viasna on patreon

Толькі салідарнасць дапаможа журналістам і праваабаронцам

2011 2011-01-28T12:50:48+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Пра гэта 27 студзеня на прэс-канферэнцыі казалі прадстаўнікі Міжнароднай назіральнай місіі Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі Вікторыя Громава і Мікаэл Даніэлян, а таксама віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі і старшыня ГА «БАЖ» Жанна Літвіна.

«Я хачу падкрэсліць важнасць салідарнасці, якую выказваюць праваабаронцы, людзі, якія працуюць у Місіі, з беларускім грамадствам, з нашымі журналісцкімі і праваабарончымі арганізацыямі. Гэта дадатковы чалавечы, прафесійны патэнцыцял, гэта магчымасць узважваць нашы ацэнкі і быць вельмі дакладнымі ў нашых высновах. І самае галоўнае — гэта дазваляе нам пачувацца часткай міжнароднай праваабарончай і журналісцкай супольнасці.

Адно з першых патрабаванняў — гэта вызваленне палітзняволеных. Другое патрабаванне — спыніць хвалю рэпрэсій. Мы стаміліся больш за месяц уздрыгваць ад шорахаў у пад’ездзе і чакаць, што зараз табе пазвоняць у дом, зараз да цябе прыйдуць у офіс, і пачнецца адбіранне тэхнікі ці выклікі на допыты.

Прайшоў пэўны час, мы крыху адышлі ад шоку, і зараз прыспела пара вельмі мудрых, вельмі вывераных крокаў у адстойванні нашага права на прафесію, у адстойванні нашага права атрымліваць інфармацыю і працаваць на дэманстрацыях, у месцах, дзе адбываюцца нейкія грамадска значныя падзеі. Адстойваючы сваё права, мы адстойваем правы нашых людзей, нашага грамадства на інфармацыю. А гэта самае галоўнае.

Сёння мы фіксуем незвычайны ўсплёск запатрабаванасці неадцэнзураванай інфармацыі, якая выгадна адрозніваецца ад навалы прапагандысцкіх аўдыё-, відэа- і друкаваных матэрыялаў…»

Адказваючы на пытанні журналістаў, Жанна Літвіна закранула і тэму канфлікту паміж супрацоўнікамі СМІ і праваахоўнымі органамі.

«Сутнасць канфлікту палягае ў тых падзеях, якія адбываліся яшчэ напярэдадні дня выбараў. Мы звярталіся да міністра ўнутраных справаў спадара Куляшова з заклікам — правесці тлумачальную работу сярод асабістага складу, які будзе забяспечваць парадак 19 снежня, і паведаміць нам у пісьмовай форме пра вынікі той працы.

19-га ні я асабіста, ні мае калегі не заўважылі прадстаўнікоў такой новаўведзенай службы, як „прэс-афіцэры“. Міністэрства замежных спраў часова акрэдытавала тут 420 журналістаў, якія прыехалі менавіта на гэтую выбарчую кампанію. Нават калі думаць пра бяспеку гэтых нашых калег, якія часова знаходзяцца ў нашай краіне, то гэтая служба павінна была забяспечыць элементарныя ўмовы і правілы працы гэтых журналістаў. Мы нідзе не бачылі тых супрацоўнікаў міліцыі, якія б папярэджвалі выпадковых людзей ці журналістаў, што зараз пачнуцца пэўныя падзеі, таму пакіньце гэтае месца. Усё гэта было элементарна праігнаравана.

Тое, як абыходзіліся з журналістамі 19 снежня, — гэта беспрэцэдэнтны выпадак у гісторыі беларускай журналістыкі такога яшчэ не было. Хаця варта ўзгадаць падзеі дзесяці- ці сямігадовай даўніны, калі разам з удзельнікамі дэманстрацыі было затрымана шмат журналістаў. Тады былі іншыя часы, тады быў магчымы дыялог, тады кіраўніком нашай гарадской міліцыі быў спадар Тарлецкі, і я памятаю паседжанне сесіі гарсавета, на якой была магчымасць давесці кіраўнікам праваахоўных органаў: мы, журналісты, — на працы! Тады ж дэманстраваўся наш бэдж са словам „Прэса“, напісаным буйнымі літарамі для асабліва „сляпых“.

Я думаю, пераламіць гэтую сітуацыю мы можам толькі разам. Прымусіць сябе паважаць, каб такое ніколі больш не паўтаралася, забараніць нас біць, забараніць пашкоджанне апаратуры, з якой выходзяць журналісты.

Дарэчы, у Крымінальным кодэксе ёсць 198-ы артыкул, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за перашкоду законнай журналісцкай прафесійнай дзейнасці, якая суправаджаецца пашкоджаннем тэхнікі і гэтак далей. Нам патрэбна вельмі дакладная фактура, і я не выключаю зваротаў з патрабаваннем узбудзіць крымінальную справу супраць тых прадстаўнікоў улады, якія ў дачыненні да нас парушылі гэты артыкул Крымінальнага кодэксу…»

«Такіх нападаў на журналістаў і праваабаронцаў у СНД яшчэ не было»

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства