viasna on patreon

Гамяльчукі скардзяцца ў Камітэт па правах чалавека ААН на парушэнне свабоды мірных сходаў

2012 2012-02-27T13:42:45+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/aan-logo.gif Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

27 лютага гомельскія праваабаронцы Анатоль Паплаўны і Леанід Судаленка накіравалі скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН. Заяўнікі лічаць, што іх правы на свабоду мірных сходаў і выказванне меркаванняў, прадугледжаныя артыкуламі 19 і 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, былі парушаны беларускімі ўладамі.

 22 лістапада 2010 года Анатоль Паплаўны і Леанід Судаленка звярнуліся ў Гомельскі гарвыканкам за дазволам на правядзенне пікету, прымеркаванага да Дня правоў чалавека. Гарадскія ўлады масавае мерапрыемства не дазволілі. Усе суды – раённы, абласны, Вярхоўны, дзе абскарджвалі дадзенае рашэнне праваабаронцы, сталі на бок уладаў.

У скарзе ў Камітэт па правах чалавека ААН заяўнікі звяртаюць увагу, што ў амаль 500-тысячным горадзе Гомелі ўлады вызначылі толькі адно месца для правядзення пікетаў і мітынгаў, а за правядзенне мірных сходаў грамадзяне, згодна рашэнню гарвыканкама, павінны яшчэ і заплаціць — міліцыі, хуткай дапамозе і камунальным службам.

Анатоль Паплаўны і Леанід Судаленка лічаць, што РБ не выконвае свае міжнародныя абавязкі, паколькі нацыянальны закон «Аб масавых мерапрыемствах» утрымлівае двухсэнсоўныя і расплыўчатыя нормы, якія могуць тлумачыцца і тлумачацца па-рознаму.

Леанід Судаленка і Анатоль Паплаўны просяць Камітэт ААН устанавіць факт парушэння правоў грамадзян з боку дзяржавы і параіць беларускаму ўраду прывесці закон «Аб масавых мерапрыемствах» у адпаведнасць міжнародным абавязкам.

З падобнай скаргай 23 лютага звянулася ў Камітэт па правах чалавека  ААН і сябра АГП з Гомеля Зінаіда Шуміліна. У лютым 2011 года яна і яшчэ 12 чалавек падалі заяўкі на правядзенне ў Гомелі пікетаў з мэтай прыцягнення ўвагі да палітычнага пераследу былых кандыдатаў ў прэзідэнты, якія пасля выбараў трапілі ў турмы. Гарвыканкам адмовіў у правядзенні масавых мерапрыемстваў, а суды — ад раённага да Вярхоўнага, сталі на бок гарвыканкаму. Зінаіда Шуміліна лічыць, што дзяржава, а ў прыватнасці, Гомельскі гарвыканкам, парушае сваім рашэннем аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў фундаментальныя правы грамадзян.

Дарэчы, напярэдадні Новага 2012 году грамадская актывістка з Гомелю Марыся Тульжанкова атрымала адказ з Камітэту па правах чалавека ААН. Камітэт устанавіў, што правы Тульжанковай, прадугледжаныя артыкулам 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах (права на свабоду мірных сходаў), былі парушаныя дзяржавай. У сакавіку 2008 году актывістка была затрымана міліцыяй, калі раздала мінакам віншавальныя паштоўкі з Днём Волі і запрашэннем узяць удзел 25 сакавіка ў святкаванні памятнай даты. Правёўшы двое сутак у ІЧУ, Марыся Тульжанкова была пакарана штрафам. Скаргі Марысі ў абласны і Вярхоўны суды не мелі плёну. Прайшло амаль тры гады перш як зварот быў разгледжаны. Паводле рашэння Камітэту па правах чалавека ААН, беларускія ўлады павінны апублікаваць дадзенае рашэнне, прывесці нацыянальнае заканадаўства ў адпаведнасць з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах і забяспечыць пацярпелай кампенсацыю нанесенай шкоды.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства