viasna on patreon

“Праваабарончая хроніка”: БХК і “Вясна” супольна асвятляюць сітуацыю з правамі чалавека

2011 2011-03-15T17:31:53+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/viasnalogo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі значна пагоршылася. На працягу трох паслявыбарчых месяцаў праваабаронцамі фіксуецца рэзкі рост палітычна матываваных  рэпрэсій, шматлікія факты ігнаравання і абмежавання асноўных правоў і свабод. Улады Беларусі дэманструюць адкрыты курс на ўжыванне жорсткіх і рэпрэсіўных метадаў уздзеяння ў адносінах да палітычных апанентаў, іншадумцаў, структур палітычных партый, грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ. Колькасць палітычных вязняў у краіне дасягнула рэкорднай за перыяд 16-гадовага кіравання А.Лукашэнкі колькасці, і гэты спіс працягвае павялічвацца.

У сувязі з сітуацыяй, якая склалася ў краіне, асаблівае значэнне набывае сталы грамадзянскі кантроль і своечасовае інфармаванне ўсіх зацікаўленых асоб і устаноў, нацыянальнай і міжнароднай супольнасці, СМІ аб сітуацыі з правамі чалавека. Кіруючыся такой пазіцыяй і з мэтай павышэння эфектыўнасці, Праваабарончы цэнтр “Вясна” і РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт” аб’ядноўваюць свае магчымасцы па зборы, аналізе і распаўсюдзе праваабарончай інфармацыі. З 15 сакавіка вынікі супольнай працы ў інфармацыйнай сферы будуць прадстаўлены пад назвай: “Праваабарончая хроніка”.

У сваёй працы РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт” і Праваабарончы цэнтр “Вясна” адкрыты для супрацоўніцтва з усімі зацікаўленымі няўрадавымі арганізацыямі і ініцыятывамі, журналістамі, а таксама дзяржаўнымі арганізацыямі.

 

Алесь Бяляцкі, Праваабарончы цэнтр “Вясна”

Алег Гулак, РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства