viasna on patreon

Місія БДIПЧ АБСЕ прадставіла выніковую справаздачу назірання за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі

2011 2011-02-25T13:46:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Як вынікае з даклада, выбары былі адзначаны “недахопам незалежнасці і бесстароннасці выбарчых камісій”, няроўнымі ўмовамі кандыдатаў і дэфіцытам празрыстасці ў ключавых стадыях выбарчага працэсу.

“Ноч пасля выбараў была азмрочана затрыманнем амаль усіх кандыдатаў у прэзідэнты, а таксама сотняў грамадзян, у ліку якіх журналісты, праваабаронцы і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці”, — гаворыцца ў справаздачы.

Назіральнікі адзначаюць, што большасць затрыманых удзельнікаў “несанкцыянаванай, як растлумачылі беларускія ўлады, акцыі” былі прыгавораны судамі да адміністрацыйных арыштаў і штрафаў.

Акрамя таго, была распачата крымінальная справа па факце масавых беспарадкаў. Дзясяткі чалавек, у іх ліку былыя экс-кандыдаты ў прэзідэнты знаходзяцца пад вартай дасюль. “Усе гэтыя акалічнасці падарвалі давер да выбараў”, — гаворыцца ў заключэнні місіі.

Таксама ў справаздачы адзначаюцца і станоўчыя змены. Так, звяртаецца ўвага на тое, што ў студзені 2010 года ў Выбарчы кодэкс Беларусі быў унесены шэраг паправак паводле рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ, у тым ліку пункты аб дэбатах кандыдатаў у дзяржаўных СМІ, магчымасці стварэння кандыдатамі індывідуальных выбарчых фондаў, новыя інструкцыі па датэрміновым галасаванні. Тым не менш “прававыя рамкі ўсё яшчэ не цалкам адпавядаюць абавязацельствам у межах АБСЕ і міжнародным стандартам і па-ранейшаму маюць сур’ёзныя недахопы”, адзначаецца ў дакуменце.

Акрамя таго, застаецца праблемай якасць і дакладнасць выбарчых спісаў, бо не існуе цэнтралізаванага і камп’ютарызаванага рэгістру. Складаннем спісаў займаюцца адпаведныя органы мясцовай улады ў кожным раёне, а падрыхтаваныя спісы выбаршчыкаў пасля гэтага не пераправяраюцца на рэгіянальным і нацыянальным узроўні, што не дае гарантыі пазбегнуць магчымасці шматразовай рэгістрацыі і ў выніку стварае рызыку шматразовага галасавання, лічаць у БДІПЧ АБСЕ.

Акрамя таго, паводле місіі, дзяржаўныя СМІ пры асвятленні выбарчай кампаніі не былі аб’ектыўныя і незалежныя.

У справаздачы адзначаецца, што ў Беларусі няма эфектыўнага механізму падачы скаргаў у час выбарчай кампаніі ці абскарджвання вынікаў выбараў у Вярхоўным судзе.

БДІПЧ падкрэслівае, што падлік галасоў міжнародныя назіральнікі характарызуюць як “дрэнны ці вельмі дрэнны” амаль на 75% наведаных імі ўчастках. “Падлік галасоў праводзіўся ў цішыні, у нетранспарэнтнай манеры, што сур’ёзна ставіць пад сумненне вынік”, — гаворыцца ў справаздачы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства