АБСЭ крытыкуе беларускія выбары ў выніковай справаздачы
Прэзыдэнцкія выбары 19 сьнежня 2010 года ў
Беларусі былі адзначаныя "недахопам незалежнасьці і бесстароннасьці
выбарчых камісіяў", няроўнымі ўмовамі кандыдатаў і дэфіцытам празрыстасьці
ў ключавых стадыях выбарчага працэсу.
Пра гэта гаворыцца ў выніковай справаздачы місіі назіральнікаў Бюро па
дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЭ, апублікаванай 22
лютага.
"Ноч пасьля выбараў была азмрочаная затрыманьнем амаль усіх кандыдатаў у
прэзыдэнты, а таксама сотняў грамадзян, у ліку якіх журналісты, праваабаронцы і
прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці", — гаворыцца ў справаздачы.
Справаздача адзначае, што большасьць затрыманых удзельнікаў
"несанкцыянаванай, як растлумачылі беларускія ўлады, акцыі" былі
прыгавораныя судамі да адміністрацыйных арыштаў і штрафаў.
Акрамя таго, была распачатая крымінальная справа па факце масавых беспарадкаў.
Дзесяткі чалавек, у іх ліку былыя кандыдаты ў экс-прэзыдэнты знаходзяцца пад
вартай дасюль. “Усе гэтыя акалічнасьці падарвалі давер да выбараў", —
гаворыцца ў заключэньні місіі.
У справаздачы адзначаюцца станоўчыя зьмены.
У студзені 2010 года ў Выбарчы кодэкс Беларусі быў унесены шэраг паправак
паводле рэкамендацыяў БДІПЧ АБСЭ, у тым ліку пункты аб дэбатах кандыдатаў у
дзяржаўных СМІ, магчымасьці стварэньня кандыдатамі індывідуальных выбарчых
фондаў, новыя інструкцыі па датэрміновым галасаваньні.
"Але прававыя рамкі ўсё яшчэ не цалкам адпавядаюць абавязаньням у межах
АБСЭ і міжнародным стандартам і па-ранейшаму маюць сур'ёзныя недахопы", —
адзначаецца ў дакумэнце.
Акрамя таго, застаецца праблемай якасьць і дакладнасьць выбарчых сьпісаў, бо не
існуе цэнтралізаванага і камп'ютарызаванага рэгістру. Складаньнем сьпісаў
займаюцца адпаведныя органы мясцовай улады ў кожным раёне, а падрыхтаваныя
сьпісы выбаршчыкаў пасьля гэтага не пераправяраюцца на рэгіянальным і
нацыянальным узроўні, што не дае гарантыі пазьбегнуць магчымасьці шматразовай
рэгістрацыі і ў выніку стварае рызыку шматразовага галасаваньня, лічаць у БДІПЧ
АБСЭ.
У параўнаньні з папярэднімі выбарчымі кампаніямі БДІПЧ адзначае паляпшэньні, бо
кандыдаты мелі магчымасьць сустракацца з выбаршчыкамі, але не было роўных умоў
паміж дзевяцьцю альтэрнатыўнымі кандыдатамі і дзейным прэзыдэнтам, які
выкарыстоўваў адміністрацыйны рэсурс. Працэс праверкі подпісаў за кандыдатаў не
быў адкрыты і празрысты.
Акрамя таго, паводле місіі, дзяржаўныя СМІ пры асьвятленьні выбарчай кампаніі
не былі аб'ектыўныя і незалежныя.
У справаздачы адзначаецца, што ў Беларусі няма эфэктыўнага мэханізму падачы
скаргаў у часе выбарчай кампаніі ці абскарджваньня вынікаў выбараў у Вярхоўным
судзе.
БДІПЧ падкрэсьлівае, што падлік галасоў міжнародныя назіральнікі характарызуюць
як "дрэнны ці вельмі дрэнны" амаль на 75% наведаных імі ўчастках.
"Падлік галасоў праводзіўся ў цішыні, у нетранспарэнтнай манеры, што
сур'ёзна ставіць пад сумненьне вынік", — гаворыцца ў справаздачы.