Мікола Статкевіч пацьвердзіў факт катаваньняў у СІЗА КДБ
Міколу Статкевіча дапыталі ў справе катаваньняў у СІЗА КДБ.
Алега Гнедчыка прымушаюць пісаць ліст аб памілаваньні. Алег Федаркевіч
скардзіцца на пагаршэньне здароўя. Васіль Парфянкоў працуе на рамонце
памяшканьняў турмы.
У шклоўскай турме днямі дапыталі былога кандыдата на прэзыдэнта Міколу
Статкевіча ў справе расьсьледаваньня факту катаваньняў зьняволеных у
СІЗА КДБ. Расьсьледаваньне праводзіць вайсковая пракуратура. Пра допыт
"Свабодзе" паведаміла жонка палітвязьня Марына Адамовіч.
"Мы былі там у пятніцу разам з адвакатам, і яна была на допыце з гэтай
нагоды — расьсьледаваньня фактаў катаваньняў у КДБ. Усе факты,
выкладзеныя ягонымі папярэднікамі, ён пацьвердзіў. Выглядае ён добра:
бадзёры, упэўнены ў сабе".
Таксама ў Шклове адбывае пакараньне яшчэ адзін асуджаны за ўдзел у акцыі
пратэсту 19 сьнежня — Алег Гнедчык. Паводле маці, Валянціны Пятроўны,
на яго і іншых палітвязьняў зноў ціснуць, каб пісалі заявы аб
памілаваньні. Гаворыць Валянціна Гнедчык:
"На іх быў псыхалягічны ціск, каб яны пісалі лісты на памілаваньне — іх
жа там, здаецца, пяць чалавек. Канечне, ніхто такіх лістоў пісаць і не
зьбіраўся і, нібыта, усё перапынілася. Але пазьней ізноў пачалося гэтае
ўзьдзеяньне, каб пісалі аб памілаваньні. У чым яно выяўлялася, гэтае
ўзьдзеяньне — магчыма, не аддавалі лістоў, ці яшчэ як — ня ведаю. Хоць
бы маё сэрца ўсё гэта вытрывала".
Валянціна Гнедчык таксама паведаміла, што лістуецца зь сябрам свайго
сына — Васілём Парфянковым, які адбывае 4 гады турмы ў Воршы:
"Вася мне піша кожны тыдзень — ён малайчына,
аптыміст. Піша, што ўсё ў яго добра, што працуе — робіць рамонты ў
камэрах. Нават мяне яшчэ падтрымліваў. Калі лістоў ад Алега не было, я
Васю пра гэта пісала. І ён мяне супакойваў, што, Валянціна Пятроўна, не
хвалюйцеся, усё наладзіцца. Словам, Вася малайчына — ён ня нудзіцца".
Напрыканцы ліпеня ў магілёўскую турму быў пераведзены яшчэ адзін
палітвязень Алег Федаркевіч. Падчас сустрэчы ён паведаміў сваякам, што
ўмовы ўтрыманьня сталі лепшымі, чым у СІЗА, але за час зьняволеньня
пагоршылася здароўе, кажа сваячка Вольга Ўладзіміраўна:
"Скардзіўся, што баліць сэрца. Гэта падчас сядзеньня ў зьняволеньні
пачалося, бо раней ён на сэрца ніколі ня скардзіўся, толькі зараз.
Нічога, акрамя вітамінаў зь мінэраламі, не прасіў, ніякіх лекаў, але на
сэрца скардзіцца".
50-гадовы Алег Федаркевіч мусіць яшчэ заставацца ў турме амаль тры гады:
за ўдзел у акцыі пратэсту 19 сьнежня яго асудзілі на 3,5 года
зьняволеньня.