ЦВК РФ засакрэціў разгромную для Лукашэнкі справаздачу аб прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі
Назіральнікі ад ЦВК Расеі, якія сачылі за ходам выбараў прэзідэнта Беларусі, пасля вяртання на радзіму не падзяліліся ўражаннямі аб убачаным, як гэта адбываецца звычайна. Уражанні гэтыя былі негатыўнымі, але Масква вырашыла прызнаць вынікі галасавання, піша ў панядзелак газета «Ведамасці».
Расказ аб выніках назірання быў спачатку адкладзены да наступнага пасяджэння камісіі (на пасяджэнні 23 снежня Чураў патлумачыў, што яго намесніку Леаніду Іўлеў, што ўзначальваў дэлегацыю, трэба падрыхтавацца і абагульніць атрыманую інфармацыю), а потым перанесены на студзень. «Мы старанна вывучым усе акалічнасці», — тлумачыў Чураў.
Але прэзідэнту аб высновах назіральнікаў далажылі. Акрамя таго, як паведаміла «Расійская газета», ўражаннямі ад паездкі Іўлеў падзяліўся на закрытай сустрэчы з кіраўнікамі прэс-службаў выбаркамаў. Ён адзначыў, што ў Беларусі «выбаркамы знаходзяцца пад выразным кантролем органаў выканаўчай улады», а многія рэчы беларускім заканадаўствам наогул не рэгулююцца — напрыклад, працэдура падліку галасоў падрабязна не рэгламентаваная, бюлетэні пасля падліку складаюць у агульную кучу, а не раскладваюць асобнымі стосамі, як ў Расіі.
На пытанне журналістаў, ці будзе публічны даклад па выніках місіі назірання, Іўлеў адказаў, што паспеў ужо ўсё забыцца. Сябра ЦВК Ігар Барысаў адзначае, што такія справаздачы не з’яўляюцца абавязковымі.