viasna on patreon

ААН у абарону палітзняволеных і праваабаронцаў у Беларусі

2011 2011-02-22T11:42:26+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Наванетхем Пілэй выказала глыбокую заклапочанасць прыгаворам Васілю Парфянкову, які быў прыгавораны да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму па абвінавачанні ва ўдзеле ў масавых беспарадках у Мінску 19 снежня.

"Судовы пераслед і пакаранне асабліва трывожныя з улікам таго, што разам з дзясяткамі іншых актывістаў ён паўстаў перад судом за рэалізацыю свайго права на свабоду мірных сходаў і выказвання", — прыводзіць словы Пілэй сайт Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека. 

Паводле яе слоў, утрыманне пад вартай палітычных апанентаў, пераслед грамадзянскай супольнасці і запалохванне незалежных СМІ з'яўляецца сур'ёзным парушэннем правоў чалавека.

Пілэй адзначыла, што ў Беларусі тэрміны і ўмовы ўтрымання пад вартай да суда не адпавядаюць стандартам Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. У прыватнасці, сказала яна, пытанне аб працягу тэрміну ўтрымання пад вартай вырашае пракурор, а не суддзя.

"Мы таксама атрымалі інфармацыю аб тым, што працягваецца запалохванне адвакатаў, якія аказвалі прававую дапамогу затрыманым і журналістам", — сказала вярхоўны камісар. Яна звярнула ўвагу на тое, што Міністэрства юстыцыі Беларусі анулявала ліцэнзіі сама меней тром адвакатам, якія "абаранялі лідараў апазіцыі і журналістку".

Пілэй заявіла аб працягу палітычнага і адміністрацыйнага націску на праваабаронцаў і НДА, уключаючы арышты, допыты, вобыскі, канфіскацыю матэрыялаў, запалохванні з мэтай недапушчэння кантактаў з міжнароднымі і міжурадавымі арганізацыямі.

"Праваабаронцы павінны мець магчымасць выконваць сваю працу ў бяспечным асяроддзі, не рызыкуючы сабой і не баючыся рэпрэсій, запалохвання, пагроз і чапляння ярлыкоў, — падкрэсліла Пілэй. — Дзяржавы павінны абараняць праваабаронцаў, журналістаў і грамадзянскую супольнасць ад пагроз, помсты і націску, якія з'яўляюцца вынікам іх законнай дзейнасці па абароне правоў чалавека".

Наванетхем Пілэй заклікала беларускія ўлады вызваліць палітзняволеных, у тым ліку былых кандыдатаў у прэзідэнты, і выконваць міжнародныя абавязацельствы ў галіне правоў чалавека. Яна адзначыла адсутнасць належнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Камітэтам ААН па правах чалавека.

Сітуацыю ў Беларусі 13 лютага ў Маскве абмеркавалі Наванетхем Пілэй і прадстаўнікі міжнароднай наглядальнай місіі Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі.

Камісару былі перададзеныя матэрыялы місіі па становішчы праваабаронцаў, адвакатаў і журналістаў у Беларусі, падрыхтаваныя сумесна з беларускімі арганізацыямі.

Пілэй паведаміла, што сочыць за сітуацыяй у Беларусі. Яна выказала гатоўнасць уважліва вывучаць матэрыялы і рэкамендацыі па паляпшэнні становішча з правамі чалавека ў Беларусі, паведамілі прадстаўнікі місіі.

19 лютага Аляксандр Лукашэнка заявіў, што "пляваць хацеў" на каментары Захаду. "Гэта злыя і непрыстойныя людзі", — сказаў ён.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства