Адгалоскі выбараў: звольнены дацэнт Магілёўскага дзяржуніверсітэта харчавання
Пётр Мігурскі, дацэнт Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта харчавання, кандыдат эканамічных навук, ад пачатку лютага з'яўляецца беспрацоўным. Падчас нядаўняй выбарчай кампаніі актывіст руху БНФ «Адраджэньне» з’яўляўся даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева. А на этапе збору подпісаў ён падтрымліваў шэраг незалежных кандыдатаў - У. Някляева, А. Саннікава, В. Рымашэўскага і Г. Кастусёва. Неўзабаве выкладчык быў пастаўлены перад выбарам: "альбо мы працуем у вну, альбо займаемся палітыкай".
Дарэчы, рэктар універсітэта, у якім яшчэ нядаўна працаваў дэмакратычны актывіст, падчас выбараў таксама не стаяў у баку ад палітыкі - ён з’яўляўся даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты А. Лукашэнкі.
Пётр Мігурскі мяркуе, што звальненне планавалася нават некалькі раней за люты, але гэтага не дазваляў закон. Ды і пры дэфіцыце кадраў, які на сённяшні дзень адчуваецца ў адукацыйнай сферы ў Беларусі, проста выкінуць на вуліцу выкладчыка з вучонай ступенню кандыдата эканамічных навук - напэўна, вельмі накладна і для навучальнай установы і для эканамічнай галіны.
- Грашыць супраць кіраўніцтва ўніверсітэта я не буду. Мне былі створаны добрыя ўмовы для працы. Асаблівых прэтэнзій у свой адрас я не адчуваў, таму сказаць нешта дрэннае пра дэкана, дапусцім, ці пра рэктара я не магу, - адзначае П. Мігурскі. - Мне як выкладчыку таксама прэтэнзіі ніхто не прад'яўляў і прад'явіць не маглі. Наадварот, кожны месяц нейкія прэміі давалі, за што я таксама ўдзячны свайму кіраўніцтву, пачынаючы з загадчыка кафедры.
Аднак 31 студзеня кіраўніцтва выклікала выкладчыка Мігурскага на размову:
- Мне было сказана: "ці мы працуем у вну, ці займаемся палітыкай". Я выбраў другое. Таму напісаў заяву і сышоў. Гэта было распараджэнне звыш, наколькі я зразумеў. Уласна кажучы, кіраўніцтва было загнана ў такія рамкі: альбо камусьці з іх сыходзіць са свайго месца, альбо прапанаваць гэта мне. Тым больш, што са мной ужо праводзіліся папярэднія гутаркі наконт таго, ці буду я ўдзельнічаць у палітычных мерапрыемствах - вядома ж буду. У дадзеным выпадку ў мяне прэтэнзій да кіраўніцтва універсітэта няма - іх вымусілі мяне звольніць.
Пётр Мігурскі працаваў на кантрактнай аснове і ён проста напісаў заяву з просьбай звольніць яго па пагадненні бакоў. Такая фармулёўка пры звальненні выключае магчымасць абскарджання.