючы прызнаць выбары несапраўднымі. Чаму яго нельга паказаць адвакату, хаця станам Статкевіча заклапочаны і сваякі, і аднадумцы, і калегі-партыйцы з розных краін?
У КДБ проста адмовіліся адказваць на гэтыя пытанні і даць хоць якую-небудзь інфармацыю.
Палітык Вінцук Вячорка звяртае ўвагу на дату. Лісты ад некаторых палітвязняў з’явіліся напярэдадні сесіі Еўрапарламента ў Страсбургу.
-- Мяркую, што без міжнароднага ціску не было б нават і гэтых лістоў. Мы ж ведаем, што такое “без права перапіскі”, -- гаворыць Вячорка. -- І невыпадкова гэтую справу вядуць дастойныя нашчадкі Леніна і Дзяржынскага. Трэба ж было з іх боку даць хоць што-небудзь перад пасяджэннем Еўрапарламента, зрабіць выгляд, што ёсць нейкія крокі да лібералізацыі, -- вось і дазволілі выйсці некалькім лістам. Але ўжо не тая сітуацыя, і больш на міжнародную супольнасць такая дэманстрацыя не спрацуе.
Чаму не паказваюць людзей? Не толькі таму, што ім пляваць на Асноўны закон -- Канстытуцыю -- і на іншыя законы, паводле якіх кожны чалавек мусіць знаходзіцца ў годных умовах і г.д. Гэта сведчыць, што справай кіруе адзін чалавек. 16-гадовы досвед паказвае, што ніякая дэмакратызацыя ці лібералізацыя пры ім немагчымая. Тое, што адбываецца зараз, -- гэта сапраўдная сутнасць рэжыму.
Дарэчы, далёка не ўсе сваякі 33 вязняў “амерыканкі”, якіх арыштавалі пасля выбараў і атрымалі лісты.
Любоў Арастовіч, жонка даверанай асобы Мікалая Статкевіча Алеся Арастовіча, не мае ніякіх звестак пра свайго мужа. Яна вельмі непакоіцца, бо Алесь мае праблемы са здароўем: у яго цукровы дыябет. Яна ўпэўнена, што муж абавязкова распачаў бы галадоўку ў турме, калі б не гэтая хвароба, якая ў такім выпадку азначае для чалавека смерць.
“Апошні раз я бачыла свайго мужа 19 снежня, дома. Яго арышт стаў для мяне поўнай нечаканасцю, -- расказвае Любоў Арастовіч. -- Ён мне патэлефанаваў увечары 19-га і сказаў, што ён ужо ў метро і едзе дадому. Пра тое, што яго затрымалі, я даведалася позна ўначы. Муж паспеў мне патэлефанаваць. Раніцай -- новы званок. Мужчынскі голас. Следчы КДБ сказаў мне, што Алесь у следчым ізалятары, што яго затрымалі на 72 гадзіны. Паколькі ён дыябетык, то следчы сказаў, каб мы прынеслі яму таблеткі і цёплыя рэчы. Мы пабеглі туды, але там нам сказалі, што ні Арастовіча ў іх няма, ні следчы з такім прозвішчам не працуе. Два дні мы з сынам шукалі Алеся.
Спачатку, як нам параілі ў КДБ, паехалі на Акрэсціна. Там не знайшлі. Затым выправіліся ў Жодзіна, але і там пошукі былі безвыніковымі. Тады напісалі заяву ў міліцыю, што знік чалавек. І толькі пасля гэтага ўчастковы ўвечары патэлефанаваў і сказаў, што хутчэй за ўсё Алеся трымаюць у КДБ, паколькі ў міліцэйскіх спісах яго няма.
Наступным днём у КДБ нас зноў развярнулі: “Вы што?! У нас сур’ёзная арганізацыя. Вам жа кажуць, што няма яго ў нас і следчага такога тут ніколі не было”. А на наступны дзень прызналі, што і Алесь быў там ад самага пачатку, і следчы гэты працуе... Так што лекі мы перадалі.
Самога Алеся я не бачыла і ніводнага ліста не атрымала. Я ўпэўнена, што муж мне піша, але нічога не выпускаюць. Пэўна, што і яму не перадалі ніводнага ліста. Чаму? Каб зламаць, каб выбіць патрэбныя ім паказанні? Чаму ж яшчэ?”
Ці паўплываюць рашэнні Еўрапарламента на сітуацыю з палітвязнямі? Ці выканаюць улады патрабаванні Еўропы, у тым ліку -- тэрмінова адпусціць арыштаваных за ўдзел у выбарчай кампаніі? Чакаць адказу давядзецца нядоўга. А пакуль у КДБ чэргі. Адны гадзінамі сядзяць у прыёмным пакойчыку ў спадзяванні на спатканне, іншыя -- каб перадаць перадачу.