Марцін Угла: “Зараз трэба патрабаваць вызвалення палітвязняў, але гэтага не дастаткова…”
Марціну Углу, старшыні шведскай ініцыятывы за дэмакратыю і правы чалавека Östgruppen, напачатку снежня мінулага году, падчас выбарчай кампаніі, Амбасада Рэспублікі Беларусь у Стакгольме адмовіла ў візе. Гэта была ўжо чацвертая адмова беларускіх уладаў у візе для Марціна Углы. Апошні раз ён змог наведаць нашу краіну ў чэрвені 2006 году.
Арганізацыя Östgruppen заўсёды пільна сочыць за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі і аператыўна рэагуе на іх парушэнні. Шведскія праваабаронцы займаюць цвёрдую пазіцыю ў падобных пытаннях і рашуча выступаюць у падтрымку прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, якія падпадаюць пад рэпрэсіі за сваю прыхільнасць да дэмакратыі.
Не засталіся па-за ўвагай Östgruppen прэзідэнцкая кампанія-2010 і паслявыбарчыя падзеі ў нашай краіне. У інтэрв’ю Марцін Угла выказвае свой погляд на цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі і дае ацэнку таго становішча, у якім зараз вымушаны працаваць беларускія праваабаронцы.
- Спадар Марцін, падчас кампаніі па выбарах прэзідэнта ў Беларусі беларуская амбасада ў Стакгольме адмовіла Вам у візе. Ці было гэтае рашэнне для Вас нечаканасцю?
- Я магу сказаць, што гэта прадказальнае рашэнне. Гэта ўжо не першая адмова мне ў візе. І я ведаю, што беларускім уладам не вельмі падабаецца тая крытыка, якую я рэгулярна выказваю наконт сітуацыі ў Беларусі. Таму для мяне гэта было прадказальна, але, тым не менш, вельмі шкада, што так атрымалася.
- Напэўна, нават не патрапіўшы ў Беларусь, Вы сачылі за выбарчай кампаніяй у нашай краіне, паколькі Беларусь – адзін з напрамкаў працы Östgruppen. Як Вы ацэньваеце прэзідэнцкія выбары-2010 і якія аспекты для Вас як праваабаронцы тут найбольш важныя?
- Відавочна, што гэтыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі ішлі з масавай фальсіфікацыяй. На маю думку, вельмі важна адзначыць, што фальсіфікацыя гэта адбывалася не толькі ў дзень галасавання. Часам забываецца, што гэта працэс, і цягам усяго гэтага працэсу мы рэгулярна бачылі, як гэта ўсё створана для таго, каб дапамагчы Лукашэнку перамагчы на выбарах.
- Падзяліцеся, калі ласка, сваім уражаннем ад таго, што здарылася ў Менску ўвечары 19 снежня…
- Трэба сказаць, што гэта быў шок. І неяк дзіўна, што рэжым пайшоў на такія гвалтоўныя акцыі супраць дэманстрантаў. Канешне, вельмі хвалюе тое, што адбылося і зараз адбываецца ў Беларусі, то бок што працягваецца гэта хваля рэпрэсій. Паўтаруся, гэта вельмі хвалюе. І ў дадзенай сітуацыі вельмі важна рэакцыя з боку міжнародных структураў, каб гэта не прайшло без увагі.
- А што зараз кажуць менавіта ў Вашай краіне пра Беларусь?
- У Швецыі зараз вельмі актыўна абмяркоўваюць сітуацыю ў Беларусі. Ідзе гаворка пра магчымыя санкцыі, пра тое, як увогуле Швецыя павінна ставіцца да беларускага рэжыма. Хачу адзначыць, што такога актыўнага абмеркавання ўжо даўно не было ў Швецыі. Гэта паказвае, што шведы сёння якраз цікавяцца тым, што адбываецца ў Беларусі і ўсхваляваныя гэтымі падзеямі.
- На дадзены момант сітуацыя ў Беларусі вельмі напружаная, грамадзянская супольнасць знаходзіцца пад прыцэлам уладаў. Як Вы ацэньваеце становішча, у якім апынуліся беларускія праваабаронцы і іх працу ў гэтых умовах?
- Сітуацыя гэта вельмі непакоіць. З аднаго боку, гэта зразумела, што праваабаронцы зараз падвяргаюцца рэпрэсіям, паколькі менавіта праваабаронцы вельмі актыўна працавалі для таго, каб выбары былі справядлівыя, каб людзі маглі выказацца свабодна. Раз гэта хваля рэпрэсій ідзе, што зусім не прымальна, трэжба абараніць праваабаронцаў, таму што менавіта іх праца вельмі важная для таго, каб сітуацыю ў Беларусі нармалізаваць.
- Якім чынам еўрапейскія праваабаронцы зараз могуць паўплываць на сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі і чым могуць дапамагчы сваім беларускім калегам?
- Па-першае, трэба вельмі дакладна выказаць сваё меркаванне і ўплываць на сваіх палітыкаў, каб яны прынялі жорсткае рашэнне і выказаліся вельмі рашуча ў адрас Беларусі. Гэта такая палітычная падтрымка, якая зараз вельмі важная. Па-другое, важна, каб паміж намі была цесная сувязь, каб мы маглі дапамагаць распаўсюджваць інфармацыю пра тое, што адбываецца. І па-трэцяе, трэба як мага больш, канешне, дапамагчы практычным чынам, каб спрасціць увогуле працу беларускіх праваабаронцаў.
- Сёння найбольш актуальнае пытанне пра санкцыі Еўрасаюза ў дачыненні да афіцыйнага Менска. Якую пазіцыю займаеце Вы ў гэтым пытанні?
- Сапраўды, трэба зноў увесці санкцыі. Іншае пытанне – як гэтыя санкцыі сфармуляваць, распрацаваць. Гэта крыху складанае пытанне: з аднаго боку хочацца як мага больш уплываць на тое, каб у Беларусі адбыліся сапраўдныя змены. Я лічу, што зараз трэба патрабаваць вызвалення палітвязняў, але гэтага не дастаткова. Трэба, каб ва ўмовах былі патрабаванні пра сапраўдныя, сістэмныя, змены заканадаўства беларускага, каб у будучым не магчыма было вярнуцца да новых рэпрэсій. Я маю на ўвазе, напрыклад, артыкул 193-1, які ўвогуле забараняе людзям свабодна збірацца ў арганізацыях. Ёсць яшчэ і іншыя заканадаўчыя меры, якія трэба мяняць, каб па-сапраўднаму змяніць сітуацыю.