Польская салідарнасць з Іванам Шылам
14 лютага, за дзьве гадзіны да ўручэння прэміі Маладога Фронту “Люблю Беларусь”, беларускім спецназам быў затрыманы салігорскі маладафронтавец Івана Шыла, які з’яўляўся асноўны арганізатарам мерапрыемства. Яго арышт і зняволенне ў турме на 22 дні выклікалі хвалю салідарнасці ў Польшчы, дзе маладзён навучаецца апошнія два гады.
Першым за маладзёна заступіўся польскі еўрадэпутат Марэк Мігальскі, які накіраваў міністру замежных спраў Польшчы Радаславу Сікорскаму і амбасадару Польшчы ў Беларусі Лешэку Шарэпку лісты з заклікам паўплываць на вызваленне маладафронтаўца. Адмысловы ліст да Радаслава Сікорскага з просьбаю ўмяшацца ў справу накіраваў таксама прафесар Веслаў Баныш - рэктар Універсітэту Сілезіі ў Катовіцах, студэнтам якога з’яўляецца Іван Шыла.
У аўторак, 21-га лютага, Незалежная асацыяцыя студэнтаў Універсітэту Сілезіі пры падтрымцы рэдакцыі парталу “Усходні Карэспандэнт” ды офісу еўрапаламентара Марэка Мігальскага зладзяць акцыю салідарнасці з Іванам Шылам перад рэктаратам універсітэту. Удзельнікі акцыі будуць раздаваць улёткі ды заахвочваць студэнтаў пакінуць свае допісы на паштоўках, якія пасля вышлюць маладафронтаўцу ў ЦІП на Акрэсціна. У гэты ж час адбудзецца флэш-моб для Івана, удзельнікі якога збяруцца разам з белымі і чырвонымі паветранымі шарамі і ўздымуць беларускі нацыянальны сцяг.
Акрамя таго старшыня Студэнцкага самакіравання Юрыдычнага факльтэту ўніверсітэту Сілезіі Дагмара Лукасек звярнулася да дэкана факультэта з просьбай дазволіць Івану працягнуць вучобу пасля выхада з турмы. Прымаючы пад увагу асаблівае становішча маладзёна, кіраўніцтва факультэту задаволіла просьбу студэнцкага самакіравання і пагадзілася падоўжыць Івану Шыла сэсію ды працягнуць праз гэта яго навучанне пасля вяртання ў Польшчу.