Кастуся Шыталя спрабуюць знайсці докшыцкія міліцыянты
Журналіста нашага сайту Кастуся Шыталя зноў спрабуе знайсці міліцыя. Супрацоўнікі "праваахоўных" органаў цікавяцца назіраннем за выбарамі, якім займаўся актывіст.
28 студзеня міліцыянт прыйшоў у дом, дзе Кастусь Шыталь прапісаны. Дзверы адчыніў яго дзед, Іван Кісель, які паведаміў міліцыянту, што Кастусь не жыве па гэтым адрасе. Міліцыянт сказаў, што прыйшоў "паразмаўляць".
Потым гэты ж міліцыянт прыйшоў у Крулеўшчынскую школу, дзе працуе настаўніцай маці Інэса Шыталь, маці Кастуся. Ён распытваў жанчыну аб перадвыбарчым назіранні, якім займаўся Кастусь. Пытаўся, хто накіроўваў яго назіраць і ці заўважыў Кастусь якія парушэнні. Спадарыня Інэса адказала, што не ведае ніякіх падрабязнасцяў аб грамадскай актыўнасці сына.
Падчас прэзідэнцкіх выбараў, якія праходзілі 19 снежня 2010 года, Кастусь Шыталь быў незалежным назіральнікам на ўчастку для галасавання №2, які месціўся ў СШ№2 Глыбокага. Там ён стаў сведкам нахабнай фальсіфікацыі пры падліку галасоў, пра што паведаміў сродкам масавай інфармацыі.